«Праздник рукавичек» в районном Доме ремёсел оказался творческим и по-настоящему тёплым

Наши дети Общество

Такога свята няма ні ў адным календары. Аднак на Ушаччыну напрыканцы снежня яно завітала – пра гэта паклапаціліся работнікі раённага Дома рамёстваў, якія аб’явілі конкурс дзіцячай творчасці пад назвай “Свята рукавічак”.

Над чым на працягу дзесяці дзён чаравалі хлопчыкі і дзяўчынкі? Вядома ж, над вельмі патрэбным зімой атрыбутам, здольным сагрэць нашы ручкі ў любую сцюжу. У тэхніцы выканання ніхто не абмяжоўваў, што дазволіла дзецям праявіць сябе ў аплікацыі, вязанні, шыцці, роспісу па тканіне, выцінанцы. Убачыўшы пазней выставу гэтых работ, шчыра скажу, западозрыла прыкладзеную руку дарослых. Але ж выпадкова падслухаўшы размову дзяўчат, якія дзяліліся адна з адной творчымі знаходкамі, была вымушана прызнаць сваю памылку.

У тым, што прадстаўленыя на конкурс работы атрымаліся вельмі якаснымі і прыгожымі, пацвердзіў падчас цырымоніі ўзнагароджання дырэктар Дома рамёстваў Ю.К.Пашковіч. Ён падкрэсліў, што выбраць пераможцаў было няпроста, давялося нават у тэміновым парадку дапаўняць спіс намінацый.

У выніку аўтарамі лепшых малюнкаў прызнаны Вікторыя Качан, Дамініка Гасанава і Сафія Волкава. Такія ж работы – толькі ў зімовай тэматыцы – прынеслі перамогу Аляксандры Урбан, Таццяне Кілінай і Ульяне Гарнак. Парадавалі сваімі паштоўкамі Валерыя Харак, Надзея Пятніца і Іван Каваленка, цацкамі – Арына Апёнак, Мілана Ярмош і Ксенія Пятніца.

Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся рабоце сястрычак Вікторыі і Юліі Белым, якія прадставілі на конкурс цацку “Завіруха”. За імкненне да творчых перамог адзначаны Аляксей Смотрын, за волю да перамогі – Ксенія Пятніца. Асаблівае “ўшанаванне” – і самай юнай удзельніцы – шасцігадовай Алене Александровіч. Усім ім напярэдадні Новага года ўручаны дыпломы пераможцаў і салодкія падарункі.

Не засталіся без ласункаў і іншыя канкурсанты. За ўдзел у “Свяце рукавічак”, праяўлены творчы патэнцыял адзначаны Ганна Рэут, Улада Урбан, Арцём Міцкевіч, Аляксандра Барадзіна, Ганна Лабань, Яраслаў Басак, Анастасія Лёля, Аляксандра Міцкевіч, Эвеліна Кляшчонак, Раман Катушонак, Анастасія Казлова, Аляксандра Крупеня, Вікторыя Паршонак, Сафія Волкава і Лізавета Шыла.

Яшчэ доўга пасля заканчэння мерапрыемства ў Доме рамёстваў было ажыўлена. Дзеці з захапленнем знаёміліся з работамі сваіх сяброў і ўжо бралі “ўрокі” ў пераможцаў. Простае, аднак такое мілае свята атрымалася не толькі творчым, але і па-сапраўднаму цёплым.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *