Па ўсёй краіне днямі пачынаюць працаваць спецыялізаваныя елачныя кірмашы. Што прапануюць ушачанам і па якім кошце, дзе набыць галоўны атрыбут свята – пра гэта і іншае нам расказалі ва Ушацкім лясгасе.
Рэалізацыя навагодніх дрэўцаў пачнецца ў суботу, 19 снежня, і працягнецца па 31-га ўключна. На звыклым месцы – цэнтральнай плошчы гарпасёлка з 10 да 19 гадзін. Трэба адзначыць, што цэны ў параўнанні з мінулым годам практычна не змяніліся і залежаць ад вышыні дрэва. Так, елка або сасна да метра будзе каштаваць 9 рублёў, ад 1 да 2 метраў – 11, ад 2 да 3 – 16, ад 3 да 4 – 23,50, ад 4 да 5 – 30, ад 5 і вышэй – 69.50. Для тых, хто жадае пазначыць наступленне свята мінімальнай сімволікай – будуць прадавацца навагоднія букеты з іглічных галінак коштам ад 3 да 3.50 рублёў у залежнасці ад наяўнасці шышак. Таксама лясгас прапануе ўшачанам і еўрапейскія елкі ў кадках, вырашчаныя ў цяпліцах лесапітомніка. Каштаваць яны будуць 13 (да аднаго метра) і 15 рублёў (ад 1 да 2 метраў). Тым, хто абярэ такі варыянт упрыгожання, Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь прапануе далучыцца да акцыі “Захавай сімвал свята”. Сэнс яе ў наступным: купіць навагодняе дрэва, захаваць яго да вясны і высадзіць на малой радзіме. Набыць дрэўцы па кірмашнай цане можна і ва ўсіх лясніцтвах у будні з 8 да 17 гадзін.
– У перадсвяточныя дні ўзрастае колькасць выпадкаў самавольных высечак маладняку. Абавязкова захоўвайце на шляху дадому дакумент (чэк, квітанцыю), каб пацвердзіць законнасць набыцця навагодняга тавару, – адзначае намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Т.К.Даніловіч. – Нагадаем, што парушальніку давядзецца заплаціць куды большую суму, чым пры пакупцы. За незаконнае знішчэнне, высечку або пашкоджанне дрэў прадугледжаны штраф ад 5 да 50 базавых велічынь (для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 20 да 200). Акрамя таго, указам Прэзідэнта зацверджаны таксы для вызначэння памеру кампенсацыі шкоды, прычыненай лясам і аб’ектам расліннага свету. Так, незаконнае знішчэнне або пашкоджанне дрэў (акрамя размешчаных на землях населеных пунктаў дыяметрам ля пня да 12 см прымяняецца такса ў памеры 0,2 базавай велічыні. Калі канфіскаванае незаконна ссечанае дрэва будзе з-за якіх-небудзь пашкоджанняў не прыдатным да далейшай рэалізацыі, парушальнік выплаціць яшчэ адну базавую велічыню за гэтае дрэва. Рэйды ж па выяўленні незаконных высечак напярэдадні навагодніх святаў будуць праводзіцца рэгулярна. У арсенале і сучасныя тэхналогіі: у лясах ўстаноўлены фотапасткі.