Анна и Владимир Клоповы из Жар доказали, что главное — чувства, а не штамп в паспорте

Золотые юбиляры Общество

Не кожнай пары ўдаецца пражыць душа ў душу пару дзясяткаў гадоў. А вось Ганна Міхайлаўна і Уладзімір Пятровіч Клопавы з вёскі Жары ўжо больш за паўвека крочаць разам па жыцці. Няспешна гартаючы старонкі сямейнага фотаальбома, расказваюць сваю гісторыю і адзначаюць, што 50 гадоў для іх праляцела на адным дыханні.

– Мы ж два разы жаніліся! – з усмешкай гавораць Ганна Міхайлаўна і Уладзімір Пятровіч. – Спачатку справілі вяселле, а праз год толькі аформілі афіцыйна адносіны ў сельвыканкаме. Так што сучаснае выказванне пра тое, што галоўнае – не штамп у пашпарце, а пачуцці адзін да аднаго, было актуальным і паўстагоддзя таму.

У кожнай сям’і выдатна памятаюць такі асаблівы дзень, Клопавы не выключэнне, тым больш што святкаванне атрымалася незвычайным. Раней вяселлі гулялі ­ледзь не ўсёй вёскай, шмат гасцей сабралася павіншаваць і іх у той вераснёўскі дзень, нягледзячы на моцны дождж. Калі ж за сталом толькі прагучалі першыя віншаванні, у доме прапала святло і далейшае застолле праходзіла ў рамантычнай абстаноўцы пры свечках. “Віноўніцай” жа свайго знаёмства называюць аднавяскоўку Ефрасінню Сцяпанаўну Сальнік.


– Нашы шляхі маглі і не перасекчыся. Я вырасла ў Жарах, а Уладзімір быў ураджэнцам Судзілавіч, – расказвае Ганна Міхайлаўна. – Пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума накіравалі мяне на радзіму, у калгас “Чырвоны прамень”, спасцігаць прафесію агранома, аднак аказалася, што такі спецыяліст тут ужо ёсць, прыйшлося перакваліфікавацца ў патрэбнага на той момант эканаміста. Уладзімір жа тым часам працаваў вадзіцелем у “Сельгастэхніцы” і перыядычна прывозіў у гаспадарку паліва. Памятаю, як Ефрасіння Сцяпанаўна казала мне пра гаваркога і статнага хлопца, а яму распавядала пра сумленную і прыгожую дзяўчыну. Пазней і пазнаёміла, быццам ведала, што хутка ўспыхнуць паміж намі пачуцці. Няма ўжо нашай свацці, але заўсёды прыгадваем яе добрым словам…

Пасля вяселля маладыя засталіся ў Жарах, год туліліся ў бацькоў, а затым прыняліся за будаўніцтва ўласнага дома. Бераглі кожную капейку і нястомна працавалі, каб ажыццявіць мару пра ўласны вугал. І ў 1972 годзе Уладзімір Пятровіч з радзільнага дома вёз жонку з першынцам-сыночкам ужо ў новы дом. Дарэчы, для яго абралі прыгожае месца ў канцы вуліцы Лясной.

Адразу за іх сядзібай расцілаюцца палеткі мясцовай гаспадаркі. Іх выдатна ведае Уладзімір Пятровіч, які не адзін дзясятак гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак адпрацаваў вадзіцелем у калгасе. “Што толькі не вазіў на сваім ГАЗ-53! Памятаю, як у “Чырвоным прамні” было аж 8 брыгад і ферма ў кожнай вёсцы, а ў Двор Жарах вырошчвалі свіней”, – прыгадвае мужчына.

І калі працоўная біяграфія гаспадара звязана выключна з сельскай гаспадаркай, то Ганна Міхайлаўна больш за 27 гадоў адпрацавала ў Жарскім сельвыканкаме сакратаром. “У савецкія часы наш сельсавет быў ледзь не самым вялікім у раёне, больш за 3,5 тысячы чалавек пражывала на яго тэрыторыі, ажно 45 дэпутатаў выбіралі, а кожная вёска была акругай. 16 гадоў працавала ў сельсавеце разам са сваім класным кіраўніком М.П.Собалем. У дэкрэтныя водпускі хадзіла ўсяго на 2 месяцы”, – расказвае жанчына.

Паспявала сям’я і даглядаць вялікую падсобную гаспадарку, на падворку трымалі кароў, быкоў, свіней, шмат птушкі, не кажучы пра немалыя соткі агарода. Успамінаюць, як доўга збіралі грошы на ўласны аўтамабіль. Не было тады такога багатага выбару, як зараз, машыны выдзяляліся на раён маленькімі партыямі. І аднойчы адзін з трох “Масквічоў-412” пашчасціла набыць менавіта Клопавым. На новенькім аўто тады сям’я здзейсніла паездку ў Пскоў. Зрэшты, зазначаюць, што ўсе сямейныя справы заўсёды рабілі разам.

Працавітымі і сумленнымі выраслі трое іх дзяцей, дочкі Жанна і Наталля, сын Аляксандр. Радуюць сваёй увагай дзядулю з бабуляй і шасцёра ўнукаў, трое праўнукаў.

– Заўсёды з задавальненнем прыязджаем у Жары, бо адчуваем, як тут нас любяць і чакаюць. На выхадныя, абавязкова на ўсе сямейныя святы. Бабуля з дзядулем заўсёды былі прыкладам для нашых бацькоў, а зараз і для нас у паводзінах, у адносінах адзін да аднаго. Яны вучылі нас самастойнасці, ніколі не навязвалі свае меркаванні. Цікава слухаць пра іх розныя жыццёвыя моманты, “браць на заметку” шчырыя парады. Напрыклад, калі штосьці не ладзіцца ў сям’і, кажуць, што вінаватыя ў непаразуменні абодва, лепш сесці за “стол перамоў” і не даводзіць да канфліктаў”, – расказвае пра Ганну Міхайлаўну і Уладзіміра Пятровіча ўнук Жэня.

Гэтае ж сямейнае фота з унукамі Клопавы разглядаюць з асаблівым задавальненнем і цеплынёй, бо зроблена яно было якраз у дзень залатога вяселля. Галоўным жа пажаданнем, якое для іх гучала ў той дзень і не толькі – сустрэць яшчэ не адзін прыгожы сямейны юбілей!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *