Патриоты своего издания. Коллектив редакции отмечает 90-летний юбилей газеты!

Общество

У газеты юбілей!

Паважаныя чытачы! Сёння наша з вамі агульнае свята. Так, не толькі ў членаў калектыву і ветэранаў рэдакцыі, а ва ўсіх нас. Вось ужо 90 год, як у дамы ўшачан прыходзіць “раёнка”. Няхай не самае вялікае, аднак, дакладна самае чаканае выданне. І яно б не праіснавала столькі год, калі б жыло ў адрыве ад падпісчыкаў. Бо ўсё, што мы робім – выключна для вас. Паведамляем пра падзеі, дапамагаем у праблемах, а таксама крышачку весялім. Мы вельмі цэнім вашу падтрымку і мяркуем, што разам сустрэнем і стагоддзе “Патрыёта”.

На здымку сённяшні калектыў рэдакцыі: Вольга Камаркова, Кацярына Кавалеўская, Вольга Караленка, Яўген Жодзік, Алена Шасцярэнь, Дзмітрый Раманоўскі, Сяргей Камаркоў, Наталля Багдановіч, Андрэй Марозаў.

 

Ад “Прымежнага калгасніка” да “Патрыёта”

Пахмурным лістападаўскім днём у Полацк з Ушачы рухаўся адзіны ў раёне аўтамабіль ГАЗ-А. Дабіраліся да рэдакцыі «Чырвоная Полаччына” 7 гадзін, раз-пораз выштурхваючы з глыбокіх каляін машыну. У ёй везлі матэрыялы першага нумара газеты “Прымежны калгаснік” – так назвалі, паколькі Ушацкі раён да 1939-га межаваў з Польшчай. І роўна 90 год таму, 6 лістапада 1930 года, 1500 экзэмпляраў былі дастаўлены ва Ушачы і бясплатна распаўсюджаны сярод насельніцтва. Перадавіцу напісаў Рыгор Аўсеевіч Ваксман – загадчык аддзела агітацыі і прапаганды райкама, якога па сумяшчальніцтве без аплаты прызначылі рэдактарам, некалькі баявых нататкаў – Якаў Гінзбург з Кубліч.

Да 1 студзеня 1931 года газета выходзіла на 2 палосах раз на тыдзень. Адказным сакратаром, рэдактарам-стылістам, літаратурным супрацоўнікам, карэктарам і экспедытарам быў выпускнік Полацкага педтэхнікума Іван Сіманавіч Ліпаўка, якому на дапамогу прыедзе яго аднакурснік Картэль. У сярэдзіне 1931 года пад рэдакцыю перадалі дом раскулачанага непмана, ручную плоскадрукарскую машыну, 6 кас рэалаў, нож для рэзкі і 10 пудоў газетнай паперы. Паступова рос тыраж, штат, ды і газета стала выходзіць на 4 палосах 3 разы на тыдзень. Два гады – з 1939 па 1941-ы, пасля далучэння Заходняй Беларусі, трэцяя старонка друкавалася на польскай мове.

Здымак, зроблены 15 чэрвеня 1935 года ў дзень провадаў рэдактара Хрысцініча (кіраўніком станавіўся Берман), усю вайну пранасіў за пазухай друкар Іван Афанасьевіч Марковіч. Прозвішчы супрацоўнікаў можам назваць дзякуючы яго сыну Мікалаю Іванавічу, які змяніў бацьку і працаваў наборшчыкам да і пасля Вялікай Айчыннай вайны. У час навалы “Прымежны калгаснік” таксама выходзіў – два разы ў месяц па 300 экзэмпляраў.

Яшчэ ідзе вайна, але ў ліпені 1944 года каля касцёла ва Ушачах разносіцца пах друкарскай фарбы. Газета «Прымежны калгаснік” пачынае выходзіць пастаянна. Набіралі ў штат прафесіяналаў: рэдактарам – былога супрацоўніка беластоцкай абласной газеты Івана Акімавіча Клінава, адказным сакратаром – ваеннага журналіста палка Садчыкава (у будучым Народнага мастака Беларусі) Віктара Аляксандравіча Грамыку, літработнікам – Алеся Антонавіча Карабаня. У друкарню вяртаюцца партызанкі-наборшчыцы брыгады імя Сталіна Анастасія Ягораўна Косая і Вольга Васільеўна Марковіч. З 1945 года газета мяняе назву. “Сацыялістычны шлях” – пад такой шапкай яна будзе прыходзіць да ўшацкіх чытачоў да вясны 1962 года.(коллектив 1970-х)

Яе пасляваеннымі рэдактарамі былі Асіпёнак, Аўсюк, Алексін, Шаўчук. Адказным сакратаром – Вольга Якаўлеўна Чобат. Яе ў жніўні 1946 года змяніў Уладзімір Гаўрылавіч Качан, які друкаваўся пад псеўданімам Валодзін.

А ў 1947 годзе не выканалі план выпуску газеты з-за зрываў друкарні. Замест 104 нумароў выйшла толькі 74. Але ў канцы года запусцілі новую друкарскую машыну, а ў 1952-м набылі перасоўную электрастанцыю.

Вячаслаў Аўсюк, Аляксандар Васілеўскі, Іван Алексін, Андрэй Бутоўскі, Мікалай Герасіменка – гэтыя імёны добра ведалі ўшацкія чытачы 1959 года.

З сакавіка 1962 па 1967 год газета не выходзіла з-за ліквідацыі раёна. А ў канцы 1966-га фарміруецца новы штат рэдакцыі пад кіраўніцтвам Вадзіма Антонавіча Грынкевіча.

31 снежная 1966 года Мікалай Іванавіч Марковіч зрабіў першы адбітак і падарыў яго першаму сакратару райкама партыі Мікалаю Іванавічу Дземянцею, які спецыяльна апоўначы зазірнуў у рэдакцыю. Вядома, першы тост усе ўздымалі за адноўленую “раёнку”. Востра стаяла пытанне з кадрамі. І тады В.Грынкевіч адкрывае літаратурную старонку “Досвітак”, куды свае вершы сталі дасылаць Сяргей Законнікаў, Алег Салтук, Мікалай Лісічонак, Галіна Пышкова (Варатынская). Усе яны стануць супрацоўнікамі газеты, а ўшацкая “раёнка” – кузняй кадраў для выданняў вобласці. Уладзіміра Раманоўскага і Алега Салтука пераводзяць у “Віцебскі рабочы”, Пётр Пратасевіч і Ігар Баразна стануць рэдактарамі Глыбоцкай і Шаркаўшчынскай “раёнак”, Валерый Шаўчэнка ўзначаліць наваполацкую шматтыражку, а Аляксандр Марковіч будзе адказным сакратаром, а пазней і рэдактарам аб’яднанай полацкай газеты. У 1981 годзе В.А.Грынкевіча зменіць Зінаіда Генадзьеўна Дзямешка, а яе праз тры гады – Галіна Васільеўна Ігнаценкава.

Адзін з самых складаных перыядаў з 1988 па 1995 прыходзіцца на кіраўніцтва Рыгора Карпавіча Гладышава. Пры ім – у 1990 годзе газета мае і самы вялікі за ўсю гісторыю тыраж – 5820 экзэмпляраў, а ўсё насельніцтва раёна складала больш за 23 тысячы. 23 жніўня 1991 “Патрыёт” выйшаў у пятніцу. Нязвыклы дзень, таму што да гэтага раёнка прыходзіла да чытачоў па аўторках, чацвяргах і суботах. Але ў гэтым 101 нумары рэдакцыя звяртаецца да чытачоў з нярадаснай весткай – паведамляе аб скарачэнні выхадаў газеты з трох да двух. “Гэта ніяк не звязана з палітычнымі падзеямі ў краіне, – пішацца ў перадавіцы. – Праблемы з грашыма, а яшчэ больш з газетнай паперай, нам прапануюць, аднак узамен на трактар “Беларус”, якога ў рэдакцыі, канечне, няма”. У студзені 1994-га “Патрыёт” пераходзіць на аднаразовы выхад.

(бывший фотокор Н.Василевский)

У 1995 годзе рэдактарам прызначаюць Уладзіміра Іванавіча Хвашча. Гэта час тэхнічнага пераўзбраення. “Патрыёт” першы ў вобласці пераходзіць на электронную вёрстку і набор. А ў кастрычніку 2000-га, перад сваім 70-годдзем, газета стала выходзіць па серадах і суботах аб’ёмам па 4 паласы.

Фёдар Пятровіч Волах узначальваў калектыў з 2001 па 2010 год, з ліпеня 2007-га газета ў суботу ўжо на 8 палосах, а ў сераду на 4. А з 2014 года “Патрыёт” мае самы вялікі ў гісторыі раёнкі аб’ём у 16 палос. Гэта газета ў колеры і з электронным аналагам.

(Г.Воротынская с внештатниками)

38 гадоў над сваімі і матэрыяламі грамадскіх пазаштатнікаў працавала Галіна Аляксандраўна Варатынская. Таксама ўвесь працоўны стаж звязаны з “Патрыётам” ва Уладзіміра Арсенавіча Первянёнка, Мікалая Данілавіча Васілеўскага, Зінаіды Аляксандраўны Кучаронак, Леаніда Мікалаевіча Усцінава, Яўгеніі Андрэеўны Акулёнак. Мікалай Лісічонак, Людміла Гладышава, Уладзімір Лукашэвіч, Клаўдзія і Уладзімір Шарыпы, Вольга Гавейновіч, Яўгенія Касцюковіч, Фёдар Пацэйка, Сяргей Дзеравянка, Вольга Караленка, Алена Пашковіч, Мікалай Бункевіч, Мікалай і Таццяна Ганчаронкі, Андрэй Марозаў, Вольга Камаркова, Кацярына Кавалеўская, Наталля Багдановіч, Дзмітрый Раманоўскі… Адны сыходзяць, прыходзяць іншыя, але ўсе мы робім адну справу: пішам летапіс Ушацкага раёна.

(Н.Бункевич, Е.Акулёнок)

 

Ствараем летапіс раёна

Журналісцкую работу кабінетнай не назавеш: даводзіцца шмат ездзіць па раёне, знаёміцца з людзьмі, удзельнічаць у розных мерапрыемствах. Пра тое, як праходзяць будні прадстаўнікоў друку, пра свае адносіны да газеты расказваюць былыя і сённяшнія супрацоўнікі “Патрыёта:

Галіна Васільеўна Ігнаценкава, рэдактар “Патрыёта” з 1985 па 1988 год:

– Хоць працавала ў газетах у Чашніках, Наваполацку, Оршы, аднак самыя светлыя мае ўспаміны звязаны з “Патрыётам”. Напэўна таму, што гэта было першае кіраўніцтва газетай, а ішоў мне толькі 34-ы год. Назаўсёды ў памяці баявое хрышчэнне ў якасці рэдактара. Загадчык сельскагаспадарчага аддзела Вольга Гавейновіч падрыхтавала крытычны матэрыял з калгаса “Прагрэс”: мы занялі бок людзей, якія абураліся, што не выдзяляюць шнур, каб накасіць сена, калі не праполяць “пайку” буракоў. Кіраўнік гаспадаркі даведалася пра гэта і напярэдадні выхаду газеты патэлефанавала мне – пагражала паскардзіцца першаму сакратару райкама партыі Н.М.Гірсе. Рашэнне было няпростым, я разумела, што кіраўнік мае ў раёне вагу, аднак вырашыла “не хаваць” артыкул. Вельмі хваляваліся мы з Вольгай, калі і сапраўды пайшло расследаванне з удзелам Ніканора Міхайлавіча. Аднак падтрымка бабуль, жанчын з Матырына аказалася вельмі смелай, нават нечакана для нас, і Н.Гірса пагадзіўся, што ставіць людзям такія ўмовы няправільна.

Не забыцца, як мы да ночы па радыё “прымалі” справаздачы з партыйных сходаў, запісвалі. А як цікава жылі. Скінуліся на вялікую суму, выпісалі самых розных часопісаў, чыталі і потым абмяркоўвалі самае цікавае.

Раіса Якаўлеўна Грынкевіч, загадчык аддзела пісем з 1968 па 1981 год:

– Хоць я спачатку працавала ва Ушацкай школе выкладчыкам рускай мовы, заўсёды пасля ўрокаў бегла ў рэдакцыю – дапамагала вычытваць газету. Мой муж, рэдактар Вадзім Антонавіч, вельмі хваляваўся, каб не закралася памылка, і я падстрахоўвала карэктара. Вось аднойчы мы вычытваем зробленыя водціскі палос, і раптам на парозе з’яўляецца першы сакратар райкама партыі Мікалай Іванавіч Дземянцей. Ён таксама да позняга быў на рабоце, а ішла ўжо першая гадзіна ночы. Запытаўся, што ў нумары, і сеў разам з намі чытаць, і толькі даўшы дабро на друк, усе пайшлі дадому, абмяркоўваючы па шляху рэдакцыйныя справы, якімі ён заўсёды цікавіўся. Ды і перацягнуў мужа на маю радзіму асабіста М.Дземянцей, для чаго спецыяльна прыехаў у Гарадок і прапанаваў узначаліць рэдакцыю. Так што пусты домік у балоце (былая ДЮСШ) мы абжывалі з нуля.

Пётр Іванавіч Пратасевіч, з 1967 года літсупрацоўнік, а з 70-га па 78-ы – намеснік рэдактара:

– Адно з маіх першых заданняў – напісаць успаміны дырэктара Звонскай пачатковай школы, былога камісара атрада імя Шчорса І.Е.Крахоткі. Гэта пазней нам выдзелілі матацыкл, а потым і УАЗ, а ў 1967 годзе ў рэдакцыі не было ніякага транспарту. І ў Звонь за 15 кіламетраў па гравійцы я накіраваўся на ўласным веласіпедзе. Доўга, грунтоўна гутарылі з Іванам Емяльянавічам, ён паказаў шмат мне дакументаў. Задаволены, я пачаў пісаць артыкул і раптам прыгадаў, што не запісаў пра яго ўзнагароды. Зараз, з вопытам, я б абыграў гэта. А тады для мяне здавалася вельмі важным усё напісаць дакладна да літары, і я ў другі раз пакаціў у Звонь. Многа было і жартоўна-кур’ёзнага. Памятаю подпіс у газеце пад здымкам: даяркі з “Арэхаўна” Бурая і Чорная, – быццам мянушкі іх падапечных, але так супала. Памятаю, як У.С.Раманоўскі дыктаваў “Віцебскаму рабочаму” заметку. Папрасілі ўдакладніць прозвішка Ясюк. Уладзімір Сяргеевіч кажа: ”Тлумачу па літарах: Я – Яніна, СЮК.” Забыўся, і выдаў слог. А раз я “пераклаў” прозвішча і замест Мілай напісаў М.Любая.

Леанід Мікалаевіч Усцінаў, вадзіцель рэдакцыі з 1974 па 2018:

– Гэты эпізод памятаюць усе супрацоўнікі, што былі на суботніку ў калгасе імя Леніна. Убіралі сена, пад’ехаў трактар яго забіраць і заклініла гідраўліку. Механізатар знізу раскручвае пробку, мы паселі на ўзгорку, а Уладзімір Арсенавіч Первянёнак – на сенца. Яшчэ і пахваліўся, якое лоўкае месца знайшоў, і пільна назірае за дзеяннямі трактарыста. І раптам кузаў апускаецца, а струмень масла трапляе нашаму старэйшаму работніку прама ў вочы. Павісла нямая паўза. Мы ўсе вельмі спужаліся. І толькі калі часта замільгалі павекі і з-пад іх з’явілася хітраватае блакітнае вока, усе засмяяліся. І ўжо проста каталіся па ўзбярэжжы возера, калі прыйшоў час абеду. Паблізу тапілася лазня, і Уладзімір Арсенавіч вырашыў памыць сапсаваны мазутам капронавы капялюш. Выходзіць з лазні і прычытае. “Вось дык заробіў, што за дзень такі”, а ў руках трымае жменьку пластыку і стужку – усё, што засталося ад убору, які ён заліў варам.

Дзмітрый Раманоўскі, галоўны рэдактар:

– Раздзяленне журналістаў па напрамках дзейнасці ў невялікім калектыве раённай газеты даволі ўмоўнае, таму ўсім творчым супрацоўнікам даводзіцца пісаць на розныя тэмы. Але зразумела, што ў кожнага ёсць любімыя. Для мяне асабіста адной з такіх з’яўляецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Назаўсёды запала ў душу размова з Таццянай Аляксандраўнай Стрыжонак, жыхаркай вёскі Бабовішча, апошняй жывой сведкай знішчэння карнікамі вясной 1944 г. звыш 500 мірных жыхароў: дзяцей, жанчын, старых… Важна, што хаця людзей таго пакалення застаецца зусім нямнога, але іх успаміны, суровая праўда той вайны назаўсёды застанецца ў друкаваным слове, якое, як вядома, не высекчы і сякерай. У памяці і моманты, прыгадваючы якія, немагчыма стрымаць усмешку. Успамінаецца выпадак, калі на пачатку рэдакцыйнай дзейнасці давялося пэўны час пакіраваць суботнікам у Вашкове – вяртаючыся з сельгаспрадпрыемства, спыніўся ў цэнтры вёскі і быў памылкова прыняты за прадстаўніка ўлады. Зразумеўшы гэта, скарыстаўся момантам і “надаў імпэту” працэсу, але доўга ўтойваць праўду не змог. Калі ж разам з удзельнікамі працоўнага дэсанту пасмяяліся з сітуацыі і збіраўся ад’язджаць, пачуў, як адзін з мужчын, нібы апраўдваючыся, кінуў наўздагон: “Ну а што, якраз і ёсць улада – чацвёртая, калі не памыляюся…”

Вольга Камаркова, загадчык аддзела пісем і работы з аўтарскім актывам:

– Самы экстрэмальны збор інфармацыі ў маёй працоўнай кар’еры быў звязаны з рэканструкцыяй мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Каб высветліць сітуацыю, як кажуць, знутры, згадзілася разам з будаўнікамі па лясах дабрацца да галавы скульптуры партызана. Вось ён – як на далоні, здаецца, невялікі, але, узняўшыся на самы верх, зразумела, якая вялізная скульптура! “Што я мужу твайму і рэдактару скажу, калі звалішся?!” – крычаў мне між тым з зямлі вадзіцель Л.Усцінаў.

А рыхтуючыся да Дня будаўніка, давялося “пакарыць” і яшчэ адну вышыню – новай “музыкалкі”. Узбіраючыся на дах па нязручных будаўнічых лесвіцах, не на жарт хвалявалася за цэласнасць фотаапарата. Але гэта таго каштавала: удалося не толькі зрабіць цікавы рэпаратаж з пляцоўкі, а і ўдалы здымак панарамы цэнтра Ушач, які ўпрыгожыў сёлетні каляндар “Патрыёта”.

Самым жа шчымлівым стаў выезд на пажар у Старое Сяло, калі ў моцны мароз без даху над галавой засталася мнагадзетная сям’я – у памяці і зараз сумныя вочкі хлопчыка-другакласніка, які на папялішчы ўглядваўся ў абгарэлыя кніжкі, сшыткі, санкі і з надзеяй пытаўся ў выратавальнікаў, ці мог выжыць яго папугай Кеша…

Кацярына Кавалеўская, загадчык аддзела сацыяльных праблем:

– Нават калі з неба камяні паваляцца, журналіст наўрад ці адмовіцца ад запланаванага. Памятаю, як суботнім студзеньскім ранкам паехалі на возера Бярозаўскае на чэмпіянат краіны па зімняй рыбалцы. Мароз звыш 30 градусаў, паўкіламетра слізкага шляху пешшу ў адзін бок, акалелыя пальцы, якія ўпарта “адмаўляліся” рабіць пазнакі ў блакноце, націскаць кнопкі фотаапарата… Нямногія пазайздросцяць!

Пэўнай долі мужнасці патрабуе ўдзел у розных пошукавых, следчых мерапрыемствах. Даводзілася аказвацца на месцы крывавага забойства і самазабойства ў Ліпаўцы, з праваахоўнікамі выяўляць зброю і выбуховыя рэчывы ў домаўладаннях грамадзян, з вадалазамі даставаць цела тапельца на возеры Вяркудскае. І ўсё для таго, каб даць чытачу адэкватную інфармацыю не “сухой” афіцыйнай мовай.

Бываюць у журналісцкіх буднях і вельмі прыемныя “выпрабаванні”. Памятаю, як ацэньвала вартасці масажнай кушэткі ў райбальніцы, паўгадзіны лежачы на ёй пад цёплай коўдрачкай; як на конкурсе прафмайстэрства сярод повараў устаноў адукацыі раёна разам з журы выбірала пераможцу, прадэгуставаўшы для гэтага нямала смачных страў.

Наталля Багдановіч, намеснік галоўнага рэдактара:

– Калі дзевяць год таму, прыехаўшы з гораду, прыжывалася ў “Патрыёце”, асаблівую апаску выклікала ў мяне сельскагаспадарчая тэма, веды па якой былі вельмі сціплыя. Баявое хрышчэнне прыпала на “зялёнае жніво”: я павінна была зрабіць рэпартаж з палеткаў ля Завячэлля, дзе працавалі райаграсэрвісаўцы. Складанасці ўзніклі, як толькі мы павярнулі з бальшака: пасля ўчарашняга ліўня палявая дарога ўяўляла сабой суцэльную непраезную лужыну. Але хіба ж гэта спыніць пачынаючага рэпарцёра? Скінуўшы абутак і падабраўшы падол сукенкі, я адважна сунулася ў гразь, потым фарсіравала глыбокую, амаль па пояс, канаву на абочыне, мінула балаціну і выйшла на вялікае поле. Тэхнікі там не было, і я пашыбавала яе шукаць. Ішла з кіламетр, пякло сонца, мокрыя падрапаныя ногі джалілі слепні, і журналістам раёнкі быць мне ўжо зусім не хацелася… Раптам з-за пагорка шпарка выехаў нейкі вялікі агрэгат і я стрымгалоў кінулася да яго з узнятай рукой. “Вось дык дзіва! Першы раз бачу, каб па тутэйшых палях аўтастопам ездзілі! – выглянуў з акна ўсмешлівы мужчына. – Ну, садзіся. Табе куды?” А праз колькі хвілін механізатар Леанід Грыневіч ахвотна расказваў мне пра свой КВК-800 і ўраджайнасць траў. Мы з ветрыкам праімчаліся па “непраезнай” дарозе, абліўшы пырскамі рэдакцыйны УАЗік, і выскачылі на бальшак, дзе тым часам астатнія механізатары сабраліся на абед. Лепшага моманту для размовы і фотасесіі і прыдумаць было нельга! А яшчэ і катлетамі пачаставалі… Ва Ушачы я ехала з выдатным настроем і думала, якая ж гэта цікавая справа – быць журналістам “раёнкі”.

Вольга Караленка, адказны сакратар:

Камандзіроўкі на вялікія адлегласці нам не давалі, таму ўласныя падарожжы часта спалучала са зборам матэрыяла. І вось калі калектыў саўгаса “Ушацкі”, дзе працавалі бацькі, накіраваўся на выхадныя ў Маскву, я была ў складзе турыстаў, загадзя ўзяўшы ў музеі адрасы некалькіх імянітых партызан. Маштабы сталіцы яўна недаацаніла: за дзень паспявала дабрацца толькі да аднаго адрасата, таму ніводнай славутасці з насычанай праграмы так і не ўбачыла, затое выдатна памятаю твар легендарнага лётчыка Уладзіміра Кузняцова. За артыкул пра яго потым атрымала прэмію як за лепшы матэрыял месяца – была такая практыка заахвочвання журналістаў, ну а вось з другім выйшла прамашка. Не, сакратар ветэранскай арганізацыі палка сувязістаў аказалася проста знаходкай для журналіста: паказвала лісты-перапіску з аднапалчанамі з усяго Саюза, расказвала “гарачыя” эпізоды пра паходжанне сваіх ўзнагарод… А праз некалькі тыдняў пасля выхаду аповеда стала вядома, што медалі – крадзеныя, належалі зусім іншым франтавічкам, а мая гасцінная субяседніца доўгія гады падманвала сотні людзей. Усе “кіношныя” гісторыі – з жыцця.

***

Паважаныя калегі, шаноўныя ветэраны журналістыкі!

Ад усяго сэрца віншую вас з 90-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты “Патрыёт”.

Выданне мае сваю багатую гісторыю і добрыя традыцыі, а калектыву ўласцівы адказнасць, прынцыповасць, шчырая грамадзянская пазіцыя, таленавітасць і вернасць прафесійнаму абавязку.

Ваша газета трывала замацавалася на інфармацыйнай карце рэгіёна, сфарміравала аўдыторыю адданых чытачоў.

Знаходзячыся на вастрыні жыцця, яна садзейнічае мясцовай уладзе ў вырашэнні важных задач, застаецца паслядоўным правадніком дзяржаўнай палітыкі, абаронцай высокіх маральных каштоўнасцей і ідэалаў нашага народа.

Няхай любімая праца прыносіць вам толькі радасць і задавальненне, а для новых спраў і здзяйсненняў заўсёды хапае сіл і энергіі.

Жадаю супрацоўнікам і ўсім сябрам рэдакцыі моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, новых творчых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

І.У.ЛУЦКІ, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Паважаныя сябры!

Прыміце сардэчныя віншаванні з нагоды 90-годдзя газеты!

Рэдакцыю газеты “Патрыёт” вылучае актыўная грамадзянская пазіцыя, актуальная праблематыка ў сацыяльна-эканамічным жыцці раёна, публіцыстычны падыход і паважлівае стаўленне да чалавека. На працягу ўсёй багатай гісторыі руплівай працай журналістаў розных пакаленняў выданне заваявала сапраўдную любоў і прызнанне чытачоў, заслужана карыстаецца аўтарытэтам у вобласці, з гонарам адпавядае лаканічнай, але гучнай назве – “Патрыёт”.

Сучасная газета выкарыстоўвае новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў журналісцкай рабоце і дзякуючы інтэрнэту развіваецца ў медыйнай прасторы.

Жадаем супрацоўнікам рэдакцыі і надалей адпавядаць патрабаванням часу, новых аўтарскіх знаходак, трывалага фінансавага становішча і плённай працы. Моцнага вам здароўя, дабрабыту, шчасця, натхнення ў творчасці!

З павагай, Уладзімір Пенін, намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *