Как семье и Натальи и Николая Коршун из Матырино работается с символом 2021 года?

Калейдоскоп

Сімвалам надыходзячага года па Усходнім календары з’яўляецца металічны бык. Яшчэ яго называюць грашовым. І мы адшукалі сям’ю, якой 2021-ы як нікому павінен гарантаваць дастатак. Гэта Наталля Леанідаўна і Мікалай Мікалаевіч Коршуны з Матырына, вакол якіх каля рук штодня 1693 быкі! Нават калі падзяліць на тры – столькі чалавек абслугоўвае групы на комплексе “Маяк”, то ўсё роўна ніхто не абгоніць гэту сям’ю жывёлаводаў па колькасці гадаванцаў.

Дарэчы, хоць год не наступіў, а прадказанні астролагаў ужо спраўджваюцца. На заробкі Коршуны не скардзяцца. І ў галавы сямейства яны вышэйшыя – пад 900 рублёў, бо на абслугоўванні ўдвая больш цялят. А паколькі сярод іх нямала белагаловікаў – “пастаўшчыкоў” мармуровай ялавічыны – то і прывагі добрыя на абодвух перыядах. Вось гэты стапрацэнтны рыжы герэфорд недарэмна з’яўляецца флагманам сярод усіх мясных парод. Спакойны і наравісты – ну ніяк не жадаў ні прымяраць “дожджык”, ні пазіраваць, хоць рыхтавала яго да фотасесіі шэсць чалавек. Добра, што яшчэ падлетак. А калі б дасягнуў узросту Мурліка, які месяц таму пакінуў комплекс, то наогул не зварухнулі б з месца. Важыў той бычок (мянушку атрымаў з-за шырокай, адкормленай – мурлатай морды) 650 кілаграмаў – рэкорд гэтага года. І цяпер зразумела, чаму на другім перыядзе комплексу працуюць выключна мужчыны. Не дай Бог раззлаваць такога бычка.

“Электрашокер прымяняць не даводзілася?” – пытаюся ў Мікалая, які да скарачэння штату працаваў ва ўчастку электрасувязі. Мужчына ўсміхаецца і адказвае, што да наравістай жывёлы лепш падыходзіць з ласкай. І хоць перамена дзейнасці ў яго кар’еры кардынальная, жывёлавод не маніць, што новы род заняткаў яму па душы. На комплекс паклікала жонка, спачатку пешшу хадзілі, зараз падвозяць. І за два гады пераканаўся, што тут і годныя ўмовы, і цудоўны калектыў. Ну а з быкамі меў справу на ўласным падворку, не адзін год трымалі малых ад сваёй буронкі. Праўда, расцілі толькі кілаграмаў пад 350.

А вось герэфорды могуць важыць і больш тоны. Такіх эксперыментаў на “Маяку”, праўда, не ставілі – бо прывагі з узростам жывёлы зніжаюцца. Ну а кілаграмовыя сярэднясутачныя, як прыгадвае начальнік комплексу Валерый Уладзіміравіч Літвін, мелі яшчэ ў савецкія часы. На зялёнцы, камбікармах, ды пад піўко… гэта рэальна. Так-так. Хоць і прачытала ў інтэрнэце, што “сімвал 2021” з’яўляецца непітушчым, практыкі сцвярджаюць, што ў васьмідзясятыя гады на тагачасны тысячнік прывозілі адходы вытворчасці хмяльнога напітку, якія з задавальненнем спажывалі плячыстыя на жывот бычкі. І пагадзіцеся, гэта той выпадак, калі лішняй вагі не бывае.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *