Ушацкія электрасувязісты ідуць у нагу з часам – займаюцца ўстаноўкай новага абсталявання, прапануюць насельніцтву ад РУП “Белтэлекам” самыя сучасныя віды паслуг. Пра адзін з запатрабаваных зараз сэрвісаў – “Відэакантроль” – наша сённяшняя гутарка з начальнікам службы Аляксандрам Уладзіміравічам ШАКУТАМ:
– На сённяшні дзень да ўзгаданай паслугі падключана 85 абанентаў, жыхароў пяці шматкватэрных дамоў па вуліцы Віцебскай у райцэнтры. Дзякуючы ўстаноўленым на будынках дзесяці камерам яны маюць магчымасць быць у курсе таго, што адбываецца на прылеглай тэрыторыі, ля пад’ездаў, на дзіцячых пляцоўках. Падключыўшыся да сістэмы, з дапамогай спецыяльна распрацаваных праграм для любых прылад – камп’ютараў, планшэтаў, мабільных тэлефонаў з аперацыйнай сістэмай Android ці iOS – можна ажыццяўляць прагляд відэазапісу ў рэжыме анлайн і ў архіве (за 30 сутак) праз інтэрнэт у любой кропцы свету. Кошт паслугі для грамадзян прымальны – усяго 2,5 рубля ў месяц для кліентаў нашага участка і 5 рублёў – для астатніх.
Маем яшчэ звыш сотні заяў на падключэнне “Відэакантролю” – у доме №7 па Віцебскай, па Ленінскай і іншых. Да канца года плануем падключыць каля дзесяці камер.
– Хто мае магчымасць скарыстацца паслугай?
– Паколькі “Відэакантроль” патрабуе наяўнасці оптыкавалаконнай сувязі, зрабіць гэта могуць найперш жыхары шматкватэрных дамоў гарпасёлка. Прычым, для ўстаноўкі камер неабходна заява 8 уладальнікаў кватэр. Гэта могуць быць прадстаўнікі аднаго пад’езда ці некалькіх. У любым выпадку абсталяванне настройваецца на фіксацыю агульнай тэрыторыі. Пасля ўстаноўкі відэакамер чалавек мае магчымасць падключыць паслугу “Відэакантроль” з дапамогай мабільных дадаткаў “Мой Белтэлекам”.
У перспектыве “оптыка”, а значыць і прыгаданы сэрвіс з’явяцца ў мікрараёне “царскага сяла” і па вуліцы Лабанка ў райцэнтры. Зразумела, абаненцкая плата за карыстанне паслугай у прыватным сектары будзе вышэйшай.
– Ці “пазнаёміліся” з “Відэакантролем” юрыдычныя асобы?
– Так. Да паслугі зараз падключана сем прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны: лясгас, ДРБУ-105, КУСГП “Вялікадолецкае”, філіял “Маяк-Ушацкі”, ААТ “Агра-Селішча”, філіял аблспажыўтаварыства і аддзел па адукацыі райвыканкама. Апошні, напрыклад, сочыць за станам спраў адразу на некалькіх сваіх аб’ектах: ва Ушацкай школе і ў дзіцячых садках гарпасёлка. Зразумела, колькасць камер на такіх тэрыторыях не абмяжоўваецца адной-дзвюма (сумарна іх колькасць у юрсектары складае зараз 109). Дарэчы, за падключэнне кожнай юрыдычнай асобе адзін раз трэба заплаціць 50 рублёў, а пасля штомесяц уносіць абаненцкую плату ў памеры 19,6 рубля (без уліку падатку на дабаўленую вартасць).
У бліжэйшым будучым мяркуем падключыць да “Відэакантролю” жыллёва-камунальную гаспадарку, установы адукацыі ў сельскай мясцовасці, прапрацоўваем гэтае пытанне з сельскімі Саветамі дэпутатаў.
– Прапануеце паслугу “пад ключ”?
– Так. За ўласны кошт праводзім абследаванне будынкаў і тэрыторыі, мантаж сістэмы відэаназірання, забяспечваем яе кругласутачную работу, перадачу інфармацыі па абароненых каналах у “воблака” і падтрымку карыстальнікаў. Усё абсталяванне перадаецца кліенту на час дзеяння дагавора.
– Наяўнасць сістэм відэаназірання – сур’ёзны крок у прафілактыцы супрацьпраўных паводзін грамадзян…
– Безумоўна. Відэаназіранне дысцыплінуе, прымушае людзей паводзіць сябе больш карэктна. Да таго ж запіс можна выкарыстоўваць для стварэння доказнай базы ў канфліктных выпадках. Не так даўно райаддзелу міліцыі прадстаўлялі доступ да адной з камер па вуліцы Віцебскай, што дазволіла праваахоўнікам хутка вырашыць праблемнае пытанне.
Асобна заўважу, што якасць малюнка з відэакамер (нават у начны час і без вулічнага асвятлення) дастаткова высокая (пашырэнне 2 Мпікс), чытаюцца нумары аўто, пазнаюцца людзі, якія праходзяць праз двор.
Такім чынам, калі вы задумаліся пра бяспеку свайго веласіпеда ў пад’ездзе, аўтамабіля на стаянцы ці парадку на дзіцячай пляцоўцы, падайце заяўку на падключэнне “Відэакантролю” ва Ушацкі ўчастак электрасувязі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.