Ёлка или пихта? Стоило ли срубать? Вокруг главной новогодней красавицы Ушач развернулась полемика

Общество

“Навошта гаспадары дазволілі гэта зрабіць? НАВОШТА? Гэта елачка была як славутасць, як памяць пра чалавека, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ва Ушачах самая прыгожая, незвычайная, я заўсёды любавалася яе прыгажосцю, калі ішла па Камсамольскай, а цяпер што, пастаіць пару тыдняў на плошчы, а затым яе выкінуць як смецце, а яна магла б радаваць нас і нашых дзяцей яшчэ дзясяткі гадоў! Якія мы ўсё ж такі людзі, не ўмеем нічога шанаваць і берагчы… Ганьба тым, хто гэта зрабіў, і тым, хто дазволіў”.

“Гэта не елка, а піхта! Вельмі шкада. Разам з ёй сышла гісторыя вуліцы Камсамольскай”.

“А нічога, што з-за гэтай елкі ў чалавека дом гніў?”

“Гэтую елачку я памятаю з самага нараджэння, калі быў жывы мой дзядуля, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, паважаны чалавек ва Ушачах, які пасадзіў гэтае дрэва, а тут прыйшлі і ссеклі, проста так, каб паставіць на плошчы дзеля прыгажосці…”.

Што і казаць, самым абмяркоўваемым матэрыялам мінулага нумара аказалася невялікая заметка пра галоўную ёлку раёна. І гэта далёка не поўны пералік каментарыяў у сацыяльных сетках, якія з’явіліся ў мінулыя выхадныя. Ну а ў панядзелак раніцай у рэдакцыю завітаў Уладзімір Андрыковіч, каб таксама выказаць сваё абурэнне і расказаць пра гісторыю з’яўлення на Камсамольскай гэтай іглістай прыгажуні.

“Такога дрэва больш няма ў раёне, а мабыць і вобласці, сібірская піхта дрэнна прыжываецца. А гэта, што зараз на плошчы – “продак” тых, што разам з кедрамі высаджваў у нас у Дубраўцы пан. Яўген Арсенцьевіч Первянёнак выкладаў у нас у школе, і калі нарадзіўся старэйшы сын Аляксандр, выкапаў маленькі адростак, які ў гонар унука пасадзіў на сваёй сядзібе Арсеній Кліменцьевіч. Неаднойчы яму, а потым і маёй маці Тамары Уласаўне, з якой у апошнія гады жыцця ветэран звязаў свой лёс, прапаноўвалі аддаць дрэва ў якасці навагодняга ўпрыгожання галоўнай плошчы раёна, яны адмаўлялі. Шкада рэдкага дрэва, ды і пра чалавека, які расціў яго, не прыгадалі”.

Якія пачуцці выклікалі гэтыя словы ў членаў калектыву рэдакцыі? Супярэчлівыя, як і каментарыі. Прыгадалі і тое, што без дазволу нельга выдаліць дрэва, не гаворачы пра рэдкае. І што набыўшы стары дом, кожны імкнецца расчысціць участак і завесці на ім свае парадкі. А старэйшае пакаленне “Патрыёта”, канечне, успомніла і самога Арсенія Кліменцьевіча Первянёнка. Заўсёды падцягнуты, не па гадах бадзёры, ён прыносіў у рэдакцыю летапіс пра супрацоўнікаў бальніцы, які ён доўгія гады вёў. Памятаю, і як паважна выходзіў да мікрафона, калі саліраваў яшчэ ў тым, першым складзе хору клуба “Ветэран”. А калі падыходзіла да брамкі яго былога дома, побач з якім зараз “ззяе” свежы пень, прыгадала свой апошні візіт сюды. Ветэран ужо быў слабы, аднак пры выдатнай памяці…

…Дзверы адчыніла новая гаспадыня. Правяла ў пакой, дзе снедаў муж. Пра сваю нечаканую “славутасць” Дзямешкі ведалі – водгукі скінулі дзеці. І настрой гэта ім не ўздымала. “Непрыемна, быццам некага абразілі ці нешта супрацьзаконнае здзейснілі. Мы чацвёрты год жывём у доме, абжываемся, рамантуем. Доўга высвятляць прычыну чорнай сценкі, як вы разумееце, не давялося. Канечне, ад елкі, яна наогул не давала святла ў пакой, дзе зараз знаходзіцца мая маці, – тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч. – Зараз намнога лепш, ну а падаўжэе дзень, дык і сонейка зазірне. Дрэва расло вельмі блізка ад дома, каранёвая сістэма разбурала фундамент, ну а з цягам часу стала б пагрозай і для дома. Мы яшчэ ў жніўні звярнуліся ў райвыканкам, потым у інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб убраць дрэва. Нам параілі звярнуцца ў камунгас, які і забраў яе на плошчу. Кожны ля свайго дома добраўпарадкоўвае тэрыторыю па сваім гусце. Мы будзем ставіць агароджу, елка б перашкаджала, мабыць і пакінулі б мы яе, калі б не расла так блізка. Разумеем, што для блізкіх людзей гэта памяць, пакуль расла, яна прыносіла задавальненне, а не перашкоды. Але ж пастаўце сябе на наша месца”.

Новыя гаспадары, сапраўды, не здзейснілі нічога супрацьзаконнага. На сваім участку яны могуць высякаць любыя дрэвы, калі толькі яны не прызнаны помнікамі прыроды. Але, як патлумачыў нам начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук, такіх у нашым раёне няма. І гэта адзіная ўмова, якая б забараняла новым гаспадарам нешта рабіць з дрэвам (прапісвалася б і ў дагаворы пры набыцці ўчастка).

Так, усім нам шкада яблынькі, дубка, елкі, калі яе садзілі самі ці нехта з нашых блізкіх. Але памяць пра людзей усё ж жыве не ў рэчах, не ў раслінах, а ў думках людзей. І навагодняя ёлка, якая (у гэтым сыходзяцца ўсе) сёлета вельмі прыгожая, няхай будзе ўспамінам усім ушачанам пра выдатных людзей – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Арсенія Кліменцьевіча Первянёнка і яго жонку – Заслужаную настаўніцу БССР Ларысу Аляксандраўну Гарадзецкую, якія доўгі час жылі па Камсамольскай.

Дарэчы, у доме Дзямешак стаіць пышны букет з лапак, іголкі якіх не коляцца. У гэтым адно з адрозненняў піхты ад елкі, а нам напамін “не калоць” адзін аднаго папрокамі, а спрабаваць зразумець.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *