От открыток до сладких букетов. Ушачанка Мария Литвин умеет сделать оригинальный подарок!

Калейдоскоп

Выраб арыгінальных паштовак, упрыгожанняў, адмысловых цацак, шакаладніц і нават “адзення” для кубкаў – далёка не ўвесь пералік таго, што ўмее рабіць ушачанка Марыя Літвін. Яшчэ з малодшых класаў яна, пэўна, паспрабавала ўсе творчыя накірункі – ад танцаў і малявання да карпатлівага бісерапляцення і пап’е-машэ. А ў апошнія гады прывабліваюць яе новыя накірункі рукадзельнага мастацтва.

– Заўсёды цікавіла што-небудзь арыгінальнае, а на дні нараджэння родных ці сяброў імкнулася зрабіць што-небудзь сама. Згадзіцеся, што нават грашовы падарунак прыемней атрымаць не ў белым папяровым канверце, а адмысловым, ручной работы, а паштоўку – не такую, як у магазіне. Пачала эксперыментаваць і з шакаладніцамі – таксама выдатны спосаб прыгожа паднесці салодкі прэзент. А спатрэбіцца для гэтага не так і многа матэрыялаў – папера для скрапбукінга, клей, атласныя стужкі і ўпрыгожанні, – расказвае М.Літвін.

Зрэшты, дзяўчына ніколі не капіруе прыведзеныя ў інтэрнэце прыклады – прыдумвае дызайн сама. Розныя ўпрыгожанні, рамкі, атрыбуты для фотасесіі, букет з шышак і жывых кветак – да свайго вяселля рэалізавала цэлую экспазіцыю.

Захапленне і творчы настрой Марыі заўсёды падтрымлівала мама Вольга Цярэнцьеўна, а таксама муж Эдуард. “Дзякуючы ім рухаюся наперад. Менавіта сям’я параіла пайсці далей – аформіць рамесніцтва і мець магчымасць радаваць вырабамі не толькі родных людзей. Я прыслухалася і гэтай восенню зарэгістравалася, тым больш што гэта не патрабуе ні вялікіх намаганняў, ні ўкладанняў”, – кажа М.Літвін.

І цяпер, як прызнаецца Марыя, у яе з’явілася яшчэ больш ідэй і натхнення! Так, напрыклад, каб гарачыя напіткі не так хутка астывалі, вяжа кручком футра для кубкаў. У апошні час карыстаюцца папулярнасцю букеты з цукерак, іх выраб таксама лёгка асвоіла дзяўчына і нават пайшла яшчэ далей – зрабіла фруктовы асенні, які, зрэшты, вельмі спадабаўся яго ўладальніку. З задавальненнем чаруе і над вясельнымі аксесуарамі для нявест, іх сябровак, а таксама дзяцей. І ўжо рыхтуе да Новага года ёлачныя цацкі: набывае фігуркі з дрэва і размалёўвае іх.

Хоць у цяперашні час М.Літвін яшчэ вучыцца ва ўніверсітэце, паспявае займацца і сваім захапленнем. “Для любімага занятку знаходжу час – было б жаданне, няхай гэта будзе позні вечар, ноч ці ранак. А нялёгкіх работ для мяне не бывае: калі складана, значыць, не прыйшоў час для гэтага”, – адзначае дзяўчына.

Свае вырабы яна прэзентуе падпісчыкам на старонцы ў Інстаграме, і яны карыстаюцца попытам сярод ушачан.

Па прафесіі Марыя педагог – адпаведную адукацыю атрымала ў Полацкім каледжы, а зараз навучаецца на спецыяльнасці “Алігафрэнапедагогіка” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя М.Танка. Яна марыць хутчэй прыступіць да працоўных будняў і ўпэўнена, што творчыя здольнасці ёй абавязкова спатрэбяцца ў рабоце з дзецьмі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *