Ушачский «Промкомбинат»

Общество

У прадпрыемства ёсць два шляхі рэалізацыі прадукцыі – пераконваць, што ваш тавар лепшы і такім чынам прадаваць, ці выпускаць тое, што запатрабавана. Другі варыянт надзейней, паколькі кожны пакупнік імкнецца сёння набыць лепшае і таннейшае.

“Прамкамбінат” абраў менавіта такі шлях. Хоць і застаецца ў ранейшых рамках – швейныя і сталярныя вырабы, аднак трымае нос па ветры – пашырае асартымент, падстройваецца пад патрэбы кліента.

Касцюм для зваршчыка, штаны мужчынскія ўцепленыя і паўкамбі- незон – гэта навінкі толькі гэтага года. А “важаць” яны ажно 10 працэнтаў ад усяго аб’ёму вытворчасці.

На прадпрыемстве няма маркетолага, толькі некалькі месяцаў таму прыбыў малады спецыяліст – тэхнолаг, усёй гэтай работай, а часта і непасрэдна раскройваннем тканіны займаўся дырэктар. Таму і ведае Галіна Анатольеўна Грыдзюшка як кошт на сыравіну, так і цэны канкурэнтаў.

Наш “Прамкамбінат” – звычайны. Можна сказаць, блізня іншых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, без унікальнага абсталявання, каб выпускаць нешта эксклюзіўнае. Таму і канкурыраваць даводзіцца з многімі, а браць толькі якасцю і коштам.

Зусім нядаўна больш працавалі з брызентам, спілкам – так у лёгкай прамысловасці называюць скураную сыравіну, зараз з-за адсутнасці апошняй перайшлі на больш танныя касцюмныя тканіны. А з таннай сыравіны – танны тавар (пашыў аднаго касцюма зваршчыка каштуе столькі ж, колькі два бавоўнавых), што ў сваю чаргу прымушае нарошчваць аб’ёмы, каб выканаць ранейшыя паказчыкі і павышанае заданне.

І прадпрыемства працуе з прыбыткам. Праблем па-ранейшаму дастаткова, ды і грошай заўсёды не хапае, аднак яно трывала стаіць на нагах і развіваецца згодна са сваімі магчымасцямі. За ўласныя сродкі ў ліпені набылі тры швейныя машыны коштам 10 мільёнаў рублёў. Калі знаходзішся ў швейным цэху, здаецца, што стракочуць машыны з суперхуткасцю, аднак менавіта зараз на прадпрыемстве пераглядаюць тэхналагічны працэс вырабу спецадзення, каб скараціць час пашыву.

Калі ёсць заказы, а самастойна не спраўляюцца выканаць, то размяшчаюць іх на іншых прадпрыемствах, з-за чаго выручка вырасла на 25 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам, і на 23 працэнты павялічыўся прыбытак ад рэалізацыі. Дорага каштуе дрэваапрацоўчае абсталяванне, каб выпускаць сучасную канкурэнтаздольную прадукцыю, аднак працуюць і ў гэтым напрамку. Платныя паслугі насельніцтву аказваюць, таксама рэалізоўваючы рытуальныя тавары. Уся прадукцыя “Прамкамбіната” сертыфікавана, што таксама патрабуе затрат – толькі на апошнія тры віды пайшло 3,7 мільёна.

Кадры – адна з асноўных праблем прадпрыемства, вось і зараз тут гатовы прыняць 6 швачак. Навічкі, якія прыходзяць з вучылішчаў, не могуць замяніць ветэранаў вытворчасці, паколькі норму выконваюць толькі на 20 працэнтаў, калі вопытныя швачкі – на 150. Таму тут рады даць старт жадаючым сумленным работнікам. Адзін з накірункаў у зацікаўленасці – у павышэнні зарплаты. На іх вытворчасці яна напрамую залежыць ад зробленага, аднак расце пастаянна і не саступае прадпрыемствам сваёй галіны. Сярэдні заробак работнікаў – 609 тысяч. Мог быць і болей, бо ў сярэдняй зарплата і тых навічкоў, якія яшчэ не набілі руку.

За імі, як і за ўсёй выпускаемай прадукцыяй, пільна сочыць кантралёр Валянціна Канстанцінаўна Мугака. Вельмі адказная і няпростая пасада, працаваць сярод сваіх калег, а прадстаўляць інтарэсы па сутнасці незнаёмых людзей. Аднак якасць вырабаў – гэта візітоўка прадпрыемства, і не прапусціць ні аднаго няроўнага шву, перадаць брак на выпраўленне – яе непасрэдная задача. “Многа ў нас салідных заказчыкаў, – гаворыць Валянціна Канстанцінаўна, – бачыце, і для “Нафтана” спецадзенне шыем, і для газавікоў вобласці, аднак адказней за ўсё, калі гэта заказ ад ушацкіх прадпрыемстваў. Па адных вуліцах ходзім і так прыемна, калі наша роба выглядае не горш за купленае на рынку”. Са сваёй задачай жанчына, дарэчы, паспяхова спраўляецца. Зусім невыпадкова імя Валянціны Канстанцінаўны знаходзіцца на Дошцы гонару прадпрыемства. Ну а галоўная падзяка для любога работніка “Прамкамбіната” – што іх тавар запатрабаваны.

В.КАРАЛЕНКА.кантралёру В.К.Мугака не сорамна прадстаўляць прадукцыю прадпрыемства.

На здымку:



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *