Работает в штатном режиме. Центральная аптека в Ушачах после модернизации стала удобнее для клиентов

Общество

Будынак аптэкі і раней ніяк не пагаршаў панарамы цэнтра Ушач. Ну а зараз, пасля капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі і ўвогуле будзе ўпрыгожаннем гарпасёлка.

Праўда, у сувязі з гэтым ушачанам давялося сутыкнуцца з некаторымі нязручнасцямі, бо лекі часова адпускаліся з тыльнага ўваходу. Ад асобных людзей можна было нават пачуць заўвагі аб несвоечасовасці рамонту, які прыйшоўся на час павышанай захваральнасці. А таму менавіта з абмеркавання гэтага аспекту пачалася наша размова з загадчыкам установы І.М.Жынь.

– Віцебскае УП “Фармацыя” складае папярэдні план, адпаведна якому мадэрнізуюцца аптэкі сеткі. Сёлета, нарэшце, дайшла чарга да нас, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – Хачу падкрэсліць, што абноўленая аптэка (а ў нас не толькі адрамантаваны будынак, а і ўстаноўлена сучаснае гандлёвае абсталяванне) будзе абслугоўваць кліентаў больш хутка і якасна. Уявіце сабе, што старыя вітрыны і шафы ўладкоўваліся 15 год таму, калі колькасць найменняў лекавых сродкаў і тавараў аптэчнага асартыменту была ў пяць разоў меншай за цяперашнюю. Адпаведна, вялікая іх частка знаходзілася не ў гандлёвай зале, а ў іншых памяшканнях і аптэкарам пастаянна даводзілася адлучацца ў пошуку чарговага прэпарата, што замаруджвала абслугоў­ванне.

– Розніца сапраўды прыкметная! – далучаецца да размовы фармацэўт-рэцэптар Наталля Касяк (на здымку). – Новыя шафы вялікія і ўмяшчальныя, літаральна ўсё пад рукамі. Так што працаваць цяпер будзем больш прадуктыўна і, хочацца спадзявацца, зменшым час чакання для нашых шаноўных кліентаў.

Вядома ж, пацікавіліся мы і меркаваннямі апошніх.

– Аптэка зусім не адрозніваецца ад сталічных. Прыгожа, акуратна, вітрыны падсвечаны, усё добра бачна. Нам падабаецца!” – вынеслі вердыкт жыхары Мінска Максім Новікаў і Юлія Ільіна, якія прыехалі на малую радзіму да бацькоў.

Трэба сказаць, што капітальны рамонт праводзіцца ў максімальна сціслыя тэрміны – распачаўся ён у сярэдзіне верасня, а зараз гандлёвая зала ўжо працуе ў штатным рэжыме (з 8.00 да 20.00 па буднях і з 8.00 да 18.00 – па выхадных). “Стараліся скараціць час работ, іншы раз працавалі і звышурочна, бо разумелі, што аб’ект запатрабаваны”, – падзяліўся з намі цясляр Сяргей Князеў. Дарэчы, прадпрыемства “СаюзДзвінБуд”, якое выйграла тэндар на правядзенне работ, працуе ва Ушачах неўпершыню: два гады таму рыхтавала да адкрыцця аптэку, што размешчана ў будынку рэдакцыі. Зараз рабочыя наводзяць апошнія штрыхі ў кабінетах і звонку: аптэку ўпрыгожылі новы казырок і ганак, зручны пандус, ля ўваходу ўстановяць лавачку, уладкуюць паркоўку для веласіпедаў, пасадзяць туі. Адным словам, усё будзе на належным узроўні, які ўласцівы ўстановам буйнейшай беларускай аптэчнай сеткі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *