“Дарога – каток!” – такую фразу можна пачуць ад ушачан кожную зіму. Аднак у мінулую пятніцу гэтае словазлучэнне набыло прамое значэнне – на вуліцах заўважаны канькабежцы, на трасе – спецыяльна ці выпадкова дрэйфуючыя машыны. У такім ледзяным палоне жыхары раёна знаходзіліся некалькі сутак.
Падсыпка не спрацоўвае
Горш за ўсё было ў пятніцу раніцай. Да наступстваў стыхіі аказаліся не гатовы практычна ўсе: вадзіцелі – не абышлося без дарожна-транспартных здарэнняў, пешаходы – ім пасля няўдалых падзенняў спатрэбілася медыцынская дапамога, ну і, вядома, дарожнікі з камунальнікамі, якія ў барацьбе з капрызамі надвор’я часта ўсё ж прайгравалі.
Тэлефон адказных за бяспеку дарожнага руху спецыялістаў у гэты дзень практычна не змаўкаў. “Ад вуліцы Віцебскай да цэнтральнай плошчы ісці немагчыма. Калі разаб’ю галаву, хто адкажа?”, “У Градзянцы – сапраўдны каток, а хутка са школы пойдуць дзеці…” Такія звароты патрабавалі найперш не адказу, а хуткага рэагавання. І ўсё магчымае, як запэўніў начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі Мікалай Леанідавіч Гаўрылюк, рабілася. Канечне, кожны хоча, каб менавіта на яго вуліцы, ля яго дома дарога была чыстай, не слізкай. Вось толькі адначасова падсыпаць пясчана-солевай сумессю ўсе ўчасткі ва ўсіх населеных пунктах раёна проста немагчыма! І калі са сваім аб’ёмам работ дзве адзінкі спецтэхнікі ДЭУ-37 нармальна спраўляюцца, у ДРБУ-105, дзе такая ж колькасць “пескачоў” (дарэчы, адзін з іх пасля пятнічных выпрабаванняў стаў на рамонт), праблемы ўзнікаюць.
– Работы па падсыпцы вуліц таксама не спыняем ні на хвіліну, – запэўніла нас ва ўзгаданы дзень намеснік дырэктара УП ЖКГ Вольга Віктараўна Шчэрбік. – І калі з дарогамі крыху прасцей – ажыўлены рух транспарту ў райцэнтры дапамог “разбіць” лёд, пешаходныя зоны і тратуары застаюцца слізкімі. Здаецца, толькі іх падсыпалі, аднак мокры снег пры адмоўнай тэмпературы ўжо зрабіў сваю справу – пакрыццё зноў як люстэрка, нанесеная сумесь не спрацоўвае.
Дарэчы, апошняе стала прычынай аварыі, што адбылася пятнічным ранкам на 87-м кіламетры аўтадарогі “Сянно-Бешанковічы-Ушачы”, паблізу вёскі Чарсцвяды. Пры руху на аўтамабілі “LADA Granta” жыхар Пастаўскага раёна 1971 года нараджэння не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Так, на момант здарэння дарога тут была слізкай, аднак віны ДЭУ-37 у гэтым няма: з падсыпкай ва ўказаную зону спецтэхніка прыязджала некалькі разоў – у 12 і 3 гадзіны ночы, а таксама ў 10 раніцы.
Аўтобусы – з затрымкай
– Ідучы раніцай на работу, ужо рыхтавала сябе да непрыемнасцяў, – прызналася начальнік участка Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка К.А.Марачкіна. – Разумела, што ў сельскіх населеных пунктах, дзе дарогі знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-105, дарогі будуць слізкімі. Так і атрымалася. З-за моцнай галаледзіцы многія нашы аўтобусы ехалі з затрымкай, а ў некаторыя населеныя пункты ўвогуле не трапілі.
Так, не дабраліся пасажыры да Пуцілкавіч і Ветча, Рагуцкіх – грамадскі транспарт па гэтых маршрутах змог пераадолець дарогу толькі да Казімірова і Жар. У Старое Сяло аўтобус накіраваўся без заезду ў Мосар, у Глыбачку – міма Гарадка. Непераадольным стаў шлях да Лепеля – у Тартаку транспарт стаў, давялося каля пяці гадзін чакаць прыезду дарожнікаў, каб пасля праведзенай падсыпкі вярнуцца ва Ушачы. Пасажырам, якія ўвесь гэты час знаходзіліся ў салоне аўтобуса, мякка кажучы, не пазайздросціш.
– Шчыра ўдзячна ўшачанам за тое, што аднесліся да абставінаў, на якія мы не можам паўплываць, з разуменнем, – кажа Кацярына Аркадзьеўна. – Ніякіх скаргаў нам не паступала. Тым, хто не дабраўся ў Лепель, прапанавалі бясплатна паехаць мінскай маршруткай на наступны дзень. Дарэчы, у суботу сітуацыя на дарогах стабілізавалася – цяпер мы працуем у прывычным рэжыме.
Катэгорыя мае значэнне!
Непрыемнасці чакалі ў пятніцу і гружоныя МАЗы лясгаса. У Пуцілкавічах і Капылоўшчыне, дзе дарожнае пакрыццё не было своечасова падсыпана, лесавозы з’ехалі ў кювет. Недапрацоўка ДРБУ-105? Не факт! Трэба разумець, што па існуючых правілах падсыпка дарог праводзіцца ў залежнасці ад іх катэгорыі. Так, напрыклад, усе гравійныя (пятая катэгорыя) “могуць пачакаць” 16 гадзін; тыя, што адносяцца да трэцяй – напрыклад, “Ушачы-Зябкі” – 14. У першую ж чаргу спецтэхніка традыцыйна накіроўваецца на дарогі рэспубліканскага значэння, а з імі, па словах усіх апытаных, асаблівых праблем не было.
Зімняя гума ў дапамогу
Машына без шын па сезоне – першы кандыдат на трапленне ў дарожна-транспартнае здарэнне. У праўдзівасці гэтай аксіёмы з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ пераканаліся падчас эксперыменту, праведзенага на тэрыторыі аэрадрома ля вёскі Кублішчына. Наша мэта – у максімальна экстрэмальных умовах, без усялякай падсыпкі дарогі, параўнаць тармазны шлях двух аўтамабіляў. Адзін, як і патрабуецца, у зімніх шынах. Другі дагэтуль “носіць” летнія.
Пры хуткасці ў 40 км у гадзіну тармазны шлях падрыхтаванага да зімы транспарту склаў 26 метраў, аўтамабіля на летняй гуме – 41. Вырашаем арганізаваць другі заезд, на хуткасці 45 км у гадзіну. Тармазны шлях першага аўто павялічваецца нязначна, што тлумачыцца добрым станам зімовай пакрышкі – глыбіня пратэктара складае 8 мм – удвая больш мінімальна дапушчальнага параметра. Тым часам у другой машыны тармазны шлях павялічыўся адразу на 15 метраў – да 56. Ад трэцяй спробы з нарошчваннем хуткасці адмаўляемся: небяспечна.
У ДАІ рэкамендуюць не толькі выкарыстоўваць на аўто зімнія шыны, але і выбіраць аптымальную хуткасць руху, адэкватна ацэньваць свой узровень вадзіцельскага майстэрства. Інакш бяды не пазбегнуць.
Няўдалыя падзенні
Нямала было на Ушаччыне гэтымі днямі галалёдных траўм. У большасці выпадкаў гаворка ішла пра звычайныя сінякі. За медыцынскай жа дапамогай з прычыны пераломаў, моцных удараў і парэзаў аб лёд звярнулася ўсяго некалькі чалавек. У райбальніцы нагадваюць, што самыя траўманебяспечныя месцы ў перыяд галалёду – прыступкі дамоў і пад’ездаў, грамадскага транспарту, горкі, у тым ліку дзіцячыя.
– Няпростымі былі гэтыя выхадныя для супрацоўнікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, – расказвае намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ па медыцынскім аблугоўванні насельніцтва Наталія Васільеўна Дрозд. – На выклікі па вуліцы Віцебскай райцэнтра выязджалі з асцярогай: большасць дваровых дарог і падыходаў да пад’ездаў не былі падсыпаны, што перашкаджала руху транспарту і выклікала цяжкасці ў медыкаў.
* * *
Уся зіма наперадзе – і “слізкіх” выпрабаванняў, хутчэй за ўсё, будзе нямала. Аднак на Ушаччыне да іх ужо гатовы – зрабіць неабходныя высновы дапамог гэты снежаньскі “ўрок”. Варта было б падумаць пра бяспеку і самім грамадзянам. Не так складана пасыпаць пяском ці попелам уласны падворак, “збіць” лёд з лесвіцы, а па магчымасці перачакаць наступствы стыхіі дома. Будзьце асцярожныя!
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Очень не плохо бы читать и на русском языке.