Экстремальный пастбищный сезон, или Что делать, если домашнее животное «обидели» собаки?

Общество

Не так даўно ў рэдакцыю патэлефанавала пажылая жыхарка вёскі Гара Сарочынскага сельсавета Ніна Мікалаеўна Ладзік, каб падзяліцца сваім засмучэннем і запытаць парады. Гаспадыня трымае козачку, але сёлетні сезон стаў для жывёліны экстрэмальным: летам на пашы на яе накінуліся сабакі, нанеслі каля дзясятка ран. “Ледзь вылечыла гаротніцу, а днямі яны зноў напалі: пашкамуталі, адарвалі хвост – добра, што сусед дапамог адбараніць”, – расказвае 82-гадовая вяскоўка. Пры гэтым яна мяркуе, што сабакі належаць паляўнічым, якіх часта можна сустрэць ля дарогі Мосар-Казьяне, і пытаецца, як прымусіць іх больш пільна сачыць за сваёй жывёлай.

Трэба сказаць, што здараюцца выпадкі, калі ад сабак церпіць не толькі сельгасжывёла і птушка, але і людзі. Пры гэтым, адпаведна Правілаў утрымання дамашняй жывёлы, адказнасць за нанесены ўрон павінны несці гаспадары чатырохлапых агрэсараў. Як нам паведаміла намеснік пракурора Ушацкага раёна Н.Ф.Аваднёва, у Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях маецца артыкул 15.47, паводле якога гаспадар сабакі, што напаў на чалавека ці яго гадаванца, можа быць папярэджаны ці аштрафаваны на суму ад 1 да 15 базавых велічынь, калі ж здароўю ці маёмасці (у прыгаданым выпадку – казе) прычынена значная шкода, парушальніку пагражае штраф 10-30 базавых або нават адміністрацыйны арышт. Каб “даць ход” справе, пажадана затрымаць сабаку (ці хаця б сфатаграфаваць, запомніць яе выгляд) і выклікаць міліцыю. Калі жывёла сапраўды належыць паляўнічым, то знайсці гаспадара будзе проста: усе такія сабакі маюць пашпарты, упісваюцца ў выдадзеныя паляўнічым пуцёўкі. Калі суд прызнае віну ўладальніка, той павінен будзе кампенсаваць заяўлены пацярпелым урон – як матэрыяльны, так і маральны. Да слова, у нашым раёне былі выпадкі, калі сабакі, што збеглі з падворка, палохалі і нават кусалі людзей, за што іх уладальнікі прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Аднак у прыгаданай вышэй сітуацыі ёсць нюанс. Важна, дзе знаходзілася дамашняя жывёла. Адна справа, калі яна была на прыдамавой тэрыторыі. Калі ж шчыпала траву дзесьці на полі без нагляду і такім чынам прываблівала не толькі сабак, а і лясных драпежнікаў, гаспадар можа і сам трапіць пад артыкул КаАП 15.44 і атрымаць папярэджанне або штраф да 4 базавых за выпас у неналежным месцы.

Ну а што датычыцца выпадкаў, калі авечак, коз ці птушку крыўдзяць менавіта паляўнічыя сабакі, то такое, па словах дырэктара Ушацкай арганізацыйнай структуры “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” М.І.Падворнага, сапраўды здараецца, аднак даволі рэдка. “Па правілах, паляванне можа быць арганізавана не бліжэй як у 200 метрах ад межаў населеных пунктаў, тым не менш, сабакі іншы раз могуць выскачыць у вёску, – адзначае Міхаіл Іванавіч. – Зрэшты, за ўсе гады маёй працы ў БТПР было 4-5 выпадкаў, калі яны задзіралі ці траўміравалі авечак. І штораз канфлікт вырашаўся, як кажуць, мірным шляхам: паляўнічыя проста кампенсавалі вяскоўцам кошт урону”. Увогуле ж добрым рашэннем было б застрахаваць жывёлу, асабліва калі ёсць небяспека яе знішчэння – напрыклад, гаспадары жывуць непадалёк ад лесу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *