Сёлетні конкурс ушацкіх агароднікаў парадаваў нас не толькі ўвагай чытачоў, што дасылалі здымкі сваіх дасягненняў, а і іх актыўнасцю пры вызначэнні пераможцаў. Прагаласаваць можна было на старонцы газеты ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” і па тэлефоне, а для падвядзення канчатковых вынікаў мы падсумавалі атрыманыя балы. У галасаванні прыняла ўдзел каля 220 чалавек, пры гэтым многія не толькі аддавалі галасы, а і тлумачылі свой выбар.
Вось што, напрыклад, напісала ў “Аднакласніках” Алеся Пятніца: “Хочацца за ўсіх прагаласаваць. Але, убачыўшы цыбулю… Гэта штосьці неверагоднае! Як такое магчыма? Супер!” Трэба сказаць, што амаль паўтаракілаграмовы “эксібішэн” са старта галасавання выбіўся ў фаварыты і атрымаў цэлы шэраг захопленых водгукаў. Адмысловы сямейны савет правялі маці і дачка Галіна Васільеўна Сурвіла і Людміла Іванаўна Андрэйчык і паклалі свае галасы ў скарбонку дзіва на градцы Марыі Сяргееўны Шараг з вёскі Заазер’е Ушацкага сельсавета, якая і вырасціла гіганцкую агародніну. Святлана Мікалаеўна Качан з Забалацця Сарочынскага сельсавета галасавала, як кажуць, з веданнем справы: у самой сёлета ўрадзіла выдатная цыбуля, ды ўсё ж не такая па памеры. Захапляліся вынікамі працы М.Шараг ушачанкі Галіна Васільеўна Коршун і Марыя Апанасаўна Яцкевіч. “Ведаю, як няпроста вырасціць добрую цыбулю з “чарнушкі”, таму прагаласавала за агародніцу з Заазер’я”, – адзначыла Зінаіда Пятроўна Шэршань са Старага Сяла Жарскага сельсавета.
Атрымалі сваю порцыю пашаны і іншыя канкурсанты. “Пяціпалая” морква А.Станевіча прывяла ў захапленне ўшачан Івана Басуева і Алену Магерку, Валянціну Паўлоўскую з аграгарадка Глыбачка, а таксама Вікторыю Каваленку, якая прыязджае да бацькоў з горада і заўсёды гартае “Патрыёт”. Памідор І.Казачэнкі з Ільюшына ацаніла Надзея Адамаўна Крахотка са Старынкі: “Вырошчваю розныя сарты таматаў, аднак такіх вялізных пладоў пакуль што не збірала. Зрэшты, галоўнае ў таматах, канечне, не памер, а смак. Сёлета, напрыклад, адкрыла для сябе цікавы сорт “Мангольскі карлік”: насенне купіла ва Ушачах на рынку, пасадзіла чатыры калівы і з цікавасцю назірала за ростам незвычайных таматаў, якія не абавязкова пасынкаваць ды падвязваць, бо спеюць яны на плецях, амаль як агуркі”. А вось самая старэйшая ўдзельніца галасавання Надзея Максімаўна Храмёнак з аднайменнай вёскі зазначыла, што была б не супраць паспытаць такі незвычайны агурок, як вырасціла сям’я Чырвоных з Двор-Пліна. “Сама я, на жаль, у свае 96 год ужо не займаюся агародніцтвам, але рада за годныя ўраджаі землякоў”, – сказала нам жанчына.
Такім чынам, прыводзім пяцёрку пладоў, якія набралі найбольшую агульную колькасць галасоў:
1. Цыбуля-эксібішэн М.Шараг (82)
2. Гарбуз Л.Храпавіцкай (41)
3. Грушы “Проста Марыя” Ю.Хоміча (15)
4. Морква-рука А.Станевіча (13)
5. Памідор І.Казачэнкі (12).
Як мы і абяцалі, тройка пераможцаў атрымае ад рэдакцыі прызы. Для гэтага варта звязацца з намі па нумары 5-73-61.