Быстро, удобно, комфортно. Многие ушачане уже оценили прямой маршрут «Ушачи-Минск», который недавно запустил «Северный экспресс»

Общество

Больш месяца, як з Ушачы на Мінск пачаў хадзіць прамы маршрут. Канечне, ён быў і раней, два разы на дні ў сталіцу і назад яшчэ ў савецкія часы хадзіў вялізны “Ікарус”. У перадсвяточныя дні – забіты бітком, прадавалі нават “стаячыя” білеты, у будныя – паўпусты. Слабая запаўняльнасць маршруту і прывяла спачатку да скарачэння рэйсаў на Мінск, потым да адмены. І нават калі з ушацкай аўтастанцыі зусім нядаўна адыходзіў “мікрык”, многія аддавалі перавагу “Полацкаму экспрэсу” ці іх канкурэнтам, кампаніі “Сто дарог” – бо дзяржаўныя перавозчыкі, скажам так, не вытрымлівалі канкурэнцыі. У камфорце – трапіўшы аднойчы “на кола”, проста не ведала, куды падзець ногі. А перш за ўсё – у хуткасці. Канечне, апошнім часам аўтобус пераадольваў гэтыя 200 кіламетраў ужо не за пяць гадзін, не стаяў невядома чаго 30 хвілін у Лепелі, калі за гэты час можна было даехаць да дому, але ж і не за тры.

І вось да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі нас зноў чакаў сюрпрыз. І трэба сказаць, ушачане ацанілі яго. У першыя выхадныя дні “Паўночны экспрэс” нават даваў ва Ушачы дадатковыя машыны, столькі было заявак. А што зараз?

– Па-рознаму, – гаворыць намеснік дырэктара кампаніі “Паўночны экспрэс” Іван Мікалаевіч Шут. – Хацелася б, каб больш пасажыраў было ў будні, ну а ў пятніцу і ў нядзелю мы адкрылі дадатковыя рэйсы. Акрамя таго, што адзін аўтобус накіроўваецца штодня ў 6 гадзін з Ушач і 11.40 з Мінска, у гэтыя дні ёсць яшчэ і вячэрнія рэйсы – у 17.40 на сталіцу і ў 20.10 з яе. Ну і мяркуем, што пасажырапаток, а разам з ім і колькасць выездаў павялічыцца з надыходам цяпла і паляпшэннем эпідэмічнай сітуацыі. Тады для пастаянных кліентаў зможам прадугледзець і нейкія бонусы.

У іх ліку можа аказацца Канстанцін Савіцкі, які на работу ў Мінск і назад зараз ездзіць выключна з “Паўночным экспрэсам”. “Гэта лепшы варыянт камфорту, хуткасці і кошту, – гаворыць малады члавек. – Аўтобусы мяккія. Вельмі інтэлігентны ветлівы вадзіцель Аляксандр: і сумкі дапаможа дастаць, і ездзіць з ім спакойна, быццам ведаеш даўно. Па горадзе робяць больш прыпынкаў, каб зручней было дабрацца да месца. Вячэрні час адпраўлення (20.10) таксама лічу аптымальным: пасля работы паспяваеш заехаць на кватэру, сабрацца, у якім бы аддаленым ад вакзала мікрараёне не жыў, не трэба больш прасіць бацькоў падвезці да Сарочына, садзішся на вакзале ў гарпасёлку”.

Кожны тыдзень ездзіць прыгаданай маршруткай і Дар’я Прыстаўка. Раней дзяўчына падстройвалася да раскладу аўтобусаў, каб з Ушач даехаць да Сарочына і там доўга не адстаяць у чаканні. Нязручна, ды і кошт паездкі гэта павялічвала. Зараз больш часу можа пабыць дома, бо выязджае на Мінск не ў нядзелю вечарам, а ў панядзелак раніцай – і паспявае на работу.

Карына Худалей наогул немясцовая – трапіла ва Ушачы па размеркаванні. І ездзіць па выхадных не толькі ў родныя Чашнікі, але і ў госці ў сталіцу. Для сябе самым зручным лічыць тое, што не трэба больш мерзнуць у чаканні аўтобуса на сарочынскім прыпынку. “Аператары кампаніі, калі загадзя не пацвердзіў паездку ў спецыяльнай праграме, праз якую заўсёды бранірую білет, абавязкова патэлефануюць і перапытаюцца пра месца пасадкі. Дзякуй “Паўночнаму экспрэсу” за паслугу”.

Яшчэ адной перавагай новага маршруту можна назваць тое, што адпраўляецца ён з аўтастанцыі Ушачы і вакзала “Цэнтральны” ў сталіцы, таму не трэба “лавіць” маршрутку сярод дзясятка падобных, а спакойна чакаць на платформе. Адзіны для трох аператараў – МТС, А1, life – і нумар (789-30-03) браніравання білетаў, якія таксама можна набыць у касах вакзалаў ці заказаць праз спецыяльную праграму. Ну а ці будуць з’яўляцца дадатковыя рэйсы на сталіцу, залежыць ад нас з вамі. У святочныя ж дні расклад руху “Паўночны экспрэс” не мяняе. Прыемных вам падарожжаў!

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *