Незвычайная экспазіцыя з’явілася днямі на першым паверсе райвыканкама. Прайсці міма прыгожых навагодніх елачак, абаяльных гномікаў, бычкоў ды снегавічкоў, не зачапіўшыся за іх поглядам, проста немагчыма. Гэта вырабы ўшацкіх умельцаў – работнікаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць гурткі, працоўныя майстэрні аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Вазы, кошыкі, куфэркі змайстраваны з тканіны, атласных стужак, саломкі, расфарбаваных папяровых трубачак.
– Ужо каля двух месяцаў з нашымі падапечнымі ствараем навагоднія сувеніры, – расказвае загадчыца прыгаданага аддзялення Наталля Мікалаеўна Глінская. – Невялікую выставу наладзілі ў Градзянцы, астатняе перадалі на рэалізацыю ва ўнівермаг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”. Калі штосьці прыглянецца ў райвыканкаме, спецыялісты цэнтра таксама падкажуць кошт і дапамогуць з набыццём. Нагадаю, што вырабіць для вас сувенір людзі з інваліднасцю могуць і па індувідуальным заказе – прыходзьце да нас па адрасе: в.Градзянец, вул.Цэнтральная,3а ці тэлефануйце па нумары 5-99-73.
– У пераднавагоднім рэжыме жыве зараз і наша ўстанова, – кажа педагог дадатковай адукацыі Таццяна Васільеўна Мураўская (на здымку). – На творчай пляцоўцы, якую сёння аформілі, прадстаўлены вырабы практычна ўсіх работнікаў – ушачане абавязкова знойдуць нешта па сваім гусце. Набыць такую прадукцыю таксама можна ў спарткомплексе і непасрэдна ў цэнтры па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская,15а (тэлефон для даведак: 5-85-40).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.