– Набівалі шышкі, асвойвалі новыя праграмы, дарэчы, памянялася літаральна ўсе, таму год, канечне, быў складаным. Аднак гэта не дае застойвацца на месцы і для нас не навіна, – расказвае Н.С.Шук. – Пастаянна папаўняецца колькасць банкаўскага прадукту, сёлета, напрыклад, з’явіліся клуб “Лэдзі” для аўтаўладальніц, “Дзіцячы”. Не гаворачы пра тое, што мы выконваем неспецыфічныя аперацыі, такія як страхаванне, пераводы. Абслугоўваем 108 юрыдычных арганізацый і ў разы больш рахункаў фізічных асоб.
Граматны энергічны спецыяліст расказвае пра спецыфіку свайго аддзела так лёгка, з задавальненнем, што разумееш – прафесія ёй па душы. Ну а паколькі з 2004 года папрацавала літаральна ва ўсіх падраздзяленнях банка, то і даверылі Наталлі Савельеўне самы вялікі сектар. Наколькі яна спраўляецца з абавязкамі – сведчыць занясенне яе імя на Дошку гонару цэнтра банкаўскіх паслуг па выніках работы за 2019 год.
– Я толькі праграмістам і юрыстам не працавала, – усміхаецца Наталля і расказвае, як трапіўшы па размеркаванні ў КУСГП ”Дубраўка”, выпадкова атрымала запрашэнне на працу. – Муж афармляў крэдыт, загадчыца аддзялення Крысціна Мечыславаўна Шабанава, якая абавязкова сама гутарыла з кліентамі, пачала распытваць маладога спецыяліста, хто па адукацыі жонка. У мяне ж фінансавая, а паколькі патрабаванні нашага банка нават на касе мець людзей з вышэйшай адукацыяй, то і прынялі ў аддзяленне. Тэорыя і практыка – рэчы ўсё ж розныя, таму на месцы мяне вучылі касіры Алена Леанідаўна Клачок і Алена Вячаславаўна Чымпой, дапамагалі спецыяліст аперацыйнай службы Ірына Іванаўна Лемеш і тагачасная яе загадчыца Валянціна Дзмітрыеўна Краснова. Потым на час дэкрэту давялося падмяніць калегу з аддзела крэдытавання, затым – з карпарытыўнага бізнесу, такім чынам і асвойвала розныя накірункі галіны.
Увесь час нашай размовы адказваць, з прыкладамі, гісторыямі, дапамагаюць Наталія Васільеўна Падвойская і Святлана Мікалаеўна Коршун. Адчуваецца давер і ўзаемападтрымка калег, хоць Н.Шук маладзей за падначаленых.
“Перш за ўсё мы ведаем, што павінна быць выканана работа. Сёлета хварэлі касіры, з пяці заставалася толькі два, якія працавалі звыш графіка, але кліенты гэтага не адчулі. Як і тады, калі ўсе мы ўтрох аказаліся на бальнічным, – гаворыць Наталля Савельеўна. – Амбразуру закрыла наш дырэктар Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка. Наогул у нас выдатны калектыў. Пасля скарачэнняў засталося толькі 11 чалавек, аднак па-ранейшаму ўсе сябруем. Нядаўна здарылася гора з нашай былой калегай Т.В.Пятроўскай, прыйшлі ўсе, каго Тамара Васільеўна вучыла, падтрымлівала. Абавязкова напярэдадні свят завітваюць нашы вельмі актыўныя ветэраны, а іх 23.
Работа адказная, засяроджаная, сідзячая, таму калі мерапрыемствы… адпачываем як заводныя. Многія дзівяцца, як сур’ёзныя людзі становяцца гарэзлівымі дзецьмі. Разрадка патрэбна, інакш нельга”.
Наогул кур’ёзаў у іх рабоце хапае. Калі ў форме падчас абеду наведваюць “Дабраном”, людзі просяць узважыць фарш, на рынку пачынаюць пытацца, як замяніць картку. А калі ў аперацыйным аддзеле кліенты чуюць “трэба падкрапіцца” – гэта на прафесійным слэнгу азначае, што трэба папоўніць наяўнасць, у чарзе чуецца: “Не паспелі прыйсці, а ўжо перакусваюць”.
Супрацоўнікі прыгадваюць цікавыя гісторыі і падкрэсліваюць, што самае складанае ў іх галіне – работа з людзьмі. Нават калі папярэдні кліент расстроіў, што, вядома, здараецца, наступнаму ты павінна ўсміхацца.
Ну а яшчэ банкаўскія работнікі павінны быць псіхолагамі. У самой Н.Шук нярэдка пытаюцца, ці не мае яна адпаведнай адукацыі. Ёй сапраўды падабаецца гэта навука, чытае спецыяльную літаратуру, але больш дапамагаюць рысы характару: не прымае паспешных рашэнняў, цвяроза глядзіць на рэчы. Таму, напэўна, усё атрымліваецца і з кліентамі, і з калегамі.
- “Усё растлумачыць, падказаць. каб чалавек захацеў вярнуцца да нас зноў, а таксама параіў сваім знаёмым – такое наша крэда”, – кажа Наталля Савельеўна.
– Нас мала, аднак кожны на сваім месцы. Усе адказныя, старанныя, і задачы цэнтра для ўсіх – першачарговая, – абагульняе дырэктар ЦБП Жанна Валянцінаўна Шаўчэнка. – Віншую ўсіх супрацоўнікаў і нашых ветэранаў з прайшоўшым прафесійным святам і Калядамі. Жадаю аптымізму, здароўя, здзяйснення самых запаветных мар.
Вольга КАРАЛЕНКА.