Дзе яшчэ сустрэнеш столькі герояў публікацый “Патрыёта, як не на свяце аграрыяў.
Так, мы на працягу года пастаянна пішам пра перадавікоў сельскай гаспадаркі, а паколькі трымаецца галіна пераважна на такіх правераных “слупах”, як Уладзімір Лёля, Уладзімір Зелянік, Анатоль Жаваранак ці Сяргей Вусько, то і не дзіўна, што ўсе яны з’яўляліся героямі ўрачыстасці, якая адбылася ў пятніцу. Хаця для некаторых выхад на раённую сцэну быў першым.
Напрыклад, для Святланы Таропа і Аляксандра Долгага, аператараў па доглядзе за свіннямі. Што і не дзіўна: “Віцебскаграпрадукт” нядаўна працуе ў раёне, а вось уклад ад участкаў “Хадакова” і “Слабада” вельмі важкі. Дзякуючы ім людзі маюць годныя працоўныя месцы, а тэмп росту валавой вытворчасці ў жывёлагадоўлі за 10 месяцаў склаў 132,6 працэнта. Мы сплюсавалі ў параўнанні з мінулым годам і закрылі разрыў, што ўтварыўся пасля спынення комплексу “Сарочына”, якому пакуль не ўдалося выйсці на мінулыя паказчыкі. Менавіта жывёлагадоўля складае 60 працэнтаў у структуры АПК Ушаччыны. За дзесяць месяцаў атрымана 819 тон ялавічыны і 3060,7 – свініны, прычым апошні паказчык на 61 працэнт больш узроўню мінулага года.
У сваёй прамове старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка адзначыў таксама, што на 103,8 працэнта больш сабралі і прадукцыі раслінаводства. Хлебны каравай раёна сёлета важыць 21065 тон, насенне рапсу – 857, што больш чым у 2019 годзе адпаведна на 2 і 2,7 працэнта. І на 15 працэнтаў вырасла колькасць кармоў. Канечне, далёка не ўсе паказчыкі задавальняюць. Невысокі ўдой на карову – усяго 1935 кілаграмаў, хаця і пры ім рэнтабельнасць малака складае 3,8 працэнта. Могуць быць большымі і сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы, якія за 10 месяцаў у раёне складаюць 500 грамаў.
У аграпрамысловым комплексе Ушаччыны зараз заняты 691 чалавек ці амаль 20 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых. Гэта дзякуючы ім выконваецца харчовая бяспека краіны, а нашы магазіны завалены якаснымі айчыннымі прадуктамі харчавання. І ў чым мы таксама плюсавалі адпаведна мінуламу году – дык гэта па колькасці ўзнагароджаных. Акрамя традыцыйных намінантаў спаборніцтва, імёны якіх мы прыводзілі ў мінулым нумары, было зашмат Ганаровых грамат, Падзяк і Лістоў падзякі. І калі б вылучалі вагу адной сельскагаспадарчай сям’і, то лідзіравалі б яўна Яловікі. Аляксандр Уладзіміравіч уздымаўся на сцэну як звеннявы па вырошчванні рапсу – лепшай гаспадаркай па ўраджайнасці якога прызнаны “Дземенец”. Вольга Сяргееўна – бяззменны бухгалтар, а многія гады яшчэ і эканаміст, атрымала Ганаровую грамату райвыканкама, а вось вопытны механізатар Мікалай Уладзіміравіч – Падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёва. Аспрэчыць гэта лідарства маглі толькі браты Генадзь Барысавіч, Віктар Барысавіч Бука і яго сын Віталь – механізатары “Вялікадолецкага”, якія таксама ўздымаліся за заслужанымі ўзнагародамі. А вось перадавіком адразу ў дзвюх намінацыях стаў трактарыст КУСГП “Глыбачаны” Андрэй Пятровіч Літвін. Ну ці не волат, калі за сезон паспеў перавезці 6706 тон зялёнкі і выпрацаваць 6212 умоўных эталонных гектараў – самую вялікую колькасць.
Не будзем паўтараць і прозвішчы людзей, якія адзначаны Граматамі і Падзякамі раённага Савета дэпутатаў і старшыні райвыканкама, назавём толькі тых, хто атрымаў іншыя ўзнагароды. Падзяка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама ўручана жывёлаводу філіяла “Маяк-Ушацкі” Аксане Аляксандраўне Дзіульскай. Шмат Лістоў падзякі ад старшыні райвыканкама атрымалі пераважна маладыя спецыялісты гаспадарак: галоўны эканаміст і намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Ільюшынскі” Ілья Васільевіч і Таццяна Алегаўна Сісковічы, галоўны інжынер і юрысконсульт гэтага прадпрыемства Уладлен Андрэевіч Паўлавец і Святлана Рыгораўна Пашкевіч, намеснік галоўнага бухгалтара і галоўны ветэрынарны ўрач КУСГП “Глыбачаны” Алег Сяргеевіч Савончык і Алеся Іванаўна Дзенісёнак, тэхнік-механік ААТ “Дземенец” Павел Сяргеевіч Шарох, галоўны аграном і спецыяліст па кадрах ААТ “Агра-Селішча” Максім Аляксеевіч Чарнабаеў і Аліна Мікалаеўна Міцкевіч, а таксама цэлая кагорта моладзі з філіяла “Маяк-Ушацкі” – ветфельчар Наталля Уладзіміраўна Шнітко, інжынер па ахове працы Аляксандр Дзмітрыевіч Шарыпа, загадчык майстэрні па рамонце тэхнікі Аляксандр Анатольевіч Лёля, бухгалтар Дар’я Аляксандраўна Чарнаок і механік Дзмітрый Сяргеевіч Андрэйчык.
Павіншавалі са сцэны перадавікоў не толькі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў, а і, канечне, прафсаюзны лідар аграрыяў Кацярына Аляксандраўна Рэут. Ганаровай граматай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны жывёлавод ААТ “Ільюшынскі” Сяргей Аляксеевіч Сіткевіч, раённай – былы галоўны спецыяліст райсельгасхарча Зоя Ягораўна Кудраўцава, трактарыст ААТ “Дземенец” Аляксандр Мікалаевіч Цецераў, яго калега з КУСГП “Вялікадолецкае” Віктар Барысавіч Бука, спецыяліст па кадрах апошняй гаспадаркі Наталля Станіславаўна Сыс і галоўны эканаміст КУСГП “Глыбачаны” Тамара Мікалаеўна Сурынава.
Не ўсе з намінантаў і ўзнагароджаных падымаліся на сцэну. Хоць у такія дні ім стараюцца адшукаць замену, аднак вытворчасць спыніць нельга. Вось і не дагледзела да канца канцэрт начальнік участка “Слабада” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Наталля Уладзіміраўна Бачалянкова: у пяць гадзін яна развозіць па месцы жыхарства людзей. Затое даярцы “Вялікадолецкага” Алене Васільеўне Бажанавай яе падапечныя далі адпачыць – як спецыяльна падгадалі час запуску і ў групе зараз доіцца зусім мала кароў. Менавіта ад кожнай першацёлкі (!), якіх узяла летась, яна і атрымала 2861 кілаграм. “Вельмі цяжка было прывучаць да апаратаў, – расказвала жанчына, – асабліва калі ў адзін дзень цялілася па пяць кароў, аднак ужо зараз некаторыя рэкардсменкі даюць па трыццаць літраў. Як вядома, буронка раскрывае свой патэнцыял толькі пасля некалькіх расцёлаў, так што ёсць шанс яшчэ не раз аказацца ў ліку намінантаў”.
А вось перадавікоў з комплексу “Маяк” магло быць і намнога больш: вылучалі па адным прадстаўніку, а працуюць яны на агульны вынік звяном. Хаця і так самай вялікай была дэлегацыя гэтай гаспадаркі. Не аказалася ніводнай намінацыі, акрамя вырошчвання свіней, дзе б не “свяціліся” “маякоўцы”, як, дарэчы, і маленькі Міша Ладзік. Паколькі і ў трактары днямі ездзіць з бацькам Раманам Сяргеевічам, то і за ўзнагародай на ўрачыстасць прыйшоў разам з ім.
Прысутнічалі ў зале і іншыя госці, і, напэўна, кожны з іх лічыць гэта свята сваім, як былы кіраўнік “Арэхаўна” Г.П.Грабоўскі. Хоць і вялікі стаж у заатэхніка па спецыяльнасці, аднак падзівіўся амаль кілаграмовым прывагам свіней. Спадабаліся і нумары, што для аграрыяў падрыхтавалі работнікі культуры. І, канечне, разнасолы, якімі частавалі перад пачаткам мерапрыемства перадавікоў. І нягледзячы на каранавірус, дэлегацыі сёлета літаральна з кожнай гаспадаркі былі прадстаўнічыя. Свята атрымалася, бо галоўнае на ім – настрой, а аграрыі ўмеюць шчыра працаваць і весела адпачываць.
Поздравляю всех работников сельского хозяйства с ПРАЗДНИКОМ! Работа на земле — это очень тяжелый и в тоже время очень нужный труд.