Белдзяржстрах з’яўляецца ўніверсальнай арганізацыяй, якая аказвае самы шырокі спектр страхавых паслуг для юрыдычных і фізічных асоб па шэрагу відаў страхавання. Сёння беларускія страхоўшчыкі ў 99-ы раз адзначаюць сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы сустрэліся з начальнікам аддзела па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне Тамарай Васільеўнай ЗІМНІЦКАЙ і пагутарылі пра тое, як дзейнічала арганізацыя ў няпростым для ўсіх 2020 годзе.
– Пакуль гром не грымне – мужык не перахрэсціцца. Наколькі актуальнай застаецца ў сучасным грамадстве старажытная славянская прымаўка?
– Ведаеце, гэта ўвогуле ў прыродзе чалавека: не хочацца загадзя думаць пра хваробы і траўмы, прыродныя катаклізмы і няшчасныя выпадкі. Але ж практыка паказвае, што без няўдач жыццё не пражывеш і, як сведчыць яшчэ адна прымаўка, – загадзя падсцяліўшы саломку, не так балюча падаць. Прынамсі, ушачане гэта разумеюць, пра што сведчыць факт: за год жыхары раёна заключылі каля 16300 страхавых дагавораў – такім чынам, на кожнага нашага земляка прыходзіцца больш чым па адным полісе. Гэта і нядзіўна, бо ў цяперашні час абараніць можна лічы што ўсё: рухомую і нерухомую маёмасць, транспарт, жывёлу, здароўе, жыццё і нават часткі цела! Вялікі эканамічны патэнцыял дазваляе нашай арганізацыі страхаваць на вельмі значныя сумы, а сістэма накапляльных відаў робіць пастаяннае супрацоўніцтва з Белдзяржстрахам выгадным для кожнага кліента.
– Па якіх выпадках звярталіся сёлета за выплатамі ўшачане?
– За 11 месяцаў бягучага года ў Белдзяржстрах заявы на выплату страхавога пакрыцця і забеспячэння напісалі 567 нашых землякоў. Самы папулярны “маёмасны” зварот – наступствы моцнага ветру (96 страхавых выпадкаў за бягучы год), пажары сталі падставай 13 зваротаў, заліццё – 12, град – 4, неправамерныя дзеянні трэціх асоб – 14, аварыі ацяпляльнай сістэмы (у асноўным – выхад са строю газавых катлоў) – 9. Традыцыйна шмат зваротаў датычыцца перанапружання электрасеткі, у выніку чаго псуецца электратэхніка, – сёлета за 11 месяцаў такіх было 51, тады як летась за гэты перыяд – 35. А вось колькасць выпадкаў, звязаных са стратай гаспадарчай жывёлы, стала меншай – 36 супраць 47 леташніх: з іх 23 – вымушаны забой і 2 – падзеж кароў і быкоў, 2 – вымушаны забой і 7 – падзеж коней, яшчэ два выпадкі датычыліся падзяжу коз.
За выплатамі па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў звярнулася 58 грамадзян, па добраахвотным (Аўтакаска) – 28. Гэтыя лічбы вышэй за леташнія, бо было заключана больш адпаведных дагавораў.
– А ці многім нашым землякам спатрэбілася падтрымка Белдзяржстраха з-за непрыемнасцяў са здароўем?
– Па добраахвотным страхаванні ад няшчасных выпадкаў і захворванняў сёлета ўжо звярнулася за выплатамі 228 чалавек. У асноўным, гэта тыя, хто атрымаў траўмы. А што датычыцца захворванняў, то выплаты па гэтым відзе адбываюцца пры афармленні поліса з “плюсам”, а страхавымі выпадкамі лічацца толькі тыя, калі хвароба выяўлена ўпершыню ў перыяд дзеяння дагавора і пацягнула за сабой аператыўнае ўмяшальніцтва, інваліднасць або смерць. Пры гэтым на шэраг дыягназаў (напрыклад, анкалогію, цыроз) названы від страхавання ўвогуле не распаўсюджваецца, а часцей за ўсё па ім атрымліваюць выплаты страхавальнікі з апендыцытам, хваробамі сэрца.
Актуальнасць набыло страхаванне ад небяспечных хвароб, па якім заключана больш 160 дагавораў. Увогуле гэты від не новы, але сёлета ў пералік дыягназаў была ўключана каранавірусная інфекцыя. Выплаты па ім могуць атрымаць таксама тыя, хто захварэў на тыф, сальманэлёз, шаленства, малярыю, вірусны гепатыт, іншыя небяспечныя хваробы, і ў выніку часова страціў працаздольнасць. Можна таксама асобна застрахавацца ад СНІД, туберкулёзу.
– Ведаю, што для членаў вашага калектыву работа ў эпідэмічных умовах стала няпростым выпрабаваннем…
– Гэта так. Страхоўшчыкі належаць да катэгорыі работнікаў, якія маюць непасрэдныя зносіны з людзьмі. Вядома ж, мы стараліся максімальна зменшыць кантакты і пры гэтым не пакінуць кліентаў без паслуг. Выкарыстоўвалі сродкі аховы, а некаторыя нашы агенты нават налаўчыліся перадаваць дакументы і атрымліваць грошы праз форткі, балконы дамоў. Самым жа складаным стаў лістапад, калі каранавірус вывеў са строю палову супрацоўнікаў. Тыя ж, хто застаўся, працавалі за дваіх. Пашанцавала, што на гэты перыяд не прыпала ніводнага пажару, не бушавалі і разбуральныя вятры, таму амаль не было патрэбы экстранна выязджаць на раён. У рабоце ж з юрыдычнымі асобамі падстрахавалі калегі-лепяльчане.
Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць асабістую падзяку супрацоўнікам аддзела, якія шчыра служаць страхавой справе. Усім, хто штодня не стамляецца даказваць і паказваць, што страхаванне патрэбна, даступна і выгадна кожнаму. Жадаю вам не спыняцца на дасягнутым і павышаць якасць страхавых паслуг. Словы асаблівай пашаны хачу адрасаваць ветэранам Белдзяржстраха. Дзякуючы вялікаму вопыту і прафесіяналізму, вы здолелі падрыхтаваць і выхаваць дастойную змену. Моцнага вам здароўя і доўгіх гадоў жыцця! Гэта прафесійнае свята могуць лічыць сваім і ўсе страхавальнікі, без якіх наша праца не мела б сэнсу. Удачы вам, шчасця і дабрабыту!
Гутарыла Наталля БАГДАНОВІЧ.
- У 2020 годзе ў працэдуру афармлення страхавых дакументаў унесены некаторыя змяненні. Так, напрыклад, па ўказанні Міністэрства фінансаў пасведчанне па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў выпісваецца не ад рукі, а толькі на камп’ютары.
- На сённяшні дзень за выплатай страхавога забеспячэння звярнулася 18 ушачан, якія хварэлі на COVID-19. 13 заяў ужо разгледжана цэнтральным апаратам Белдзяржстраха, па іх выплачана 5700 рублёў.
Больш паловы членаў калектыву аддзела па аказанні страхавых паслуг з’яўляюцца членамі і актывістамі РГА “Белая Русь”, таму стала ўжо добрай традыцыяй, што напярэдадні прафесійнага свята раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання віншуе страхоўшчыкаў і заахвочвае іх падарункамі. Сёлета гэтую прыемную адзнаку сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі атрымалі страхавыя агенты Святлана Леанідаўна Байцова і Мікалай Данілавіч Апёнак.