В Полоцке проходит международный фестиваль органной музыки «Званы Сафіі»

Калейдоскоп Общество

Удзельнікі клуба “Імпульс” сустракаюцца кожны панядзелак, сераду і пятніцу ў спартыўнай зале. Аднак не надакучылі адна адной, а наадварот. У нядзелю яны ажыццявілі падарожжа ў старажытны Полацк. Аглядную экскурсію не заказвалі: пра гісторыю заснавання княства, разбурэнне і аднаўленне Сафійскага сабора прысутным расказала арганізатар паездкі, старшыня ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. Ну а здымкі на памяць былі зроблены ля Барысава каменя і ля прыступак сабора невыпадкова – ушачане прыехалі на адкрыццё юбілейнага ХХV міжнароднага фестывалю арганнай музыкі “Званы Сафіі”.

Назва гаворыць за сябе: пасля аднаўлення храма ён працуе як музей і канцэртная пляцоўка. Гучаць, праўда, у гэты час не званы, а пераважна арган, спецыяльна выраблены пад полацкую Сафію. Ну а падчас такіх музычных форумаў фармат пашыраецца, прыязджае шмат гасцей. Сёлета з-за пандэміі, на жаль, не было, як звычайна, замежных музыкантаў. Аднак канцэрт ад гэтага не аказаўся меней узнёслым. Нават вяртаючыся дадому, ушачане ўключалі запісы, зробленыя на тэлефон, каб зноў пачуць музыку Гендэля. 25 кастрычніка праграма складалася выключна з яго твораў, паколькі сёлета адзначаецца 335-годдзе з дня нараджэння вядомага ва ўсім свеце кампазітара.

Зала на 304 месцы аказалася запоўненай. Без ахоўных масак у Сафіі былі толькі музыканты, якія ўзвышаліся “пад купаламі”, а дзіўная акустыка храма ўзмацняла гукі аргана, якім “кіравала” Заслужаная артыстка Беларусі Ксенія Пагарэлая. Гэты музычны інструмент і сам па сабе – “аркестр”, ну а калі акампаніраваў глыбокаму сапрана салісткі Беларускай філармоніі Тамары Рэмез ці скрыпцы салісткі аркестра камернай музыкі “Еўропа-Цэнтр” Вікторыі Бабенкі, здавалася, сам аказваўся пад аблокамі. Калі ж гаспадыня канцэртнай залы выступала з аркестрам пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава, меркавалася, што ў ім задзейнічана шмат розных інструментаў, хаця гучалі толькі скрыпкі і віяланчэлі. Дарэчы, уважліва вывучыўшы склад “Еўропа-Цэнтра”, у якім выкладчыкі і студэнты розных музычных устаноў Полацка і Наваполацка, я ўбачыла знаёмы твар Юліі Марчанкі (Власенка), якая некалькі год выкладала скрыпку ў нашай школе мастацтваў.

Многія з прысутных, як і В.Балаболкіна, былі ў сценах Сафіі ўпершыню, і хоць кажуць, што класіка непадрыхтаванымі людзьмі ўспрымаецца цяжка, ёй, як і Святлане Маршалавай, Наталлі Прашковіч, Валянціне Карчэўскай, канцэрт вельмі спадабаўся. А Ганна Ягоранкава і Тамара Кулак дарогу да храма-музея ўжо ведалі, ды і прыехалі не ў складзе дэлегацыі. Дарэчы, зрабіць сабе на выхадныя музычны падарунак можа любы жадаючы, паколькі арганныя канцэрты Ксеніі Пагарэлай праходзяць кожную нядзелю. Ну а калі ўлічыць, што тут жа знаходзіцца музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, а побач краязнаўчы, дзіцячы і беларускага кнігадрукарства, мастацкая галерэя, то толькі ўздоўж Заходняй Дзвіны можна ўсёй сям’ёй гуляць цэлыя выхадныя.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Дарэчы

Канцэрты ў сценах Сафіі пачынаюцца кожную нядзелю ў адзін і той жа час:15 гадзін. Даведацца пра праграму і заказаць білеты можна на сайце sophia.polotsk@museum.by і па тэлефонах +375 214 42-53-40, +375 214 42-51-34.

Факт

  • У красавіку ў канцэртнай зале сабора праходзіць міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *