Поехали! В Ушачах торжественно открыли обновленный мост!

Общество

 

Адбылося ўрачыстае адкрыццё моста праз раку Ушача – падзея, важная не толькі для раёна, а і для ўсёй вобласці і нават рэспублікі. Мост у цэнтры гарпасёлка з’яўляецца транзітам рэспубліканскіх трас, якія звязваюць не толькі населеныя пункты вобласці, але і вядуць за мяжу. Сімвалічную чырвоную стужку 27 лістапада перарэзалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю “Спецмастбуд” Юрый Вітальевіч Голубеў.

Будаўнікі ўклаліся ў абяцаныя тэрміны. Улічваючы важнасць аб’екта, яны працавалі вахтавым метадам без выхадных і бліскуча справіліся з пастаўленай задачай, пры нарматыўных дзевяці месяцах будаўніцтва адкрылі мост праз шэсць. У.У.Цярэнцьеў адзначыў, што Ушачы як нямногія населеныя пункты Віцебшчыны могуць пахваліцца столькімі новымі сацыяльнымі аб’ектамі. Уладзімір Уладзіміравіч падзякаваў людзям за цярплівасць, спецыялістам “Спецмастбуда” за аператыўнасць, прафесіяналізм і пажадаў, каб мост перш за ўсё быў безаварыйным, а Ушаччына развівалася далей і ў ёй заставалася моладзь. За выдатную арганізацыю будаўнічага працэсу і зладжаную працу калектыву ён узнагародзіў Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў галоўнага інжынера таварыства Андрэя Мікалаевіча Караля.

Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка ў сваёй прамове зазначыў, што рэканструкцыя моста была б немагчымай без падтрымкі непасрэдна У.У.Цярэнцьева, кіраўніцтва вобласці і, канечне, нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі, паколькі вялікія сродкі былі выдзелены з абласнога і рэспубліканскага бюджэту. Ён таксама дзякаваў мастабудаўцам за высокі прафесіяналізм і аператыўнасць. Прысутнічаў на ўрачыстасці ў нязвыклай для апошняга часу ролі госця і майстар таварыства Аляксандр Віктаравіч Драбінка, які непасрэдна курыраваў работы і знаходзіўся на аб’екце. Ганаровую грамату Ушацкага раённага Савета дэпутатаў яму ўручыла яго старшыня Наталля Мікалаеўна Марковіч. Дарэчы, у адкрыцці моста яна зацікаўлена не толькі як кіраўнік органа мясцовай улады, а і як жыхарка мікрараёна за ракой. Сціслы ля будаўнікоў тэрмін выканання работ многім ушачанам падаўся вельмі доўгім, таму столькі людзей прыйшлі ў гэты дзень на адкрыццё моста. Нягледзячы на тое, што рухаецца з палачкай, была сярод іх і Аліна Аляксандраўна Яршова. Вельмі баялася спускацца на пантон, спачатку некалькі разоў стукала па ім кіёчкам, перш чым зрабіць крок, не тое што зараз, на трывалым асфальтаваным тратуары. Дарэчы, на ім з двух бакоў не было свабоднага месца і спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва Юрый Анатольевіч Сазанкоў жартоўна зазначыў, што тратуар нагрузку вытрымаў.

Напэўна ніколі не чакалі так дажджлівага лістапада селішчанцы, матырынцы, якія кідалі свае аўто на адным баку ракі, пераходзілі па пантонным, перасаджваліся ў другі аўтамабіль ці ішлі далей пешшу. Нязручна, затратна, а яшчэ больш для тых, хто штодня быў вымушаны пускацца ў аб’езд, ды не адзін раз, як кіраўнік “Маяка-Ушацкага” Антон Юльянавіч Анецька. Адчула лішнія 40 кіламетраў Таццяна Васільеўна. Грак. Сама б яна магла прайсціся да рытуальнага магазіна, аднак пастаянна падвозіла з Двор Пліна тавар. Не трэба больш прасіць знаёмых прыгледзець за машынай Ніне Васільеўне Крахотка, а Івану Харытонавічу Басуеву – намотваць дадатковы кіламетраж да аўтобуснага прыпынку на тым беразе Ленінскай, каб трапіць на дачу. Мужчына ад радасці нават склаў з гэтай нагоды верш.

Сапраўды, гэта падзея для ўшачан, якая можа адбыцца не часцей, чым раз у паўвека – менавіта на 50 год разлічана эксплуатацыя моста. Хаця дырэктар Ушацкага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва А.С.Лосеў перакананы, што ён праслужыць даўжэй. “Спачуваю тым будаўнікам, якім праз дзесяцігоддзі давязецца манціраваць маналітнае пакрыццё моста, – з усмешкай зазначае Аляксандр Сяргеевіч, – Там столькі ўварана арматуры, што вельмі няпроста гэта будзе зрабіць. Ну а калі сур’ёзна, то нам вельмі пашчасціла з падрадчыкам. Яны ўзводзілі самыя складаныя масты рэспублікі і таму ў надзейнасці нашага я не сумняваюся. Да таго ж, паралельна вялася рэканструкцыя ў Полацку і літаральна кожны тыдзень і ў нас, і там былі праектанты, якія кантралявалі працэс. Мы таксама штодня цікавіліся, асабіста для мяне аб’ект у многім унікальны, даводзілася адыходзіць ад праекта, аператыўна прымаць іншыя рашэнні. Напрыклад, меркавалася, што апоры на прымыканні з берагам будуць па амерыканскай методыцы – адразу залівацца бетонныя. Аказалася, што не атрымаецца. Выходзілі на Беларускае грамадскае аб’яднанне спецыялістаў па геатэхніцы, якія зрабілі нам новыя разлікі пад бура-набіўныя апоры. Спачатку на глыбіню 14 метраў устанаўлівалі бетонныя слупы дыяметрам 80 сантыметраў, у якія потым залівалі бетон. Дарэчы, і гэтая складаная аперацыя, што выконвалі субпадрадчыкі з Наваполацка, таксама не абышлася без эксцэсаў. Аднойчы бур праваліўся, натрапіўшы на вялікі валун, што ў нашай мясцовасці не рэдкасць. Між іншым, такі ж метад выкарыстоўвалі ва Ушачах пры ўмацаванні сцен музея, а таксама паловы дома па Фрунзэ, 30. Не навіной быў і гарызантальны пракол пад ракой, што выконвалі сувязісты, каб па часовай схеме пусціць оптыкавалакно. Зараз сеткі працуюць па пастаяннай, для чаго пад тратуарам пракладзены спецыяльныя тэхналагічныя каляіны”.

Так, пры рэканструкцыі моста праз раку Ушача разам са спецыялістамі “Спецмастбуда” працавалі субпадрадчыкі з іншых профільных арганізацый. У выніку мы маем мост даўжынёй 43,7 метра, шырынёй праезнай часткі – 9 і з двух бакоў паўтараметровыя тратуары. Як у альфа-блоках, што адбіваюць пешаходную частку ад праезнай, так і непасрэдна ў ёй пакінуты адтуліны для сцёку вады. Наўмысна і “сапсаваны” асфальт – з двух бакоў выпілены “шчыліны”, залітыя спецыяльнай мастыкай. Падобныя пакінуты і ў стыках поручняў для перападаў тэмператур. Асвятляецца мост новымі святлодыёднымі ліхтарамі, якія вісяць на чатырох мачтах.

І вось пасля асвячэння аб’екта айцом Аляксандрам Таляронкам святочная калона машын спускаецца на мост. Першымі ідуць два гружоныя лесавозы з прычэпамі і грузавік, што падкрэслівае важнасць аб’екта для прадпрыемстваў раёна, якія неслі дадатковыя затраты пры аб’ездзе. А тэхніка ўвачавідкі дэманструе трываласць аб’екта. Маса аднаго сартыментавоза з лесам не меней 40 тон, аднак ні ім, ні іншым цягачам не давядзецца шукаць аб’езд, паколькі адначасова на мосце можа рухацца тры такіх ці адзін цягач у 112 тон. Гэта правераныя нарматывы, наогул жа межавая нагрузка яшчэ вышэй.

“Ура, паехалі!” – гэта словы не са сцэнарыя. Так крычалі радасныя ўшачане, калі пайшла спачатку святочная калона, а потым і няменшы паток машын, адна з першых, дарэчы, – таксама гружоная лесам, а потым трактар, легкавушкі, што столькі часу “драмалі” на тым баку. І менавіта гэтыя словы мы вырашылі вынесці ў загаловак. У іх шчырая радасць усіх ушачан ад такой чаканай падзеі.

Дарэчы, хоць праезд праз раку і адкрыты, аб’ект у эксплуатацыю яшчэ не здадзены. Засталося нямала работ пад мостам, якія будаўнікі будуць завяршаць з дадатковымі для сябе нязручнасцямі, аднак з выгодамі для ўшачан і іншых аўтамабілістаў. Усяго на рэканструкцыю аб’екта выдзелена 1200 тысяч рублёў, 930 з якіх ужо асвоена.

Урачыстасць была аздоблена музычнымі нумарамі, падрыхтаванымі работнікамі школы мастацтваў і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, яркасць падзеі надаў удзел групы барабаншчыц раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Факт: Бетонныя апоры моста стаяць на драўляных, у падмурку кожнай – 26  паляў (свай), заглыбленых у зямлю ў пачатку шасцідзясятых на 5 метраў. Палохацца гэтага не трэба, па словах А.С.Лосева, дрэва ў вадзе не гніе і ўшацкі мост пабудаваны ў лепшых традыцыях Венецыі і Санкт-Пецярбурга.

Факт:   Папярэдні мост прастаяў 55 гадоў, спраектаваны ён у 1961 годзе, а пабудаваны ў 1965 Віцебскім будаўнічым упраўленнем № 5, якое існуе і сёння.

Вольга КАРАЛЕНКА.



2 комментария по теме “Поехали! В Ушачах торжественно открыли обновленный мост!

  1. Как мост открывать без масок можно, а в магазин сходить нельзя )) Где хоть одна маска?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *