Около двух тонн карпа, белого амура и щуки выпустили в ушачские озёра Вечелье, Полозерье

Общество

За мінулы год Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў выпусціла ў 16 вадаёмаў краіны каля 40 тон рыбы або больш за 150 тысяч асобін розных відаў. Гэтай восенню прадаўжаюцца мерапрыемствы па аднаўленні рыбалоўных запасаў. У лістападзе больш за 8 тон каштоўных парод выпусцілі ў азёры трох раёнаў Віцебшчыны. Сярод іх ушацкія Палазер’е і Вечалле.

Цікава, што Палазер’е адносіцца да ўшацкай групы азёр і тэрыторыі нашага раёна, аднак берагі яго прымыкаюць яшчэ і да земляў Бешанковіцкага і Лепельскага. У вадаём, які займае плошчу ў 8 квадратных кіламетраў, упадаюць ручаі з трох азёр, а адзін выцякае ў Крывое, а з Мугірынам наогул яно звязана каналам. Цікавае возера і па форме – звілістая берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў, ёсць тут і два астравы плошчай каля гектара. Таму і не дзіўна, што навіне пра зарыбленне ўзрадаваліся не толькі рыбаловы з бліжэйшых населеных пунктаў прыгаданых раёнаў, а і многія іншыя – для заўзятых аматараў рыбалкі кіламетры не перашкода, і сюды парыбачыць ахвотна едуць нават са сталіцы!

Не меншай папулярнасцю ў рыбакоў карыстаецца і Вечалле. Пра гэта сведчаць і вынікі праведзенага БТПР летась апытання рыбалоўнай грамадскасці ў інтэрнэце і спецыялістамі на месцах.

Чаму ўсё ж такі менавіта гэтыя азёры сталі аб’ектамі сёлетняга зарыблення? Дырэктар Ушацкай арганізацыйнай структуры БТПР Міхаіл Іванавіч Падворны тлумачыць: “Папулярнасці возера і жадання рыбакоў, канечне, мала для гэтай няпростай справы. Вадаёмы для зарыблення штогод выбіраюцца на аснове вывучэння многіх іншых фактараў. Міністэрствам прыродных рэсурсаў і Інстытутам рыбнай гаспадаркі робіцца дасканалае біялагічнае абгрунтаванне, вывучаюцца водны баланс, плошчы, тэрмін даўнасці апошняга зарыблення, кармавая база, від рыбы, якая засяляецца. Праводзіцца зарыбленне для паляпшэння відавога складу іхтыяфаўны вадаёмаў, а таксама для задавальнення бясплатнага аматарскага рыбалоўства ўсіх без выключэння грамадзян краіны. З экалагічнага пункту погляду найбольш эфектыўнымі для аздараўлення вадаёмаў лічацца таўсталобік, карп і белы амур”.

Менавіта карпа, белага амура, а таксама шчупака агульнай колькасцю каля дзвюх тон прывезлі на Ушаччыну спецыяльныя машыны з ААТ “Рыбакамбінат “Любань” Мінскай вобласці.

– Захапляюся рыбалкай з дзяцінства! Жыць непадалёк ад такога маляўнічага возера і не рыбачыць – проста немагчыма. Таму вельмі рады, што менавіта наша возера стала аб’ектам зарыблення, – падзяліўся жыхар Кавалеўшчыны Сяргей Кулага, які неглядзячы на тое, што рыбу ў Вечалле з гарадскога пляжа запускалі, калі ўжо цямнела, прыйшоў паназіраць за працэсам.

Кантралявалі справу і зацікаўленыя службы: па правілах на такіх мерапрыемствах абавязкова прысутнасць спецыялістаў інспекцый аховы жывёльнага і расліннага свету, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райвыканкама. Засялілі ж вадаёмы маладымі асобінамі вагой каля 300-500 грамаў.

Зараз новыя насельнікі азёр адаптуюцца да новых умоў пражывання. У сувязі з гэтым, каб пазбегнуць фактаў браканьерства, лавіць рыбу на Вечаллі і Палазер’і забаронена не менш, чым на паўгода. А ўжо да лета наступнага года яна значна прыбавіць у вазе і стане для рыбакоў клёвым уловам.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *