Ушачское предприятие «Твестуба ПРО» трудится над спецзаказом МЧС — изготовлением оригинальной упаковки для новогодних подарков

Экономика и малый бизнес

Увесь трэці паверх будынка “Твестубы ПРО” зараз у чырвоных тонах: застаўлены маляўнічымі “бочачкамі” – упакоўкай для падарункаў дзецям выратавальнікаў. Сёлета Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – даўні партнёр ушацкага прадпрыемства – заказала ажно 10 тысяч скрынь.

Малюнак мала чым адрозніваецца ад даўнішняга – усё па тэматыцы агняборцаў, распрацоўвалі яго таксама выратавальнікі і паставілі на прадпрыемства гатовыя наклейкі. А вось сама ўпакоўка на гэты раз крыху большага памеру і з ручкамі. Гэта зрабіла працэс больш працаёмкім. На спецыяльных станках да кардоннай тубы мацуецца бляшанка-донца і прымацоўваецца наклейка. А вось на накрыўку – уручную, як і прадзяванне шнуркоў у спецыяльна зробленыя адтуліны. Дарэчы, працэс крыху механізавалі, прыдумаўшы прыстасаванне для прасвідравання роўных круглых дзірак. Атрымаўся палепшаны варыянт.

– Работы, канечне, больш, а прыбытак лічы што такі ж, як і на звычайную папяровую тубу, аднак не можам адмовіць даўнім партнёрам. І калі раней навагоднія падарункі ў нашых упакоўках атрымлівалі дзеці супрацоўнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, то сёлета вырабы раз’едуцца ва ўсе вобласці, акрамя Магілёўскай. Такога вялікага заказу ад выратавальнікаў яшчэ не было, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці Нэлі Канстанцінаўна Хвошч. – Таму і працуем у дзве змены, каб паспець, займаем літаральна ўсіх вольных на іншых працэсах людзей.

Штодня ідзе і адгрузка. Адміністрацыя і сама шукае транспарт, каб вызваліць ад гатовай прадукцыі плошчы, паколькі за дзень рыхтуюць па 600 святочных бочачак, якія ідуць ці непасрэдна на “Камунарку”, дзе будуць напаўняцца ласункамі кандытарскай фабрыкі, ці ў іншыя кропкі.

“Выканалі нядаўна і яшчэ больш карпатлівы заказ – рыхтавалі скрыначкі пад каву і іншыя прысмакі, дзе выкарыстоўвалася некалькі папяровых гільз і абавязкова трэба было спалучаць малюнак на тары з накрыўкай. Таму гэтыя два элементы аклейвалі паралельна, каб потым не гуляць у “адшукай пару”, – паказвае яшчэ адну новую мадэль галоўны інжынер Іван Фёдаравіч Антопуш. Ну а стэнд вырабаў святочнай упакоўкі ў офісе кампаніі ўсё папаўняецца. З навінак – маленькая, дыяметрам у тры сантыметры круглая туба для Брэсцкага панчошнага камбіната. Што будзе ў ёй – дзіцячыя шкарпэткі ці капронавыя вырабы (больш проста нічога не памесціцца) – супрацоўнікі “Твестубы-ПРО” толькі здагадваюцца. Як і пра прызначэнне даўгіх гільз для свайго новага заказчыка – Барысаўскага завода пластыкавых вырабаў. Хутчэй за ўсё будзе намотвацца палімерная плёнка, пакеты ці агараджальная стужка. Хаця, для нашых вытворцаў гэта не важна, а вось каб справіцца і з гэтым буйным заказам – другі цэх працуе ў тры змены. І яго памяшканні запоўнены зараз не толькі даўгімі тубамі, але і кардоннымі бочачкамі – тарай шырокага прызначэння, у якой захоўваюць ад бітуму да мочаных агуркоў. Перад новым годам паставілі нарыхтоўкі для капцюраточак для правераных кампаній “Каньён-Заа”, “Кот і пёс”. Гэта той рэдкі выпадак, калі сваёй прадукцыяй карыстаюцца самі – набываюць для сваіх гадаванцаў гатовы прадукт.

Як і для ўсіх – сёлетні год для прадпрыемства складаны. Каранавірус прымушаў экстранна мяняць састаў змен, ставіць людзей на часовую падпрацоўку замест “выбыўшых”. Аднак, на шчасце, толькі гэтым. Заказаў не паменела, хутчэй наадварот. І калі многія прыватныя кампаніі напярэдадні Новага года ўстройваюць для сябе працяглыя канікулы, то ў “Твестубы” самы напружаны час, ды і на студзень 2021-га заказаў хапае. А што можа быць лепш на Новы год – як упэўненасць у заўтрашнім дні.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *