Многие ушачане с удовольствием делают покупки через интернет-магазин Ушачского филиала облпотребобщества

Общество

Хоць тэрмін выканання заказаў інтэрнэт-магазіна складае суткі, ужо пасля трох гадзін з моманту паступлення заяўкі з Сорзава туды імчаў аўтамабіль Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. “Мы паглядзелі кошык спажыўца. Торт, дзіцячае шампанскае, фрукты, цукеркі. Зразумелі, што тавар патрэбны на святкаванне імянін. І хоць папярэдні заказ знаходзіўся ў супрацьлеглым баку раёна – у Апанаскавічах, тым не менш аператыўна выканалі абодва”, – расказве адміністратар інтэрнэт-магазіна Вольга Сяргееўна Наімава. – Не можам расчараваць кліента. Дарэчы, абавязкова ўдакладняю спрыяльны час завозу, пытаюся, мабыць патрэбна нешта яшчэ: заказаць жа можна любы тавар з асартыменту “Роднага кута”, а інтэрнэт-вітрыну хоць штодня і папаўняю, пакуль туды занесена толькі 2272 адзінкі. Раблю акцэнт на акцыях, як напрыклад, зараз на бытавой хіміі, сродках асабістай гігіены”.

З чэрвеня, калі Ушацкі філіял “адчыніў” інтэрнэт-магазін, (першым у вобласці і адным з першых па “Белкаапсаюзу”!), ужо ўтварылася кола пастаянных пакупнікоў. Напрыклад, расіяне з Міхалкаўшчыны, якія ў час пандэміі “хаваюцца” ад кантактаў на вёсцы. Былая настаўніца Лідзія Гаўрылаўна Ільюшэвіч з Касароў раней штомесяц заказвала тавар па тэлефоне ў “Кулінарыі”, а са з’яўленнем такой прапановы памяняла адрас фарміравання прадуктовага кошыка. Як умеламу карыстальніку інтэрнэту, ёй за радасць “прабегчыся” па паліцах: пабачыць выгляд, пачытаць характарыстыкі, спакойна выбраць, параўнаўшы і падбіўшы кошт.

Адмовілася ад “Е-дастаўкі”, аддаўшы перавагу “Роднаму куту”, Галіна Краснова з Апанаскавічаў: “Еўраопт заязджае, толькі калі ёсць спадарожны заказ, чакаць можна доўга. А ўшацкія кааператары выконваюць заяўку праз некалькі гадзін, калі заказаў да 15.00, ці на наступны дзень, калі пасля гэтага часу, ды і мінімальная сума – усяго 35 рублеў. Вельмі зручна, тры разы на месяц абавязкова карыстаюся паслугай, бяру пераважна сокі, дзіцячы прыкорм, паколькі на руках немаўля. Вялікі ім дзякуй. Ведаеце, там такія ветлівыя работнікі. Мне патрэбны былі дзіцячыя падгузнікі, а ў магазіне ў наяўнасці тады не было, дык яны набылі ў іншай гандлёвай кропцы і перадалі з таварам. Такога абслугоўвання не сустрэнеш больш нідзе”.

Яшчэ адна пастаянная кліентка інтэрнэт-магазіна – маладая матуля Алена Данілёнак з Забалацця Кубліцкага сельсавета – смяецца, што менш чым на сто рублёў зрабіць заказ не атрымоўваецца. “Малому ёгурты, пюрэ, фрукты – выбар вялікі. Рыбу, у тым ліку і жывую, мяса, хлеб. Усё, што трэба да стала. А яшчэ і бабулям з вёскі заказваю, калі просяць. Ніякіх праблем з якасцю ніколі не было, усё свежае. Задаволена такой паслугай”.

Для вяскоўцаў гэта яўная перавага, бо асартымент “Роднага кута” намнога шырэй за любую аўтакраму. Ды і для жыхароў гарпасёлка нямала плюсоў у такім абслугоўванні. Не трэба выходзіць з дому, калі хварэеш. Не давядзецца цягнуць цяжкія сумкі – і адзін з пікаў запатрабаванасці інтэрнэт-магазіна прыпаў на сезон нарыхтовак, калі ўпакоўкамі бралі цукар, алей, накрыўкі. Асабліва выгадная паслуга тым, хто не мае аўтамабіля. Дарэчы, забраць сфарміраваны “кошык” можна і самавывазам. І зусім не клапаціцца, што мандарын акажацца з падгніўшым бокам.

“Тавар адбіраем, як сабе, самы лепшы і прыгожы. Упакоўваем, каб нічога не сапсавалася, не працякло. Падказваем, на што варта звярнуць увагу. Не ўсе, напрыклад, ведаюць, што ў нас самыя танныя каўбасы, што можна заказаць і ўсю прамысловую групу, якой гандлюем у краме. Даражым сваімі кліентамі, і ведаеце, так прыемна заўсёды чуць толькі станоўчыя водгукі”, – гаворыць загадчык “Роднага кута” Анжэла Мікалаеўна Міхаль.

Вольга Караленка.

На здымку: А.Міхаль, В.Наімава.

Адрас інтэрнэт-магазіна:

                                                Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства ushachi.dostavit.by.

Дарэчы

  • Аплаціць кошт заказанага праз інтэрнэт-магазін тавару можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай.

Факт

  • Штодня інтэрнэт-магазін наведвае 48 кліентаў, праўда, не ўсе пакуль “выходзяць” з пакупкамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *