Аллея семейных деревьев появилась возле новой детской школы искусств в Ушачах

Общество

Парк сямейных дрэў з часам з’явіцца ля Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў. Пакуль што гэта алея, закладзеная ў канцы мінулага тыдня сумесна маладымі сем’ямі Ушаччыны, а таксама актывістамі раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын, Чырвонага Крыжа і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

– Гэта пляцоўка стала нашым чарговым аб’ектам для правядзення работ па добраўпарадкаванні невыпадкова. Школа мастацтваў усяго два месяцы таму ўведзена ў эксплуатацыю, аму велізарная прылеглая тэрыторыя патрабуе немалых фінансавых укладанняў і, канечне, клапатлівых жаночых рук, – тлумачыць выбар лідар аб’яднання жанчын Ушаччыны Алена Васільеўна Пашковіч. – На сродкі раённай арганізацыі набылі 60 вечназялёных дэкаратыўных раслін – туі розных сартоў, ядлоўцы – на агульную суму каля 600 рублёў. Актывістка арганізацыі Марыя Ярмош дадала для пасадкі каля 20 кустоў дэкаратыўных хостаў, якія вырасціла на ўласным прысядзібным участку.

Ну а паколькі раённыя лідары БРСМ і Чырвонага Крыжа таксама жанчыны, таму і не дзіўна, што неўпершыню разам добраўпарадкоўваюць знакавыя аб’екты Ушаччыны. Пляцоўка ля школы мастацтваў менавіта такая – знаходзіцца ў цэнтры гарпасёлка, і з густам высаджаныя туі ўжо значна ажывілі яе. Менш чым за дзень пустыр ператварыўся ў прыгожы добраўпарадкаваны куток.

А паралельна з гэтай годнай справай была зроблена яшчэ адна – дзеці вучыліся таму, як многа можна зрабіць разам. Калі зусім маленькая яшчэ дачка Івана і Таццяны Шугалей, то Ксенія Церашкавец актыўна дапамагала. Яна заўсёды разам ва ўсіх пачынаннях сваіх бацькоў Арцёма і Таісы. Мінулагоднія пераможцы раённага конкурсу “Уладар сяла” прыехалі для пасадкі ажно з аграгарадка Глыбачка. У поўным саставе былі таксама сем’і Ірыны і Яўгена Ціханавых, Пятра і Дар’і Алексяёнкаў, Андрэя і Крысціны Піскуноў, з двума сынамі прыйшла лідар раённай арганізацыі БРСМ Дзіяна Калбасава. Ну а Антон Шараеў, можна сказаць, узяў на сябе ролю галавы сямейства і спраўляўся з пасадкай разам з маці. Усяго ў закладцы сямейнай алеі прынялі ўдзел 9 маладых сямей.

Пройдзе час, нават самыя юныя ўдзельнікі гэтага дружнага працоўнага дэсанта будуць наведваць школу мастацтваў, глядзець на падросшыя туі і прыгадваць 2020 год – апошні Год малой радзімы, аднак зусім не апошні для добрых спраў для сваёй любімай Ушаччыны. І раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, і актывісты БРСМ, якім па ўсёй краіне быў распачаты праект “Парк сямейных дрэў”, працягнуць добраўпарадкаванне тэрыторыі ля школы мастацтваў і ў наступным годзе.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *