В дорожную сферу привела… любовь! Более 20 лет в Ушачском ДРСУ-105 трудится Дмитрий Тимофеев

Общество

У кабінеце галоўнага інжынера ДРБУ-105 пад рукой карта дарог раёна, але ёй Дзмітрый Пятровіч Цімафееў карыстаецца зусім нячаста. За больш чым 20 гадоў работы на прадпрыемстве выдатна вывучыў кожную. Нават і не верыцца, што калісьці ён зусім не ведаў напрамкі дарожных артэрый Ушаччыны.

“У гэтую службу мяне прывяло… каханне!” – з усмешкай зазначае Дзмітрый Пятровіч. Ураджэнец Глыбоцкага раёна пасля заканчэння школы паступіў у Полацкі дзяржуніверсітэт, абраўшы спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. На размеркаванні атрымаў “пуцёўку” ў Смаргонь, што на Гродзеншчыне, аднак да працы там не прыступіў, пераразмеркаваўся ва Ушацкі раён – на радзіму сваёй каханай, куды павінна была накіравацца яна. “Таццяна вучылася ў тым жа ўніверсітэце, толькі на бухгалтара, прычым, заканчвала ўстанову на год пазней. Таму на чужую на той момант Ушаччыну адправіўся працаваць спачатку адзін. Хоць атрыманая спецыяльнасць накіравана больш на будаўніцтва дамоў, уладкаваўся ў ДРБУ-105”, – расказвае Д.П.Цімафееў.

Пачынаў жа працоўную кар’еру дарожным майстрам. У той час у арганізацыі было намнога больш людзей, ды і аб’ектаў. Зрэшты, свой першы памятае выдатна: асфальтаванне дарогі на Бікальнічы і ўчастка дарогі ад Сарочына да вёскі Крыжы – выканаў выдатна. І калі спачатку падстаўлялі плячо і дапамагалі вопытныя калегі, то няпросты працэс паверхневай апрацоўкі асфальтавага пакрыцця чарнёным шчэбнем у напрамку Вялікіх Дольцаў рабіў самастойна. Праз некаторы час стараннага працаўніка павысілі да старшага майстра, а 10 гадоў таму даверылі пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства. Два гады з гэтай дзесяцігодкі ён яшчэ і выконваў абавязкі начальніка ДРБУ-105.

Які аб’ект у дарожнай кар’еры быў найбольш складаны? Дзмітрый Пятровіч не задумваючыся адзначае, што кожны адказны. Сярод жа самых няпростых – асфальтаванне, абсталяванне стаянак, пляцовак на тэрыторыях “Нафтана”, “Паліміра”, у Копысі на Аршаншчыне, у Полацку падчас падрыхтоўкі да “Дажынак”, “Юнацтве-Ушачы”, а таксама адзін з апошніх – капітальны рамонт дарогі “Ушачы-Немірова”. Гэта на першы погляд падаецца, што асфальт хутка кладзецца. Насамрэч, тут існуе мноства дарожных тонкасцей, але падчас здачы аб’екта спецыяльная камісія паставіла нашым дарожнікам высокую адзнаку.

– Смела магу назваць яго сваёй правай рукой! Як чалавеку новаму і ў арганізацыі, і ў раёне ён мне вельмі дапамагаў унікнуць у справу. Вопытны, граматны, адказны, лічу, што прадпрыемству пашанцавала з такім кадрам, – кажа пра Д.Ц.Цімафеева начальнік ДРБУ-105 А.У.Пячкоўскі. Зрэшты, ад усіх работнікаў “пра Пятровіча” можна пачуць толькі такія станоўчыя водгукі.

Хоць і шмат у галоўнага інжынера папяровых абавязкаў, усё ж гэтую пасаду нельга назваць кабінетнай. Дзмітрый Пятровіч абсалютную большасць часу праводзіць на аб’ектах з рабочымі, не абмяжоўваецца рамкамі з 8 да 17 гадзін – часам працуе познім вечарам і ў выхадныя.

Спакойны і вытрыманы, ён адначасова патрабавальны і прынцыповы да падначаленых, умее будаваць размову з грамадзянамі, ад якіх даводзіцца чуць не толькі ўдзячнасці, а і нараканні. “Скаргі на стан дарог ёсць пастаянна, гэта не сакрэт, – гаворыць Дзмітрый Пятровіч. – У многім яны абумоўлены значнай зношанасцю тэхнікі прадпрыемства, якая не абнаўляецца гадамі, і невялікім фінансаваннем. Тым не менш, прыкладаем намаганні, каб усюды паспець, ведаем аб праблемных месцах, але за кароткі тэрмін прагрэйдзіраваць ці адрамантаваць усе дарогі немагчыма. І тым больш апрануць кожную ў асфальт. Таму хацелася б, каб насельніцтва з разуменнем ставілася да таго, што заяўкі выконваюцца не так хутка, як хацелася. А яшчэ цаніла зробленае і не падкідвала спраў, напрыклад, у выглядзе размаляваных аўтобусных прыпынкаў. Напрыклад, толькі ў Строктах сёлета прыходзілася 4 разы вяртаць эстэтычны выгляд прыпынку. Нямала такіх выпадкаў было і ў іншых населеных пунктах”.

За два дзясяткі гадоў ні разу не ўзнікала думка змяніць сферу дзейнасці, хоць і прапаноўвалі яму работу ў іншых арганізацыях. Нават у цяперашні, няпросты для галіны час застаецца верным свайму прадпрыемству. “Я патрыёт і люблю сваю работу”, – кажа мужчына. Надзейным жа тылам і падтрымкай з’яўляецца сям’я, з жонкай Таццянай яны не першы год працуюць разам. Менавіта на такіх адказных, апантаных патрыётах і трымаюцца прадпрыемствы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *