В Ушачах наградили победителей районного конкурса на лучшее благоустройство и санитарное состояние населённых пунктов

Общество

На мінулым тыдні зала Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў стала месцам правядзення ўрачыстасці, на якую былі запрошаны пераможцы раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння ў бягучым годзе. Сімвалічна, што менавіта новая ўстанова, якая ўпрыгожыла гарпасёлак, прымала тых, хто сваімі залатымі рукамі робіць больш прывабнымі сядзібы, рабочыя месцы і нават цэлыя населеныя пункты.

2020-ы год, які на Ушаччыне, як і па ўсёй краіне, зноў праходзіў пад знакам Года малой радзімы, завяршае этап трохгадовай работы і падводзіць своеасаблівую рысу пад добраўпарадкаваннем і навядзеннем парадку на зямлі. Аб гэтым у сваім выступленні казала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, якая прывяла прыклады сістэмнай і мэтанакіраванай работы ў азначаным накірунку.

Сёлета, як і ў мінулыя гады, на Ушаччыне працягвалася барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага. Запланаваныя мерапрыемствы па стане на 1 лістапада ў цэлым па раёне выкананы на 102 працэнты, а гэта 3233 гектары апрацаваных зямель. На правядзенне работ выдзелена 533 тысячы рублёў з раённага і абласнога бюджэтаў, 70 працэнтаў ад агульнай плошчы, занятай баршчэўнікам, апрацавана хімікатамі, 216,8 гектара пераараны і засеяны сельскагаспадарчымі культурамі.

У зыходзячым годзе рэкультываваны апошнія тры закрытыя міні-палігоны, адрамантавана 20 пляцовак для збору камунальных адходаў, устаноўлена дадаткова 45 кантэйнераў, у тым ліку 20 – для раздзельнага збору. У гаспадарчы абарот вернута 2,62 гектара зямель, на месцы якіх былі ўнутрыгаспадарчыя кар’еры. За 10 месяцаў у населеных пунктах пасаджана 850 дрэў і 200 кустоў, разбіта паўгектара газонаў. Азеляненне тэрыторый працягваецца і зараз сіламі работнікаў камунальнай службы, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.

На працягу года праведзена значная работа па ўтрыманні ахоўваемых прыродных тэрыторый, па навядзенні парадку ў лясным фондзе, на месцах адпачынку ля вадаёмаў. З дапамогай замацаваных арганізацый падтрымліваецца належны стан на воінскіх пахаваннях і іншых аб’ектах, звязаных з увекавечаннем ахвяр і падзей Вялікай Айчыннай вайны. Сельвыканкамы займаліся выдаленнем аварыйных дрэў у населеных пунктах і на могілках, ліквідацыяй несанкцыянаваных сметнікаў, акультурваннем месцаў знесеных трухлявых дамоў, якіх, дарэчы, убрана 18.

У гарадскім пасёлку заасфальтавана 12 вуліц. Наогул, на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі накіравана звыш 512 тысяч рублёў. Вёўся цякучы рамонт аўтадарог, добраўпарадкоў­валіся прыдамавыя і грамадскія тэрыторыі, у тым ліку і з дапамогай грамадзян, якія на суботніках, па ўласнай ініцыятыве ўнеслі вялікі ўклад у тое, што многія вуліцы, аб’екты ва Ушачах і на сяле вызываюць шчырае захапленне. Н.М.Марковіч падзякавала ўсім за працу і разам з намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Вітальевічам Галяковічам узнагародзіла пераможцаў агляду-конкурсу дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Кожны год абраць лепшых з лепшых становіцца няпростай задачай. Таму члены камісіі, на пасяджэнні якой падводзіліся вынікі, улічвалі, што зроблена менавіта ў сёлетнім годзе, іншыя акалічнасці, кшталту аб’ёмаў затрачаных на навядзенне парадку сродкаў, асабістага ўдзелу работнікаў. Так, прынамсі, у гэтым плане была адзначана дзейнасць раённага аддзела ўнутраных спраў, але лепшым прадпрыемствам гарпасёлка ўсё ж быў прызнаны Ушацкі раён газазабеспячэння, які, дарэчы, можна намініраваць кожны год – вытворчая і прылеглая тэрыторыі арганізацыі заўсёды з’яўляюцца эталонам у плане добраўпарадкавання. Складана параўнаць і такія аб’екты адной сферы, як напрыклад, Вялікадолецкі сельскі Дом культуры і Дубраўскую бібліятэку. Перавага аддадзена апошняй у многім таму, што немалую прылеглую тэрыторыю ў належным стане падтрымлівае фактычна адзін чалавек – бібліятэкар Людміла Пятроўна Краснова.

Цяжка кагосьці вылучыць і сярод аб’ектаў сістэмы адукацыі, дзе мэтанакіраванае добраўпарадкаванне вядзецца на працягу года і нават зімой работнікі школ і дзіцячых садкоў працуюць над новымі архітэктурнымі формамі, іншымі аб’ектамі і не перастаюць здзіўляць. Пальму ж першынства раённаму цэнтру дзяцей і моладзі прынеслі выкананыя аб’ёмы – менавіта тут за апошні час тэрыторыя найбольш прыкметна змянілася ў лепшы бок. А Ільюшынскі яслі-дзіцячы сад перамог у намінацыі “Лепшы аб’ект аграгарадка” ў тым ліку і таму, што не толькі пастаянна працуе над прыгажосцю сваёй тэрыторыі, а і наводзіць парадак на значных грамадскіх плошчах у аграгарадку, па словах старшыні сельвыканкама Святланы Цімафееўны Міхейкі, калектыў на чале з дырэктарам Ларысай Леанідаўнай Корабавай ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў суботніках.

Лепшы аб’ект сістэмы аховы здароўя сёлета таксама ў Ільюшыне – мясцовы ФАП: загадчык пункта Алена Міхайлаўна Качан паспявае і аказваць медыцынскую дапамогу насельніцтву, і ствараць кветкавую феерыю на прылеглай тэрыторыі. А вось адрас самай добраўпарадкаванай кропкі гандлю – Сарочына, дзе наведвальнікаў сустракае ўтульны кафетэрый “Ежа&Кава” і яго абаяльная гаспадыня Святлана Міхайлаўна Хвасціёнак. З дарогі на Вялікія Дольцы практычна не бачна тэрыторыя лесапітомніка, але тыя, хто заварочвае туды, заўсёды здзіўляюцца парадку і прыгажосці, якія тут наводзяць працаўнікі лясгаса. Ну а падтрымлівае іх невялікі калектыў на чале з начальнікам Іванам Мікалаевічам Пішчыкам.

Значна папрыгажэла сёлета Антунова. Гэтая невялікая сёння вёска Вялікадолецкага сельсавета размешчана ўдалечыні ад буйных аўтадарог, была адным з цэнтраў народнага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Напамінам аб тых падзеях з’яўляюцца партызанскія могілкі, дзе таксама ёсць пахаванні чырвонаармейцаў, якія загінулі яшчэ падчас савецка-польскай вайны. На месцы ўвекавечання праведзена значная работа па добраўпарадкаванні, не адсталі ад гэтай справы на сваіх сядзібах і мясцовыя жыхары з дачнікамі – Антунова прызнана лепшым сельскім населеным пунктам. Зразумела, што прасцей прывесці ў належны стан невялікую вёску, чым такую, дзе колькасць домаўладанняў перавышае сотню, маюцца вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Таму, хоць аграгарадок Глыбачка і саступіў у “індывідуальнай” намінацыі, затое адзначана дзейнасць мясцовых органаў улады і самакіравання – сярод сельсаветаў лепшым прызнаны менавіта Глыбачанскі і, калі на сцэну ўздымаўся старшыня сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў, калегі не шкадавалі далоняў.

Не шкадуюць іх ні ў святы, ні ў будні пераможцы агляду-конкурсу ў індывідуальных намінацыях, гаспадары, чые сядзібы ўпрыгожаць шыльды “Дом узорнага парадку”, і ўладальнікі лепшых ветэранскіх падворкаў. Навядзенне і падтрыманне парадку патрабуе пастаяннай працы. І было бачна, што людзям прыемна прызнанне на раённым узроўні, хаця ствараюць яны ўтульнасць і камфорт у першую чаргу для сябе і сваіх блізкіх. “Чаму б і не сфатаграфавацца нам, маладым і прыгожым?!” – усміхаліся пасля цырымоніі ўзнагароджання Галіна Васільеўна Броўка, Ніна Іосіфаўна Есіпава і Лідзія Віктараўна Броўка – уладальніцы дыпломаў у намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак” па г.п.Ушачы і Жарскім сельсавеце. Яны прызнаюцца, што менавіта руплівая праца і перашкаджае старэнню, не дае сумаваць і нават балячкі адганяе. Лідзія Віктараўна, напрыклад, большасць часу праводзіць у Гарадцы, дзе давяла бацькоўскую сядзібу да ліку лепшых у раёне. І гэта не адзінкавыя выпадкі – узорным зрабілі домаўладанне продкаў Васіль Іванавіч і Марына Анатольеўна Лісіцы ў Лісічыне, Тамара Антонаўна і Віктар Дзмітрыевіч Галіноўскія ў Антунове, дачка атрымлівала ўзнагароды за прыхварэўшую Лізавету Нікіфараўну Маісеенка з Кавалеўшчыны Глыбачанскага сельсавета. Так, дзеці дапамагаюць ветэранам, едуць з гарадоў і ўносяць важкі ўклад у падтрыманне парадку, дапамагаюць зрабіць яшчэ больш маляўнічай бацькоўскі кут, сваю малую радзіму, нашу цудоўную Ушаччыну.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *