В 2020 году в Ушачский район на первое рабочее место прибыли 56 молодых специалистов

Образование и молодежь

У бягучым годзе працоўная армія раёна папоўнілася 56 выпускнікамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Маладыя людзі ўліліся ў калектывы практычна ўсіх сфер дзейнасці. Кожны з іх атрымаў запрашэнне на традыцыйную сустрэчу кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якая адбылася на мінулым тыдні ў цэнтры культуры і народнай творчасці.

– Мы разлічваем на вашы здольнасці і актыўную жыццёвую пазіцыю, – вітаючы юнакоў і дзяўчат, зазначыла намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Са свайго боку будзем вас падтрымліваць у вырашэнні праблем. Дзверы райвыканкама заўсёды адчынены.

Алена Васільеўна расказала пра рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў раёне, асобна спынілася на тэме фарміравання перспектыўнага кадравага рэзерву, трапіць у які мае шанс кожны – пры ўмове старанных адносін да работы

Як вядома, самае вострае і актуальнае пытанне практычна для кожнага маладога чалавека – жыллёвае. Таму інфармацыю аб тым, што ўжо сёлета па вуліцы Віцебскай у гарпасёлку запланавана адкрыццё шматпавярховага дома, у якім ёсць свабодныя кватэры, удзельнікі мерапрыемства слухалі з асаблівым інтарэсам. А.В.Пашковіч патлумачыла, як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, расказала аб перспектывах будаўніцтва жылля ў раёне, наяўнасці зямельных участкаў, якія можна выкарыстаць для ўзвядзення на іх прыватных жылых дамоў. Ну а “пацягнуць” долевае ці індывідуальнае будаўніцтва дапаможа “Беларусбанк”, які прапануе маладым спецыялістам ільготныя крэдыты не толькі на набыццё нерухомасці, але і іншыя мэты.

Мемарыяльны комплекс “Прарыў”, сядзіба-музей В.Быкава, фізкультурна-аз­да­раўленчы ком­плекс “Юнацтва-Ушачы” – у раёне нямала знакавых месцаў, цікавых аб’ектаў, у якіх маладым людзям, многія з якіх – ураджэнцы іншых рэгіёнаў, абавязкова трэба пабываць. Дапамагчы ж у гэтым праз арганізацыю мерапрыемстваў, экскурсій пасля стабілізацыі эпідсітуацыі паабяцаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак.

Турыстычныя злёты, велапаходы, тэматычныя квэсты, дабрачынныя акцыі – далёка не ўвесь пералік таго, што прапануе маладым людзям райкам БРСМ.

– Мы дапаможам вам раскрыць свае лідарскія якасці і творчы патэнцыял, зрабіць жыццё цікавым і насычаным, – падкрэсліла супрацоўнік камітэта Юлія Белавусава.

Своеасаблівым запрашэннем улівацца ў рады арганізацыі стала праведзеная ў гэты дзень інтэлектуальная гульня “Што? Дзе? Калі?” Яркіх эмоцый надалі прагляд фільма пра Ушацкі раён і канцэртная праграма, якую падрыхтавалі маладыя супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці.

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі ўлады правялі з новаспечанымі спецыялістамі асабістыя субяседванні. Арганізатары ж аднагалосна жадалі ім “асесці” на ўшацкай зямлі, стварыць тут моцныя сем’і і атрымліваць задавальненне ад работы. Пры гэтым выказвалі спадзяванне, што ў юнакоў і дзяўчат усё атрымаецца, бо побач з імі вопытныя калегі і кіраўнікі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *