Нават зусім далёкія ад аўтаспорту людзі, пачуўшы слова “Дакар”, прыгадаюць, што гэта назва самага знакамітага ралі. Штогод на працягу двух студзеньскіх тыдняў увесь свет з захапленнем сочыць за непрадказальным марафонам, на старт якога выходзяць легкавыя аўтамабілі, матацыклы і грузавікі. Да спаборніцтваў апошніх у беларусаў найбольшая цікаўнасць, бо сярод фаварытаў пелетона – заводская каманда “МАЗ-СПОРТаўта”. Ну а ва ўшачан ёсць і асаблівая нагода хварэць за суайчыннікаў, бо ў складзе мазаўскай дружыны прысутнічае наш зямляк Максім Новікаў. Сёлетні “Дакар” для яго будзе дзясятым, і ў пяты раз ушачанін выступіць у ролі штурмана аднаго з беларускіх экіпажаў.
Знакаміты марафон, які за 40 год свайго існавання скалясіў абшары Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі, летась перабраўся ў Саудаўскую Аравію. Усе буйныя аўтаспаборніцтвы бягучага года былі адменены з-за пандэміі, але “Дакар-2021” вырашылі правесці – праўда, у скарэкціраваным фармаце: маршрут стане больш кампактным, а некаторыя каманды скарацілі колькасць экіпажаў – так, калі раней на трасе ралі-рэйда спаборнічалі тры МАЗы, то сёлета на старт выйдуць толькі два. Першы ўзначаліць наш вядомы пілот Сяргей Вязовіч, які з трох апошніх марафонаў прывёз срэбра і бронзу. За рулём другога будзе Аляксей Вішнеўскі, ну а яго “правай рукой” стане Максім Новікаў – летась іх экіпаж фінішыраваў на “Дакары” восьмым. Нягледзячы на моцную занятасць, наш зямляк знайшоў час, каб расказаць чытачам “Патрыёта” пра свой шлях у аўтаспорт.
Машынамі Максім захапіўся з маленства – пастаянна круціўся ў майстэрнях “Райсельгастэхнікі”, дзе працаваў тата Мікалай Сцяпанавіч. Моцна зайздросціў лепшаму сябру Пашу Басаку, у якога быў мапед, а ў дзявятым класе бацькі здаліся ўгаворам і купілі Максіму матацыкл “Мінск”, так што ўвесь вольны час хлопцы праводзілі ў гаражы. “Мама, ну навошта мне новыя красоўкі… Давай лепш купім поршневыя кольцы!” – агучваў юнак свае жыццёвыя прыярытэты. І Кацярына Іванаўна, хоць і хвалявалася, але заўсёды разумела і падтрымлівала сына. Пасля школы ён абраў тэхнічную сферу – паступіў на аўтатрактарны факультэт БНТУ. Вучыцца на спецыяльнасці “Рухавікі ўнутранага згарання” было няпроста, аднак Максім здолеў атрымаць дыплом з высокім сярэднім балам 8,5. Уладкаваўся на МАЗ, а тым часам кіраўніцтва завода, натхніўшыся прыкладам калег-камазаўцаў, вырашыла пабудаваць беларускі спартыўны грузавік і стварыць гоначную каманду – малады інжынер далучыўся да гэтай справы.
У 2010 годзе беларусы паспяхова дэбютавалі ў міжнародным ралі “Шаўковы шлях” і адправіліся на “Дакар”. А ў 2012-м Максім упершыню трапіў на легендарны марафон у складзе “начных механікаў” – групы спецыялістаў, якія ў час, пакуль гоншчыкі адпачываюць у бівуаках, павінны перагледзець і, калі трэба, адрамантаваць аўтамабілі. “З беларускай зімы трапілі ў аргенцінскае лета. Працавалі па начах, а раніцай выязджалі да новага бівуака, спалі толькі ў машынах. Было складана і вельмі цікава!” – прыгадвае Максім. Але, напэўна, дрэнны той начны механік, які не марыць стаць гоншчыкам. Для гэтага ж, апроч таленту, трэба мець надзвычайную вынослівасць і “жалезны” вестыбулярны апарат, бо перагрузкі падчас ралі не меншыя, чым у касманаўтаў: моцнае трасенне, спёка, абязводжванне, абмежаванае харчаванне, пастаянны стрэс. Кандыдаты ў члены экіпажу праходзяць праверку падчас тэсціравання машын на палігоне ля расійскай Астрахані і толькі адзінкі трапляюць у кабіну гоначнага МАЗа. Максім прайшоў адбор і тлумачыць гэта з гумарам: “Ну, дык я ж ушацкі хлопец!”
Пралягаюць шляхі гонак праз пустыні, саваны, горныя перавалы. На “Дакары-2019” у Перу, напрыклад, ехаць даводзілася па кромцы глыбокай цясніны. А аднойчы экіпаж Аляксея Вішнеўскага быў вымушаны заначаваць на трасе, бо трапіў у палон… аблокаў, якія яны спачатку прынялі за туман. Адбылося ж гэта, бо прамарудзілі час, пакуль дапамагалі хлопцам з іншай каманды, грузавік якіх лёг на бок. Разам з беларусамі ў гэты пераплёт трапіў і галандскі экіпаж, у якога да таго ж скончыўся запас ежы: гродзенская тушонка, якой пачаставалі іх мазаўцы, прывяла еўрапейцаў у поўнае захапленне! Звычайна не даехаўшыя ў дзень этапу да фінішу экіпажы здымаюць з “Дакара”, але Максіму і яго сябрам у парадку выключэння дазволілі працягнуць гонку. У той год, дарэчы, з 43 стартаваўшых грузавікоў да фінішу марафону дабраліся толькі 12.
Дакар – спаборніцтвы не толькі гоншчыкаў, а і канструктараў. Максім, які з’яўляецца вядучым інжынерам, працуе над стварэннем і ўдасканальваннем грузавых балідаў. Летась, напрыклад, упершыню выпрабоўвалі на трасе марафону новую мадыфікацыю капотніка – такая кампаноўка паляпшае развагоўку аўтамабіля. А галоўнае, крэслы членаў экіпажу знаходзяцца не над пярэднім мостам, як у бескапотніку, а далей, таму на жорсткіх участках іх менш трасе, адпаведна, праходзіць іх можна на большай хуткасці. Вопыт быў прызнаны ўдалым і сёлета абодва нашы экіпажы будуць выступаць на капотніках.
Апошнія, дарэчы, ужо накіраваліся ў дарогу – з Марсэля тэхніку на пароме даставяць на Аравійскі паўвостраў. Члены экіпажаў адправяцца туды праз два тыдні, а зараз праводзяць інтэнсіўныя трэніроўкі, фізіятэрапеўтычныя працэдуры, каб падысці да ралі ў аптымальнай форме. Ну а рэдкія вольныя гадзіны Максім імкнецца прысвяціць жонцы і сыну.
Мы ж будзем чакаць 3 студзеня, калі ў горадзе Джыда стартуе першы этап “Дакара-2021”, і выглядаць у інфармацыйных відэасюжэтах чырвоны грузавік з надпісам #505. Удачы табе, зямляк, і поспехаў усёй мазаўскай камандзе!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
- Баявы экіпаж складаецца з трох чалавек, і калі функцыі пілота і механіка ўсім зразумелыя, то роля штурмана больш загадкавая. Па словах Максіма, “Дакар” у чымсьці падобны на гульню: трэба як мага хутчэй праехаць усе этапы маршруту, сабраўшы “скрытыя кропкі”. Штурман жа ўказвае пілоту, куды і як рухацца, а вызначае гэта з дапамогай адмысловага GPS і выдадзенага перад гонкай роўдбука (зборніка піктаграм), дзе зялёнымі стрэлкамі пазначаны накірункі, а чырвонымі – небяспечныя месцы. Іншы раз злавіць сігнал ад знойдзенай кропкі можна толькі ў радыусе 20 метраў, але ж ніводную нельга прамінуць, бо атрымаеш штраф.
- Гонкі – справа рызыкоўная: па статыстыцы, кожны “Дакар” у сярэднім уносіць жыцці двух чалавек, у пераважнай большасці гэта матацыклісты, таму сёлета мяркуецца апрануць іх у камізэлькі з падушкамі бяспекі. Аўтамабілістаў жа ад траўмаў ахоўвае спецыяльны каркас, а ад апёкаў – камбінезон, які на працягу 10 секунд вытрымлівае тэмпературу 1500 градусаў. Арганізатары пільна сочаць і за тым, каб пад ім была спецыяльная нацельная бялізна: пілота, які забыўся апрануць адмысловыя шкарпэткі, проста не дапусцяць да гонкі.