На базе ТЦСОН в Граденце открылся благотворительный центр «Дари добро»

Общество

Па ініцыятыве раённых арганізацый Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага саюза жанчын на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Градзянцы створаны дабрачынны цэнтр “Дары дабро”, які сімвалічна пачаў сваю работу 3 снежня – у Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Гэта своеасаблівая пляцоўка для збору рэчаў, неабходных грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі (пацярпелі на пажары, адчуваюць нястачу, вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і іншых).

Падзяліцца часцінкай сваёй душы з землякамі могуць усе жадаючыя. Для гэтага неабходна ў будныя дні з 8 да 12 гадзін перадаваць у цэнтр рэчы, якія яшчэ могуць паслужыць. Дарэчы будуць мужчынскае, жаночае і дзіцячае адзенне, абутак, галаўныя ўборы, пасцельная бялізна, сродкі гігіены, посуд, кнігі, мэбля, а таксама харчовыя прадукты доўгага захоўвання.

– Лісты з прапановай далучыцца да дабрачыннай справы разаслалі ва ўсе працоўныя калектывы Ушаччыны, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Васільеўна Пашковіч. – І вельмі прыемна, што многія адгукнуліся. Сярод першых, хто зрабіў гэта, – работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Кубліцкі сельвыканкам, саюз жанчын. Ужо на адкрыцці паліцы цэнтра былі запоўнены.

Шчыра дзякавала прадстаўнікам газавай службы і аддзела па надзвычайных сітуацыях за дапамогу ў абсталяванні памяшкання дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Анатольеўна Ціханава. Яна падкрэсліла, што дзверы цэнтра адкрыты для ўсіх, каму патрэбна дапамога, у будныя дні з 8 да 17 гадзін. Курыраваць жа работу цэнтра будуць спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН на чале з Т.Раманоўскай (на здымку).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *