Индивидуальные домики в виде летающей тарелки. В каких условиях в ОАО «Агро-Селище» растят животных

Сельское хозяйство

На фермах цяжка падтрымліваць аптымальны для жывёлы мікраклімат нават у новых памяшканнях, не кажучы пра тыя, што пабудаваны 30-40, а то і больш гадоў таму.

Сырасць, наяўнасць узбуджальнікаў хвароб характэрны для жывёлагадоўчых аб’ектаў, таму больш эфектыўным метадам лічыцца так званы халодны спосаб, пры якім маладняк буйной рагатай жывёлы гадуецца на свежым паветры. Для гэтага ў некаторых гаспадарках раёна маюцца індывідуальныя домікі, а ў ААТ “Агра-Селішча” не так даўно з’явіўся невялікі “інтэрнат”.

Аб’ект, які здалёк нагадвае лятаючую талерку з фантастычных фільмаў, з галоўнага пад’езду да малочна-таварнай фермы гаспадаркі не прыкмеціш, бо “прызямліўся” ён ля цялятніка, размешчанага паводаль. Зблізку бачна, што гэта своеасаблівы шацёр, да якога прымыкае вальер. Па перыметры ён абстаўлены квадратнымі цюкамі саломы.

– Такім чынам укрываем цялят ад ветру, – расказваюць мясцовыя жывёлаводы Арцём Грабоўскі і Фёдар Муша (на здымку). – Хоць цяляты тут ужо і не маленькія, але гэта не лішняе. А ўнутры наогул цёпла, тэмпература практычна такая ж, як і на ферме.

“Іншапланецяне” з цікаўнасцю высоўвалі пысы ў адтуліну ў тэнце, якім закрываецца ўваход, але на фотасесію не спяшаліся, хоць і спрабаваў Фёдар Іванавіч выманіць іх з дапамогай вядзерца, якім раздае канцэнтраты. “Прывыклі да кармлення па раскладзе, яшчэ ранавата, вось і не выходзяць, – тлумачаць жывёлаводы адсутнасць актыўнасці ў падапечных. – А дзесьці праз гадзіну, калі пачынаем вячэрняе кармленне, дастаткова будзе толькі лязгнуць посудам – усе будуць ля кармушак”.

Яны замацаваныя на металічнай агароджы, якая разбіраецца за пару хвілін, калі, напрыклад, трэба вычысціць тэрыторыю. Так жа аператыўна можна разманціраваць, каб перанесці на новае месца і сам модуль – менавіта такую назву па дакументах мае заводская канструкцыя, якую набывалі ў сталічнай фірме.

– Я дык яе “юртай” называю, – усміхаецца дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Плігаўка. – Але сутнасць ад гэтага не мяняецца – праблема недастатковай вентыляцыі і цяжкога паветра, напоўненага бактэрыямі, тут вырашаецца сама сабой і рызыка рэспіраторных захворванняў значна зніжаецца.

Такія модулі кіраўнік убачыў у інтэрнеце, бо перыядычна наведвае спецыяльныя сайты, цікавіцца навінкамі ў жывёлагадоўлі. Шмат чаго ёсць вартага ўвагі, але нашы гаспадаркі могуць дазволіць сабе далёка не ўсё, а толькі самае неабходнае. У Мінску набывалі пастэрызатар малака, модуль жа прыхапілі для эксперыменту. С.А.Плігаўка кажа, што хацелася б і не адзін, бо ўжо зараз бачны перавагі такога ўтрымання жывёлы, ды каштуе канструкцыя не танна: купал з арміраванага шклопластыку, тэнт на ўваход, агароджа, 10 вядзерцаў і тры карыты пад канцэнтраты, якія ўваходзяць у камплект, пацягнулі на 4 тысячы рублёў.

Колькасць ёмістасцей указвае і на колькасць насельнікаў модуля, хаця па словах С.А.Плігаўкі, у ім без праблем размяшчаецца 12-15 асобін жывёлы. Зразумела, што гэта не вялікія быкі, а цяляты з прафілакторыя. Узрост жывёлы, прыдатнай для такога ўтрымання – ад двух да шасці месяцаў. Дарэчы, тая жывёла, якая была ў модулі падчас нашага візіту на мінулым тыдні, яго ўжо пакінула, і зараз там новыя насельнікі. Пры фарміраванні груп улічваецца і фізічны стан, бо слабых цялят з больш развітымі равеснікамі ўтрымліваць не рэкамендуецца.

Асноўная ж колькасць маладняку буйной рагатай жывёлы размяшчаецца па-старынцы, у цялятніку – 178 галоў даглядаюць Ф.Муша і А.Грабоўскі. Трэба адзначыць, што ў памяшканні ў верасні-кастрычніку праведзены рамонт, на праходах суха, жывёла стаіць на глыбокім подсціле. Тройчы ў дзень выпойваюць і кормяць гадаванцаў жывёлаводы. Па іх словах, ёсць у рацыёне цялят мука і камбікорм, няма праблем і з грубымі кармамі. Таму прывагі тут хоць і не касмічнага ўзроўню, але неблагія ў параўнанні з іншымі гаспадаркамі – 459 грамаў у сярэднім за кожны з 11 месяцаў бягучага года. Да прыкладу, у ААТ “Ільюшынскі” гэты паказчык складае 393 грамы, у КУСГП “Вялікадолецкае” – 421, толькі ў філіяле “Маяк-Ушацкі” значна вышэй – 589. Але трэба ўлічваць, што ў “Агра-Селішчы” няма быкоў на адкорме, толькі дарошчванне. Затое наведзены парадак, маецца жаданне атрымліваць вынік і бачанне, за кошт чаго яго можна палепшыць.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *