Легендарная Зінаіда Тусналобава-Марчанка калісьці сказала: “Шчасце для жанчыны – мець добрую сям’ю і дзяцей. У гэтым сэнсе я – шчаслівы чалавек!” З гэтым мудрым выказваннем нельга не пагадзіцца. Імя Зінаіды Міхайлаўны зараз носіць прэстыжная прэмія, якую за высокі маральны прыклад у выхаванні дзяцей і ўмацаванні сям’і з моманту заснавання атрымалі 522 жанчыны прыдзвінскага краю. Сёлета ў ліку лаўрэатаў і ўшачанка Вераніка Анатольеўна Рэвенка.
Не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых
Многія жанчыны лічаць, што ў сучасным жыцці спачатку трэба зрабіць кар’еру, абзавесціся жыллём, здзейсніць падарожжы і толькі потым спяшацца замуж. Вераніка ж на першае месца заўсёды ставіла сямейныя каштоўнасці. Яна мама траіх сыночкаў. Старэйшы Арцём вучыцца ў трэцім класе, наведвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе асвойвае фартэпіяна. Адабрае мама і яго жаданне навучыцца іграць на гітары, а таксама заняткі спортам – хлопчык ужо паспеў праявіць сябе ў спаборніцтвах па плаванні. “Я мару стаць пажарным, міліцыянерам або вадзіцелем “хуткай”, каб дапамагаць людзям!” – зазначае Арцём, а гледзячы на яго, такім жа хоча стаць і Цімафей. Першакласнік з абаяльнай усмешкай нічым не адрозніваецца ад сваіх равеснікаў, любіць вучыцца, пагуляць з сябрамі, аднак з’яўляецца інвалідам з другой ступенню страты здароўя. Калі яму споўніўся адзін год, у яго было выяўлена захворванне галаўнога мозга. Не перадаць, колькі прыйшлося перажыць мацярынскаму сэрцу за доўгі час лячэння ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ў Мінску. Цімафей перанёс пяць аперацый і, на шчасце, адчувае сябе добра. Не паспеўшы прыйсці са школы, ён хутчэй бярэцца за ўрокі і старанна выводзіць у сшытку літары і лічбы, а яшчэ марыць гэтак жа добра плаваць, як старэйшы брат. Нямала ўвагі, безумоўна, у сям’і дастаецца трохгадоваму Андрэю, які з задавальненнем ходзіць у дзіцячы садок.
Многія знаёмыя не раз жадалі папаўнення сям’і, каб у мамы з’явілася памочніца. І так склалася, што год таму звонкіх дзіцячых галасоў у доме стала яшчэ больш. “Родную сястру майго мужа пазбавілі бацькоўскіх правоў і 11-гадовая пляменніца Марына магла трапіць у дзіцячы дом. Мы прынялі рашэнне аформіць апякунства і забраць яе з Лепеля да сябе. Канечне, не ўсё ў адносінах складваецца ідэальна, няпросты характар з аднаго боку і часам рэўнасць з другога. Але я стараюся зрабіць так, каб усе былі задаволеныя і шчаслівыя, у доме панавала добрае надвор’е, а Марына не адчувала сябе абдзеленай цеплынёй у чаканні мамы, якую яна ўсё ж вельмі любіць”, – кажа Вераніка Анатольеўна.
Надзейны тыл
– Каб нараджаць дзяцей і быць упэўненай у іх будучым, жанчынам важна адчуваць побач надзейнае мужчынскае плячо, а з такім спадарожнікам, як мой Віталь, ніякія цяжкасці не страшныя! – з бляскам у вачах гаворыць жанчына.
Упершыню яны ўбачылі адзін аднаго на царкоўнай канферэнцыі ў Віцебску, але рашаючай у адносінах стала сустрэча праз некаторы час на полацкім вакзале, адкуль яна ехала дадому, а ён – на работу. А хутка маладыя ўжо святкавалі ва Ушачах вяселле. Спачатку сям’я здымала кватэру, але будаўнік па прафесіі, Віталь проста не мог не ўзвесці для сваёй сям’і дом. Калі вырашылі, што будуць жыць ва Ушачах, пачалі шукаць участак, спыніліся на адным па вуліцы Калінінскай. Гаспадар, які ўжо не адзін год з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, аказваючы рамонтныя паслугі, не толькі паспявае даводзіць да ладу ўсё ў новым доме і навокал, а і ўдзяляе час дзецям. А на святы Віталь дае адпачыць ад кухні Вераніцы і балуе сям’ю арыгінальнымі мяснымі стравамі. А яшчэ яны любяць разам адпачываць, ездзіць на экскурсіі, адна з апошніх – у Мірскі замак, дзе вельмі спадабалася дзецям. Ёсць і яшчэ адна сямейная традыцыя – абавязкова збірацца ўсім на вячэру за вялікім сталом на кухні.
Чулы работнік і выдатная гаспадыня
Многія ўшачане маглі сустрэць Вераніку Анатольеўну ў раённай бальніцы, накіроўваючыся на здачу крыві для аналізу. Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку В.Рэвенка працуе фельчарам-лабарантам дыягнастычнай лабараторыі. Сваю ж працоўную кар’еру пасля заканчэння медкаледжа пачынала ў абласной бальніцы, працавала і ў дзіцячай паліклініцы ў Полацку. Зрэшты, свой шлях знайшла не адразу: спачатку атрымала прафесію швачкі, але праз некаторы час зразумела, што гэта не тая справа, якой хацелася б займацца. Да сваіх працоўных абавязкаў яна адносіцца надзвычай старанна, а да пацыентаў – з уважлівасцю і чуласцю.
Нельга не адзначыць, што карэнная віцябчанка яшчэ і выдатная гаспадыня. Любіць пабалаваць сям’ю смачнымі стравамі, не баіцца хатняй работы. “Я хоць і жыла ў горадзе, аднак часта праводзіла канікулы ў бабулі на вёсцы, у дзяцінстве нават думала, што ў дарослым жыцці буду абавязкова трымаць карову!” – з усмешкай прыгадвае Вераніка. Такую жывёліну сям’я сабе не завяла, абмежавалася птушкай ды сабакам з катамі. Абавязкова гаспадыня садзіць каля дома агародніну, у дзвюх цяпліцах улетку вырошчваюцца агуркі, памідоры і перцы. Клапоціцца і пра шматлікія нарыхтоўкі на зіму.
Дзень, які запомніцца…
Не баяцца працы і цяжкасцей яе заўсёды прывучалі бацькі. Вераніка вырасла не ў мнагадзетнай сям’і, іх было двое, аднак сама рашылася на вялікую сям’ю. Менавіта бацькі аднымі з першых даведаліся і вельмі ўзрадаваліся, што іх дачка стала лаўрэатам абласной прэміі імя З.Тусналобавай-Марчанкі. Але тата не паспеў павіншаваць дачку са святам і высокай узнагародай, якраз напярэдадні Дня маці ён раптоўна памёр на 62-м годзе жыцця. У родным Віцебску пасля ўрачыстай цырымоніі ўручэння прэміі ў аблвыканкаме Вераніка адправілася на пахаванне…
“Вылучэнне ў лік 25-ці мам вобласці, якія сёлета атрымлівалі прэмію, для мяне – прыемная нечаканасць, бо я такая ж мама, як і сотні іншых, дастойных гэтага ганаровага прызнання! – дзеліцца ўражаннямі В.Рэвенка. – Было вельмі хвалююча, прэмію ўручаў намеснік старшыні аблвыканкама У.Пенін. Спадабалася цёплая, сяброўская атмасфера, якая панавала падчас мерапрыемства. На ім прысутнічалі не толькі лаўрэаты прыгаданай прэміі, а і маці пяцярых і больш дзяцей, якім уручалі Ордэн маці. Гэты дзень, канечне, запомніцца!”
Быць мамай – гэта нястомная праца – без перапынкаў, выхадных і водпускаў. І з ёй гераіня нашага аповеду спраўляецца надзвычай паспяхова, паўтараючы, што быць мамай для яе – вялікае шчасце…
Вольга КАМАРКОВА.