Год таму першыя ўшачане правялі ў свае дамы электраацяпленне. Варыянты былі розныя: кацёл і паравое ад яго, каларыферы ці цёплая падлога. Якім бы ні быў спосаб абагрэву, улічваецца гэтая электраэнергія па асобным лічыльніку і аплачваецца па льготным тарыфе. Як мы і пісалі раней, самыя мінімальныя выдаткі склалі каля тысячы беларускіх рублёў. Аказваецца, такую суму дзяржава верне гаспадарам – 14 красавіка 2020 года быў падпісаны Указ №127 “Аб кампенсацыi расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду”. Аднак не ўсім. Хто падпадае пад яго дзеянне і куды трэба звяртацца, мы гутарылі з загадчыкам сектара архітэктуры і будаўніцтва Ушацкага райвыканкама Г.В.Дымман.
– Галіна Віктараўна, акалічнасцяў у гэтым дакуменце шмат і вы дэталёва разбіраліся ў працэдуры. Давайце адразу адкажам нашым чытачам, каму варта разлічваць на кампенсацыю?
– Нюансаў сапраўды многа, мы не адзін раз звярталіся за ўдакладненнямі ў Міністэрства энергетыкі. І хоць спадзяваліся, што выплаты атрымаюць усе ўшачане, што падключылі электраацяпленне, на жаль, гэта датычыцца толькі тых, хто ажыццяўляў расходы пасля 17 ліпеня 2020 года – моманту ўступлення ў сілу ўказа, і мае адпаведныя дакументы. Частковаму пакрыццю падлягаюць выдаткі, якія адлюстраваны ў акце выкананых работ па дагаворы са спецыялізаванай арганізацыяй, што іх ажыццяўляла, а таксама ў дакументах на набыццё абсталявання. Гэта могуць быць чэкі, квітанцыі, накладныя, у якіх бачна не толькі сума і дата, а і ўказана сама пакупка.
– Аднак выдаткі вернуць не ў поўным аб’ёме?
– Так, з мясцовых бюджэтаў кампенсуюць 20 працэнтаў кошту работ на правядзенне электразабеспячэння, але не больш за 40 базавых велічынь (цяпер – 1080 рублёў).
– Куды павінен звяртацца гаспадар, які рабіў падключэнне пасля 17 ліпеня?
– У “адно акно” Ушацкага райвыканкама, аднак гэта давядзецца рабіць неаднойчы. Паколькі ў чалавека абавязкова павінен быць акт прыёмкі, які выдаецца райвыканкамам, то спачатку пішацца адпаведная заява. Акт прыёмкі немагчыма ажыццявіць без ведамасці тэхнічных характарыстык, якія робяць спецыялісты бюро тэхнічнай інвентарызацыі, таму абавязкова давядзецца звяртацца да іх (ад рэдакцыі: працэдура платная і складае прыкладна 100-150 рублёў. Пасля выдачы акта чалавек на працягу двух месяцаў павінен звярнуцца ў бюро за атрыманнем тэхнічнага пашпарту – яго выраб і рэгістрацыя каштуе 80 рублёў). Паралельна, раней або пазней, можа быць пададзена заява аб уключэнні грамадзяніна ў спісы на кампенсаванне расходаў. А калі на руках будзе акт прыёмкі, падаецца заява на пакрыццё часткі выдаткаў па электрападключэнні, да якой прыкладаецца акт выкананых работ, дакументы, што пацвярджаюць набыццё абсталявання, а таксама адкрыты рахунак у банку, на які і будуць залічаны сродкі ў выпадку паспяховага вырашэння пытання.
– Могуць быць і іншыя абмежаванні, акрамя тэрміну выканання работ – да 17 ліпеня?
– Так, калі грамадзянін раней газіфікаваў дом з прыцягненнем бюджэтных сродкаў або льготных крэдытаў «Беларусбанка», калі да дому падведзены газ або ёсць цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне, калі адзін раз ужо атрымаў кампенсацыю выдаткаў па электрападключэнні, калі дом знаходзіцца ў зонах з правам на адсяленне і ў зонах наступнага адсялення і некаторыя іншыя ўмовы. Таму перш чым спяшацца за кампенсацыяй, трэба ўзважыць, ці падпадаеце вы пад пералічаныя ўмовы, можна і пракансультавацца. Мой тэлефон: 5-86-09.
– Ці мае значэнне чарговасць уключэння ў спісы на атрыманне кампенсацыі?
– Не, калі Вы там стаіце пад нумарам адзін, не азначае, што першым яе і атрымаеце. Заявы прымаліся і да таго, як намі былі атрыманы тлумачэнні ад Міністэрства энергетыкі, а гэта значыць, што там ёсць людзі, якія правялі рэканструкцыю дома да 17 ліпеня 2020 года. Двум заяўнікам па гэтай жа прычыне было адмоўлена ва ўключэнні ў спісы. І пакуль што ніхто не кампенсаваў выдаткі.
Вольга Караленка.
Дарэчы
- На сённяшні дзень 79 ушачан ацяпляюць дамы з дапамогай электраэнергіі.