Семья Галиновских любит малую родину и возрождает родовое гнездо в деревне Антуново

Общество

Дачу Тамары Антонаўны і Віктара Дзмітрыевіча Галіноўскіх у Антунове знойдзеш хутка. Па-першае, не так і многа двароў у гэтай невялікай вёсцы, а па-другое, яна поўнасцю адпавядае званню лепшага ветэранскага падворка – менавіта гэта сядзіба стала пераможцай раённага конкурсу у дадзенай намінацыі ад Вялікадолецкага сельсавета. Прыемнае ўражанне пакідае вялікі ўтульны двор, парадак на ім. А яшчэ – знаёмства з гаспадыняй, простай, шчырай і абаяльнай жанчынай-працаўніцай, якая адраджае радавое гняздо.

Размясціўшыся на канапе, з захапленнем слухаю ўспаміны Тамары Антонаўны. Сям’я яе бацькоў па тых часах, можна сказаць, сярэднестатыстычная – “усяго” трое дзяцей, хаця па сённяшніх мерках лічылася б мнагадзетнай. Жанчына прыпамінае, што вёска была хоць і не вельмі вялікая, але ў кожнай хаце гучаў не адзін звонкі галасок.

Заканчвала яна мясцовую пачатковую школу, а дзесяць класаў – у Маладолецкай сярэдняй. У 1976 годзе паехала ў Мінск, дзе пасля заканчэння вучылішча працавала на гадзіннікавым заводзе зборшчыкам – марка “Луч” лічылася брэндам. У сталіцы сустрэла і будучага мужа, рабочага трактарнага завода – якраз у снежні Галіноўскія адзначаюць рубінавае вяселле, вось ужо 40 гадоў разам крочаць па жыцці.

– Распісаліся ў Мінску, – прыгадвае Тамара Антонаўна. – А само вяселле спраўлялі двойчы. Спачатку тут, у Антунове. Зімы тады былі суровыя, памятаю, што маразы стаялі градусаў пад дваццаць пяць. А праз два тыдні паехалі да мужа на Магілёўшчыну.

Неўзабаве маладая сям’я перабралася ў Наваполацк, дзе працаваў старэйшы брат Тамары Антонаўны, пайшлі ў будаўнічую арганізацыю, бо ў горадзе нафтавікоў, які тады бурна развіваўся, прасцей было вырашыць жыллёвае пытанне і абзавесціся ўласнымі квадратнымі метрамі. Давялося Т.Галіноўскай папрацаваць і на “Вымяральніку”, і на заводзе бялкова-вітамінных канцэнтратаў – пераходзіла, каб зручней было гадаваць дзяцей. Іх Тамара Антонаўна нарадзіла трое, але дачушцы лёс не адмераў і пяці гадоў. “Не было тады такіх сучасных метадаў дыягностыкі, каб рана выявіць хваробу, ды малышка ні на што і не скардзілася, – голас жанчыны дрыжыць, бо горыч страты жыве ў сэрцы і зараз. – У бальніцу мы адвозілі яе адсюль, з Антунова – яшчэ адна з прычын асаблівых адносін да роднай вёскі. Перахварэлі пасля самі з мужам цяжка, у яго ўжо ў 30 гадоў з’явіліся праблемы з сэрцам”.

Віктар Дзмітрыевіч на момант нашага візіту знаходзіўся ў горадзе – так і працягвае яшчэ працаваць у будаўніча-мантажным упраўленні, у якое ўладкаваўся ў маладосці. Але на радзіму жонкі прыязджае кожныя выхадныя, праводзіць тут водпуск. Наведваюцца ў Антунова і два сыны Галіноўскіх, трое ўнукаў.

– Дзеці мае, як і мы з мужам, кабінеты не займаюць, але добрыя хлопцы выраслі: адзін – будаўнік, другі – вадзіцель-дальнабойшчык, – працягвае Тамара Антонаўна. – Наведваюць, дапамагаюць па меры магчымасці. У нас нават тры мотакасы – на кожнага з дарослых мужчын, бо абкошваць трэба вялікую тэрыторыю.

Адзначу, што гаворка ідзе не толькі пра ўласны ўчастак. Сям’я даглядае і так званыя грамадскія тэрыторыі, што прымыкаюць да іх сядзібы – ля калодзежа, саджалкі, якую выкапалі за ўласныя сродкі. І ў тым, што па выніках сёлетняга раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні Антунова прызнана пераможцам сярод сельскіх населеных пунктаў, вялікая іх заслуга. Пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, Тамара Антонаўна большую частку года праводзіць на дачы. У мінулыя сезоны з сакавіка па лістапад, а сёлета прыхапіла і снежань.

– Пакуль эпідсітуацыя не нармалізуецца, у горад не паеду, – кажа гаспадыня. – Занятак ля ўласнага дома заўсёды знойдзецца, зараз вось, напрыклад, ружы ўкрывала, атрымала выпіску на саманарыхтоўку дроў, тут зусім побач участак, муж прыедзе, і будзем пачынаць, ёсць матаблок. Улетку ж наогул з 5 гадзін раніцы ўжо на вуліцы – вельмі люблю кветкі, а яны патрабуюць догляду.

Не сезон зараз, але па разбітых клумбах бачна, што ў цёплую пару сядзіба патанае ў квецені. “Гаспадарка павінна мне прэмію выпісаць, – жартуе Тамара Антонаўна. – Я з суседняга поля ўсё каменне на клумбы ды горкі падабрала!” Значныя плошчы заняты і пад агародніну, бульбу, маюцца дзве цяпліцы.

Мясцовая зямля шчодра палітая крывёй народных мсціўцаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут быў адзін з галоўных на Ушаччыне цэнтраў супраціўлення, звыш 200 партызан пахавана на могілках. Над імі ўзвышаецца велічны помнік, які сёлета адрэстаўрыраваны, праведзена і добраўпарадкаванне вакол яго, устаноўлена агароджа. А цераз дарогу ад сядзібы Галіноўскіх знаходзіцца невялікі абеліск з мемарыяльнай дошкай на месцы размяшчэння падпольнага Лепельскага райкама кампартыі, штабоў партызанскіх брыгад “Дубава” і “Жалязняка”, потым брыгады імя І.В.Сталіна. Сям’я Тамары Антонаўны даглядае гэта месца, тут яна высаджвае кветкі, а на партызанскіх могілках сёлета палівала, каб прыжыліся. Да вайны ў жанчыны свае рахункі – бацька яе хоць і не быў удзельнікам баявых дзеянняў, але 14-гадовым падлеткам трапіў у канцэнтрацыйны лагер Асвенцым. “Тату пашанцавала, застаўся жывы, вось толькі здароўе моцна падарвалася, – расказвае Т.Галіноўская. – Магчыма, з-за гэтага і пажыў мала, памёр яшчэ ў 2000 годзе. Пра лагер не любіў успамінаць, працаваў у калгасе, у жывёлагадоўлі, ніякімі льготамі не карыстаўся. Дома былі дзве каровы, авечкі, конь, свінні, птушка – змалку мы з братамі мелі свае абавязкі па гаспадарцы, так што праца на зямлі мне добра знаёмая. Ды і калі ўжо жылі ў горадзе, бацькоў наведвалі рэгулярна, дапамагалі.”

У мінулыя гады трымала курэй і Тамара Антонаўна. Сёлета ж з жыўнасці засталася толькі сабака Герда, любіміца і нязменная спадарожніца гаспадыні ў паходах па мясцовых лясах. Дары прыроды Т.Галіноўская нарыхтоўвае не толькі для сваёй сям’і, а і зарабляе на іх здачы неблагую капейку. А ягадныя і грыбныя мясціны ведае выдатна, у дзяцінстве дапамагала на зборы смалы-жывіцы маці, якая працавала ў леспрамгасе ў суседнім Мірным.

Браты Т.Галіноўскай таксама жывуць у Наваполацку, маюць дачы бліжэй да горада і на бацькоўскую спадчыну не прэтэндуюць, хіба што прыедуць пагасціць у родныя мясціны да сястры. Пасля таго як 9 год таму пайшла з жыцця і маці, Тамара Антонаўна тут паўнапраўная гаспадыня, “камандуе” рэканструкцыяй па сваім жаданні і разуменні. І не бяда, што вёска знаходзіцца далекавата, у гэтым ёсць і перавагі. “Ціха, спакойна, выдатная прырода – мне вельмі дарагая мая вёска, і я не прамяняю яе ні на якую іншую, – кажа Т.Галіноўская. – Нядаўна задумалася, а для каго стараюся? Дык малодшая ўнучка, якой падабаецца ў мяне бываць і якая марыць стаць ветурачом, сказала: “Я, бабуля, пасля цябе буду тут гаспадарыць, жывёлу разводзіць…”

Магчыма, мары дзяўчынкі застануцца толькі намерамі, але і яны грэюць душу Тамары Антонаўны, якую яна спаўна ўкладае ў малую радзіму.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *