В Ушачах заработала швейная мастерская «Елена»

Общество

Ва Ушачах кліентаў гасцінна сустракаюць крамы “Аліна” і “Ганна”, цырульня “Анжаліка”, ну а з пачатку снежня ў гэты “акорд” дадалося мілагучнае жаночае імя “Алена” – менавіта так называецца швейная майстэрня, што адкрылася на першым паверсе будынка КБА.

Дзясятак год таму якраз у камбінаце бытавога абслугоўвання Алена Васільеўна Казьяніна пачынала новы адрэзак сваёй кар’еры, прыехаўшы з гораду на малую радзіму. Зараз жа вярнулася ў гэтыя сцены ў якасці гаспадыні ўласнай справы. А між дзвюма названымі падзеямі ўмясцілася восем год працы на ўшацкім прамкамбінаце, дзе апошнім часам Алена займала пасаду начальніка цэха. Такім чынам, у яе швейных здольнасцях і дызайнерскім гусце сумнявацца не даводзіцца. Арганізаваць жа такую справу можна без афармлення прадпрымальніцтва. Алена напісала заяву ў падатковую інспекцыю аб намеры ажыццяўляць паслугі на ўмовах самазанятасці, заплаціла адзіны падатак (на цяперашні час ён складае 42 рублі ў месяц), заключыла з УП ЖКГ дагавор на арэнду памяшкання. Абсталяванне майстэрні таксама не запатрабавала шмат укладанняў і клопатаў – у гэтым падтрымала сям’я: швейную машыну перавезлі з дому, яшчэ адну (для аперацый з верхнім адзеннем) дапамагла набыць мама, а тата змайстраваў раскройны стол.

Новая кропка адразу зацікавіла кліентаў. Сярод самых папулярных заказаў – замена замка ў куртцы, шмат жадаючых падкараціць штаны, падагнаць рэчы па фігуры. А вось Мікалай Жарнасек, якога якраз засталі ў майстэрні, пашыў новыя шторы для кватэры і застаўся цалкам задаволены: якасна і не надта дорага. “Вельмі патрэбная паслуга і месца ўдалае, для кліентаў звыклае, ну а пра залатыя рукі Алены і казаць залішне!”, – агучыў свае меркаванні заказчык.

“Дарэчы, а новыя калегі не засмуціліся з’яўленню на ўшацкім прыватным швейным рынку канкурэнткі?” – цікаўлюся ў Алены Васільеўны. “Абсалютна не! – усміхаецца яна. – Наадварот! Гаспадыня майстэрні “З іголачкі” Валянціна Пугачова нават прыйшла павіншаваць з адкрыццём: казала, што ў апошні час засталася адзіным выканаўцам швейных работ і ў прамым сэнсе “зашывалася”. Гасцінна сустрэла і Галіна Віннік, майстэрня па вырабе штор якой размяшчаецца побач, – нават пыталася, ці змагу я пры неабходнасці ёй дапамагаць. Так што ў нас тут утвараецца своеасаблівая гільдыя прыватных майстроў!”.

Бачна, што Алена ў добрым настроі – старт новага этапу кар’еры атрымліваецца абнадзейваючым. Мусім спадзявацца, што будзе годным і працяг.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Пасля нядаўняга закрыцця камбіната бытавых паслуг гэтую нішу, як і меркавалася, занялі прыватнікі. У памяшканні КБА па-ранейшаму можна адрамантаваць абутак, зрабіць стрыжку, сфатаграфавацца, абнавіць гардэроб, атрымаць шэраг іншых запатрабаваных паслуг.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *