Многодетная семья Анастасии и Вячеслава Шевченко из Ушач встречает Новый год в новом доме

Общество

“Шпалеры мы з мамай выбіралі, а мэблю мне бабуля на дзень нараджэння падарыла”, – трэцякласніца Мілана не хавае захаплення ад свайго прыгожага пакойчыка, аформленага ў ружова-фіялетавых колерах. У суседнім жа малюнкі аўтамабіляў у дэкоры яскрава сведчаць пра тое, што тут будуць жыць хлопцы: трохгадовы Макарка і яго старэйшы брат Паша, які ўжо атрымлівае ў каледжы прафесію архітэктара. “Гасціную дарабіць пакуль не паспелі, а вось кухня ўжо гатова!” – перахопліваюць ролю экскурсаводаў дарослыя члены сям’і Шаўчэнка Вячаслаў і Анастасія. Для нас жа вельмі пачэсна стаць першымі гасцямі прасторнага дома на вуліцы Лабанка ў райцэнтры, жыхары якога на сёлетні Новы год справяць і наваселле.

Заўсёды думала, што каб узвесці такія харомы (агульная плошча пакояў дома складае 140 м2 ) з цёплай падлогай і іншымі сучаснымі “наваротамі”, трэба быць як мінімум бізнесменам ці якой-небудзь знакамітасцю. Але гісторыя гэтай сям’і сведчыць, што спраўдзіць мару пра дастойнае жыллё можна, калі ёсць моцнае жаданне, умелыя рукі і добрыя памагатыя. І, канечне, работнік ТЦСАН і вадзіцель не пацягнулі б такую будоўлю без падтрымкі дзяржавы. Старт ёй быў дадзены яшчэ ў 2013-м, калі з’явіўся фундамент і камунікацыі, а працягнуць работы дапамагла субсідыя, якую атрымалі па 240-м прэзідэнцкім указе, калі з нараджэннем Макаркі сям’я набыла статус мнагадзетнай. Ну а для фінальнага этапу будоўлі вельмі дарэчы аказаўся дазвол на выкарыстанне сямейнага капіталу.

Істотна зменшыла выдаткі тое, што амаль усе работы выконвалі “сямейнай будаўнічай брыгадай”: акрамя Славы і Насці ў яе ўвайшлі іх бацькі, брат, а таксама надзейны сябар Андрэй Аўтух. Спецыялістаў прыцягвалі толькі каб скласці блочныя сцены ды вырабіць вокны. Прарабскія ж функцыі ўзяў на сябе Вячаслаў – дарэчы аказаўся атрыманы ў свой час вопыт работы на расійскіх будоўлях. Вядома ж, усёй сямейнай брыгадай будуць адзначаць у новым доме і заўтрашняе свята. “Нам вельмі пашанцавала з блізкімі: усе дружныя, дапамагаем адзін аднаму”, – зазначае Вячаслаў і частуе нас яблыкамі. Аказалася, і трэцюю функцыю сапраўднага мужчыны (памятаеце: пабудаваць дом, вырасціць сына, пасадзіць дрэва) ён выканаў з запасам – ля катэджа ўжо расце сад. Гаспадыня ж разбіла градкі, на якіх вырошчвае не толькі звыклую агародніну, а і “фірменныя” іспанскія суніцы, сланечнік, цёплыя колеры якога радуюць вока.

“Месца ў нас проста ідэальнае: газавае ацяпленне, цэнтральная каналізацыя, прырода наўкол і спартыўны комплекс побач. Летам устанаўліваем ля дома вялікі басейн, а ля елкі на краі ўчастка абсталявалі зону адпачынку, – распавядае Анастасія. – Вельмі рады, што вырашылі пусціць карані на малой радзіме. Калісьці пасля заканчэння тэхнікума каля трох год давялося працаваць у Полацку, але, шчыра кажучы, жыць у горадзе зусім не спадабалася”. І сапраўды, зараз ва Ушачах ёсць практычна ўсё тое ж, што і ў мегаполісах, ды плюс яшчэ бонусы – блізкая адлегласць да ўсіх патрэбных аб’ектаў, чыстае паветра. Дзе ж будаваць сваё шчасце, як не на роднай зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *