Хоць у многіх урадзіла сёлета бульба, яе таксама ахвотна куплялі. Прапаноўвалі другі хлеб два нашых сельгаспрадпрыемствы – “Кублічы” і “Агра-Селішча”.
Як заўсёды, немалым попытам карысталася прадукцыя ПУП “Сарочына”. Тавары ўласнай вытворчасці прапаноўвалі агароднінасушыльны завод, РКБА.
Асобна вылучаліся ўпрыгожаныя палаткі нашага райспажыўтаварыства, дзе людзі набывалі свежыя хлебабулачныя вырабы, тарты, каўбасы і іншае. Зрабіўшы пакупкі, можна было адпачнуць за столікам, паспытаць шашлыкоў і бліноў з самымі рознымі начынкамі, якія тут жа пякліся на вялікіх патэльнях і гарачымі траплялі ў рукі пакупнікоў. У палатцы каапнарыхтпрама нават прапаноўвалі зрабіць дэгустацыю сваёй прадукцыі.
Свае тавары ўшацкім пакупнікам традыцыйна прадставілі і гандлёвыя прадпрыемствы горада Полацка.
Работнікі культуры паклапаціліся, каб кірмаш стаў сапраўдным святам. Вясёлыя песні, прыпеўкі, жарты ўздымалі настрой усім прысутным і не давалі замёрзнуць.
Як вядома, у кожнага свае густы і меркаванні. Адны былі задаволены таварамі, якія прапаноўваліся, іншыя выказвалі пажаданне, каб іх было больш. Аднак ніхто не ішоў з восеньскага кірмашу з пустымі рукамі, а прадпрыемствы не везлі сваю прадукцыю назад, а гэта азначае, што кірмаш удаўся. Жыхары назапасіліся разнастайнымі патрэбнымі таварамі і акунуліся ў атмасферу свята.