На балансе Ушацкага ўчастка дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №37 г.Лепель знаходзяцца часткі трох дарог у межах нашага раёна: Р-116 “Ушачы-Лепель” праз Вашкова, працягласцю 18,1 кіламетра, Р-113 “Сянно-Бешанковічы-Ушачы” (36,4) і амаль такі ж адрэзак трасы (37,7) Р-29 “Ушачы-Вілейка”. Здаецца, што і нямнога, няма ў сукупнасці і сотні кіламетраў, але ж і калектыў, які адказвае за гэтыя бойкія напрамкі, “вароты” ў наш раён, невялікі. Таму спраў хапае на працягу ўсяго года.
– Сёлета адметных аб’ектаў у нас не было, у асноўным займаліся цякучымі работамі па ўтрыманні, – расказвае начальнік участка Пётр Пятровіч Кляшчонак. – Гэта ў мінулыя два гады даводзілася быць і мостабудаўцамі, калі на трасе Р-113 рамантавалі пераправы ў Чарсцвядах і цераз Дзіву. Сёлета ж можна выдзеліць хіба абнаўленне асфальтавага пакрыцця з сёмага па трынаццаты кіламетр на лепельскім напрамку.
Пакуль з раніцы размаўлялі з начальнікам участка, работнікі прадпрыемства займаліся будзённымі справамі, рыхтаваліся да чарговага выезду на ямкавы рамонт у раёне Весніцка. Дарэчы, за мінуўшы перыяд года аб’ёмы на гэтай справе ўжо перавысілі 5 тысяч метраў квадратных і лічбы яшчэ падрастуць – надвор’е дазваляе.
У калектыве фактычна няма інжынерна-тэхнічнай службы, і тым больш бухгалтэрыі, таму функцыі брыгадзіра ўскладзены на вадзіцеля “ГАЗелі” Андрэя Анатольевіча Ізмайловіча, ён і дае водпуск П.П.Кляшчонку. За рулём яшчэ аднаго груза-пасажырскага аўтамабіля – ветэран дарожнай справы Мікалай Мікалаевіч Пузатка. Дзесяцітонным МАЗам кіруе Станіслаў Аляксандравіч Малахаў, самы малады як па ўзросце, так і па стажы працы, на самазвале ўдвая большай грузападымальнасці задзейнічаны Ігар Васільевіч Апёнак. Вадзіцелі грузавікоў рыхтуюцца да зімы, гатовы пры неабходнасці ўстанавіць на барты раскідальнікі пясчана-солевай сумесі, якія чакаюць сваёй пары і выдзяляюцца свежай фарбай пасля капітальнага рамонту. Па словах П.П.Кляшчонка, у апошнія гады соль на падсыпцы сваіх участкаў яны не выкарыстоўваюць, абыходзяцца гравіем, гара якога ўзвышаецца на тэрыторыі. “Хвілін 20 неабходна, каб устанавіць раскідальнік, яшчэ менш – аснасціць МАЗ лапатай, – расказвае С.Малахаў. – Потым Пётр Аляксеевіч Судак на “Амкадоры” загружае гравій – і выязджаю на трасу”. Мінулая зіма была маласнежнай і не прынесла вялікіх клопатаў у выглядзе заносаў, але вадзіцелі ўсё роўна дзяжурылі, падсыпалі дарогі, калі ўтваралася наледзь. На выпадак жа сапраўднай зімы на прадпрыемстве маецца грэйдар, аснашчаюцца адваламі-лапатамі і трактары.
Адзін з іх Аляксандр Канстанцінавіч Шараг, Рыгор Захаравіч Шарамет і Валерый Сямёнавіч Баеў рамантавалі ў боксе – тэхніка няновая, а кожная адзінка на асаблівым рахунку. У цёплы сезон значны час даводзіцца прыгаданым механізатарам працаваць на абкосе прыдарожных палос. Як адзначыў П.П.Кляшчонак, сёлета многа зроблена ў барацьбе з баршчэўнікам, які ў тым ліку знішчалі і хімічным спосабам, на значных участках абапал трас праведзена высечка кустоўя, акультураны дрэвы – дарогі, якія абслугоўвае прадпрыемства, і сапраўды папрыгажэлі. Вялікая заслуга ў гэтым рабочых Уладзіміра Анатольевіча Ізмайловіча, Васіля Іванавіча Александровіча, Канстанціна Сяргеевіча Дразда, якія ўмеюць працаваць з любым інструментам, займаюцца і рамонтам, і абкосам, фарбуюць і падтрымліваюць у належным стане пункты прыпынку грамадскага транспарту, устанаўліваюць сігнальныя вехі і дарожныя знакі. Трэба сказаць, што дапамагаюць ім у гэтай справе і вадзіцелі, а дзе патрэбна, як гэта было на рамонце мостаў, то працуюць абсалютна ўсе, у тым ліку і начальнік. Выключэнне – адзіная ў мужчынскім калектыве прадстаўніца цудоўнай паловы чалавецтва – дыспетчар Марыя Аляксандраўна Стрыжонак.
Акрамя клопату пра свае дарогі, даводзіцца работнікам нашага ўчастка выязджаць і на буйныя трасы: напрыклад, Р-46 “Лепель-Полацк”, якую неўзабаве чакае маштабная рэканструкцыя, і нават аказваць дапамогу галаўному прадпрыемству на магістралі М-3, што злучае Віцебск з беларускай сталіцай. Так што невялікі калектыў ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі з’яўляецца хоць і маленькай, але важнай шрубкай у вялізным механізме РУП “Віцебскаўтадор”.
Дзмітрый Раманоўскі.
На здымку: У.Ізмайловіч, С.Малахаў, А.Шараг, П.Кляшчонак, П.Судак, М.Пузатка, Р.Шарамет, В.Баеў.