У лесапітомніку Ушацкага лясгаса ўжо не першы год вырошчваюць разнастайныя дэкаратыўныя расліны не толькі для сваіх мэт, а і для рэалізацыі насельніцтву. Ушачане ахвотна купляюць “дэкаратыўку” падчас кірмашоў ці мерапрыемстваў, аднак, зразумела, што не ўсе маюць магчымасць дабрацца да пітомніка, таму для зручнасці ўшачан адкрыта яшчэ адна кропка продажу – на тэрыторыі дрэваапрацоўчага цэха ў Градзянцы.
Айва японская, барбарыс, бузіна, ціс ягадны, самшыт, лапчатка, спірэя, ядловец, фарзіцыя, дзёран абрамлены, кізільнік, чырвоны дуб, міндаль дэкаратыўны, ружы паркавыя, туі – у пераліку прапануемых раслін больш трох дзясяткаў відаў. Трэба сказаць, што цэны таксама прымальныя, залежаць ад памеру саджанцаў і каранявой сістэмы – адкрытай ці закрытай (у кантэйнерах, гаршчках). Так, напрыклад, барбарыс з адкрытай каранявой сістэмай памерам 15-25 сантыметраў каштуе 5 рублёў, а ў гаршчках – 6. Кошт туй вагаецца ад 7 да 15 рублёў, вінаграду – ад 5 да 10, бэзу – ад 5 да 12.
– Плошча новай кропкі ў Градзянцы невялікая, таму зразумела, што тут не такі багаты выбар, як непасрэдна ў лесапітомніку, аднак мы выставілі самыя хадавыя і папулярныя па нашых назіраннях віды, – расказвае інжынер па лесааднаўленні Ушацкага лясгаса К.В.Ардынская (на здымку).
Зрэшты, на пытанне ці не позна высаджваць цяпер расліны, Кацярына Васільеўна адказала, што восень аптымальны час для пасадкі, галоўнае – плюсавыя тэмпературы. Ды і апошнім часам такія мяккія зімы, што расліны добра пераносяць халодны сезон.
Ужо зараз як у пітомніку, так і на тэрыторыі цэха ў Градзянцы можна купіць навагоднюю еўрапейскую елку ў кадцы і вырошчваць яе да свята. Працуе новая кропка ў рабочыя дні з 8 да 17 гадзін.
Вольга КАМАРКОВА.