
У Зінаіды Андрэеўны і яе мужа добра расце і агародніна, бо ўмеюць яе даглядаць. Што і казаць, гаспадарлівыя людзі. Да нядаўняга часу трымалі карову, да цяперашняга ёсць свінні.
Па суседству з З.А.Пятніцай жыве Валянціна Іванаўна Каваленка, для якой прыгажосць – сэнс сённяшняга дня. Яна засталася адна пасля таго, як не стала мужа. Асабліва захапілася добраўпарадкаваннем, калі пайшла на пенсію. Працавала медсястрой Глыбачанскай сельскай бальніцы, заўсёды з людзьмі, таму на пенсіі было нязвыкла, знайшла сабе занятак па душы. Прыгожа ў двары Валянціны Іванаўна з вясны да восені. Асабліва летам. Пабудавана альтанка, на лета жанчына выносіць туды з хаты свае кветкі, нямала іх і ў двары. Па вечарах свецяцца ліхтарыкі.
Не адстае ад аднавясковак і Святлана Іванаўна Маслюк. Раней яна працавала ў саўгасе, адказвала за тэхніку бяспекі, пазней – у ПУП “Ляснеўшчына”. Знаходзячыся на пенсіі, жанчына наводзіць прыгажосць дома на радасць сабе, родным і суседзям. Да яе прыязджае сын Сяргей, дапамагае. У двары яе дома прыемна адпачыць. На альтанцы – лебедзі. У палісадніку – хатка на курыных ножках, буслянка.
– Гэтыя жанчыны, – расказвае Л.В.Храмцова, – цікавыя самі па сабе. Яны не толькі дзеляцца адна з адной гаспадарскім вопытам, але і вопытам жыццёвым.