Мы в ответе за тех, кого приручили. Домашних питомцев нужно регистрировать

Калейдоскоп

Перыядычна ў рэдакцыю паступаюць лісты, тэлефанаванні, аўтары якіх гавораць пра тое, што ў райцэнтры, іншых населеных пунктах развялося шмат бадзяжных сабак і катоў. Былі выпадкі, калі чатырохлапыя палохалі дзяцей, а то і нападалі. Людзі пытаюцца наконт правілаў утрымання дамашняй жывёлы. Тлумачэнні дае намеснік дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна Вольга Віктараўна ШЧЭРБІК:

– Правілы ўтрымання дамашніх сабак і катоў патрабуюць, каб іх уладальнікі строга выконвалі санітарна-гігіенічныя нормы, гарантавалі бяспеку людзей, не дапускалі забруджвання грамадскіх месцаў. Дазваляецца ўтрымліваць у асобнай кватэры шматкватэрнага дома не больш за дзве такія жывёлы пры згодзе ўсіх паўналетніх. Пры гэтым патрабуецца ў трохдзённы тэрмін рэгістраваць катоў і сабак, своечасова дастаўляць іх у ветустановы для абследавання і прышчэпак, выводзіць сабак на прагулкі на кароткім павадку і ў намордніку (акрамя сабачанят да трох месяцаў і чатырохлапых ростам да 25 см у холцы). Выгул трэба праводзіць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.

Забараняецца прыводзіць сабак і катоў у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у школы і дашкольныя ўстановы, у грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі і на фермы. Хаця гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на сабак-павадыроў. Забаронена таксама ўтрымліваць незарэгістраваную жывёлу, выгульваць сабак на прыдамавых тэрыторыях, дазваляць гэта рабіць непаўналетнім, калі сабака патэнцыяльна небяспечнай пароды.

У нашым раёне зарэгістраваць дамашніх сабак і катоў можна па пятніцах з 8.00 да 10.00 па адрасе: г.п.Ушачы, вул.Ленінская, д.24 (будынак гасцініцы). Гаспадарам будуць выдадзены рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон устаноўленага ўзору, які варта прымацаваць да ашыйніка жывёлы.

Адлоў бадзяжных сабак і катоў даручаны ў райцэнтры УП ЖКГ, у сельскай мясцовасці – сельвыканкамам. Падставай можа стаць пісьмовы зварот грамадзян, а таксама прапанова санітарна-эпідэміялагічнай ці ветэрынарнай службаў. У выключных выпадках па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дапускаецца адстрэл безнагляднай жывёлы.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Факт

  • Сёлета ва Ушацкім раёне зарэгістраваны толькі адзін дамашні кот. Летась на ўлік трапіла 35 жывёл.

Дарэчы

  • Згодна з артыкулам 15.47 КаАП, за парушэнне правілаў утрымання дамашніх жывёл прадугледжана папярэджанне або штраф ад 1 да 15 базавых велічынь. Калі жывёла прычыніла шкоду здароўю людзей ці маёмасці, уладальніка пакараюць штрафам ад 10 да 30 базавых ці адміністрацыйным арыштам.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *