“Прывезлі сёлета мой тавар?” – штораз падчас свята горада Смаленска мясцовая жанчына шукае ў радах рамеснікаў ушацкіх майстроў Мурашовых і задае ім гэтае пытанне. Гараджанка збірае калекцыю іх фірменных драўляных “камянёў” – як і многія, яна лічыць іх магнетычнымі. “Калі бярэш у рукі гэты выраб, адчуваеш жывую энергію дрэва і цеплыню далоняў майстра, які гадзінамі шліфаваў яго паверхню”, – тлумачыць яна сваё захапленне.
І калі спачатку на падобных выставах-кірмашах у асноўным свае работы дэманстравалі старэйшыя прадстаўнікі творчага сямейства – разьбяр і мастачка Вячаслаў і Вольга Мурашовы – то зараз справу падхапілі і развілі іх сын і нявестка – Павел і Ганна. А сакрэт чароўных камянёў бацька перадаў таленавітаму нашчадку. Некалі, разглядаючы элегантныя вузкія вазы і мудрагелісты посуд Вячаслава, меркавала, што паўтарыць такое іншаму чалавеку немагчыма, а нядаўна ўбачыла падобныя драўляныя шэдэўры, вырабленыя рукамі Пашы. Своеасаблівым прызнаннем яго майстэрства стаў і той факт, што дзіцячая школа мастацтваў заказала ў яго выраб падрамнікаў для мастацкага аддзялення.
А пачалося ўсё ў дзяцінстве: дэбютым вырабам стала кармушка для птушак, якую змайстравалі разам з татам. Усур’ёз жа захапіўся работай з дрэвам ужо пасля школы. Дапамагаў рабіць спілы, роспісам якіх займалася яго маці. “Каронкай” хлопца стаў посуд – міскі, коўшыкі, а лыжка даўжынёй у паўтара метра аказалася ключавым экспанатам рамесніцкіх радоў. Прынамсі, упершыню Павел паказаў свае вырабы на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Полацку ў 2012 годзе – з таго часу і стаў удзельнікам народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”.
У тым жа годзе далучылася да гэтай раённай творчай суполкі і яго жонка. У адрозненне ад мужа, мастацкія таленты яна развівала самастойна: калі вучылася ў Арэхаўскай школе, у гуртку па рукадзеллі захапілася вышываннем – і менавіта гэты творчы напрамак развівае на працягу шэрагу год. Падлічыць яе работы проста немагчыма – іх некалькі соцень. Гэта і вялікія карціны, якія ўпрыгожваюць пакоі ўсіх іх сяброў, і вышытыя на заказ метрыкі для нованароджаных дзетак, і сувенірныя “паштоўкі” ў памяць пра вяселлі. А аднойчы яе вышыўка стала прычынай… сямейнай сцэны: у музей народнай славы прыехалі гарадскія турысты, і маленькі хлопчык убачыў у экспазіцыі вырабаў народных майстроў работу з выявай леапарда. Яна так яго ўразіла, што малыш адмовіўся выходзіць з залы без гэтай карціны. Давялося работнікам музея тэрмінова шукаць Аню і дамаўляцца пра ўмовы продажу. Выдатна атрымліваюцца ў рукадзельніцы арыгінальныя заколкі для валасоў, тапіарыі з зерня кавы, разнастайныя сувеніры. Але “фішкай” майстрыхі сталі “кававыя цацкі” – гэта фігуркі з паркалю з кранальнымі і вясёлымі надпісамі. А “фірменны” колер яны набываюць пасля таго, як апрацоўваюцца прыгаданым напоем і высушваюцца ў духоўцы. Звычайна гэтыя недарагія сувенірчыкі набываюць для падарункаў: згадзіцеся, прыемна паставіць на паліцу коціка, на брушку якога такія словы: “Неяк на Новы год я загадаў цуд – і атрымаў цябе!”
Па прафесіі Ганна цырульнік, аднак рукадзелле – гэта тое, да чаго ляжыць яе душа. Займацца рамесніцтвам ёй падабаецца: заплаціўшы адну базавую велічыню, можна на законных падставах рэалізоўваць свае вырабы. А вось у яе мужа часу на творчасць не так шмат: Павел працуе цесляром у лясгасе, а пасля змены займаецца рамонтам дома, куды ў хуткім часе маладая сям’я пераедзе са здымнай кватэры. Малады чалавек самастойна выконвае не толькі ўсе аддзелачныя работы (дапамагае ў гэтым будаўнічая спецыяльнасць), а і вырабляе мэблю. Прынамсі, першы пакой іх жылля ўжо амаль гатовы – гэта майстэрня для Ані. “Вось тут пастаўлю швейную машыну, там будуць стэлажы”, – расказвае дзяўчына, радасна дэманструючы фота ўтульнага, з густам аформленага памяшкання. Свой пакой нарэшце будзе і ў іх сына Глеба – хлопчык вельмі любіць футбол, абараняе гонар раёна на юнацкіх спаборніцтвах. Рамесніцкімі справамі пакуль не надта цікавіцца, але, думаецца, шансаў не далучыцца да славутага сямейнага брэнду Мурашовых у яго нямнога!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Дарэчы
- Работы Ганны і Паўла Мурашовых былі прадстаўлены ў галерэі канцэртнай залы “Мінск”, краме “Скарбонка” Лепельскага Дома рамёстваў, у “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары ў Віцебску”, на святочных кірмашах у Смаленску, Вялікіх Луках, а таксама шэрагу гарадоў Беларусі.