Сёлетняе жніво для Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка з ААТ “Ільюшынскі” было пятнаццатым у працоўнай кар’еры і, напэўна, самым адметным: ён стаў абсалютным рэкардсменам у раёне, намалаціўшы на КЗС-1218 1378 тон зерня, да таго ж, напрыканцы ўборкі атрымаў яшчэ і новы камбайн.
– На ім сабраў каля двухсот апошніх тон, прычым, паспеў нават дапамагчы дземянецкім аграрыям. Новая тэхніка такой жа маркі, але кабіна камфортней, бункер умяшчае больш на 3 тоны, – расказвае Анатоль Дзмітрыевіч, які на гэтым тыдні рыхтаваў да пастаноўкі на зімовае захоўванне і новы, і стары камбайн. Апошні, дарэчы, яшчэ таксама паслужыць – старанны механізатар на працягу дзесяцігоддзя адносіўся да тэхнікі надзвычай беражліва.
Падчас усёй уборачнай кампаніі лідарскія пазіцыі як у “Ільюшынскім”, так і ў цэлым па раёне захапіў сямейны экіпаж Лёляў, але ўжо на фінішы жніва Анатоль Дзмітрыевіч апярэдзіў свайго калегу ўсяго на 27 тон. “Хлопцы нават жартавалі, маўляў, пакуль У.Лёля ездзіў на абласныя “Дажынкі”, я паспеў абагнаць яго, але жніво ў нас скончылася яшчэ да фестывалю працаўнікоў сяла”, – кажа механізатар. Канечне ж, не дзеля перамогі ў спаборніцтве ён стараўся, а проста таму, што не можа зрабіць штосьці абы як. І калі ва У.Лёлі была надзейная апора – сын Віктар, то А.Спірыдзёнак працаваў без памочніка. Калі здаралася паломка, то часам і ноччу рамантаваў камбайн, каб раніцай выехаць у поле.
Мясцовыя палеткі ўраджэнец Старынкі ведае выдатна. Атрымаўшы пасля школы правы, уладкаваўся ў калгас “Дружба”, а праз год адправіўся на службу ў армію, якую праходзіў у Чалябінскай вобласці і Германіі. Пасля паўтара года працаваў у Наваполацку ў адной з будаўнічых арганізацый, аднак вясковыя перспектывы аказаліся больш прывабнымі. “Зарплата на вёсцы была ў два разы большай, чым у горадзе. Як уладкаваўся ў калгас, мне адразу даверылі новы трактар, – прыгадвае мужчына. – На той момант у “Дружбе” дзейнічалі кааператывы, якія не толькі займаліся жывёлагадоўляй і раслінаводствам, а і, напрыклад, будаўніцтвам. Так, многія навакольныя дарогі пабудаваны сіламі калгаса, у гэтым ёсць і мой уклад: падвозіў бітум, гравій”.
Любоў жа да тэхнікі А.Спірыдзёнку перадалася ад бацькі Дзмітрыя Сяргеевіча, які больш 35 гадоў адпрацаваў у гэтым жа калгасе механізатарам і звеннявым. “Так і цягнула ў дзяцінстве пакруціцца каля бацькі, дапамагчы ў рамонце ці пракаціцца на трактары. Да сваёй справы тата заўсёды адносіўся старанна. І за працоўныя дасягненні быў удастоены вельмі высокай на той момант узнагароды – ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памятаю, як у 70-я гады будучы звеннявым на вырошчванні бульбы ён атрымаў адну з самых высокіх у краіне ўраджайнасць “другога хлеба”, – успамінае А.Спірыдзёнак.
Акрамя камбайна за Анатолем Дзмітрыевічам замацаваны і МТЗ-1221, на якім выконвае многія віды сельгасработ – адвозку зялёнай масы, узворванне, унясенне ўгнаенняў, зімой знаходзіцца работа на жывёлагадоўчых аб’ектах. Дзе б ні быў задзейнічаны – усё выканае бездакорна, таму і не абыходзіцца без яго ўшанаванне перадавікоў сяла. Прыгадвае, што самым “ураджайным” на ўзнагароды стаў 2014-ы, калі скарбонка папоўнілася аж шасцю дыпломамі і граматамі, а яго прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару.
Бясспрэчна, нялёгка даецца механізатару кожны зароблены рубель. Траціць жа ўсё – на дабрабыт і парадак у доме па вуліцы Садовай аграгарадка. “Вось трэба на сядзібе агароджу новую паставіць, навесці прыгажосць!” – падзяліўся бліжэйшымі планамі гаспадар. У такіх добрасумленных і працавітых людзей заўсёды ўсё ладзіцца і ў сям’і, і на рабоце.
Вольга КАМАРКОВА.