Падрыхтаванасць сістэмы аховы здароўя рэгіёну да другой хвалі COVID-19 разглядалася ў панядзелак на першым пасля летняй паўзы пасяджэнні абласнога штаба па супрацьдзеянні распаўсюджанню каранавіруснай інфекцыі.
Па звестках галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, захваральнасць вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі ў гэтым сезоне толькі на 2,7 працэнта вышэй, чым летась. З сярэдзіны верасня назіраецца павелічэнне колькасці пнеўманій, аднак на стацыянарным лячэнні з запаленнем лёгкіх знаходзіцца толькі 30 працэнтаў пацыентаў у параўнанні з гэтай вясной. Каранавірус распаўсюджваецца па рэгіёнах вобласці досыць раўнамерна, на сельскія раёны прыходзіцца каля трэці выпадкаў. Усяго зараз у рэгіёне прадугледжана каля 1,4 тысячы ложкаў для лячэння пнеўманій і каранавіруснай інфекцыі. Усе цяжкія пацыенты накіроўваюцца ў Віцебск, аднак кваліфікаваную дапамогу аказваюць і на месцах: так, напрыклад, у некалькіх райбальніцах, у тым ліку і Ушацкай, прадугледжаны дадатковыя аддзяленні для хворых з падазрэннем на COVID-19. Для кансультацыйнай і іншай дапамогі да раённых медыкаў выязждаюць брыгады віцебскіх спецыялістаў. ПЦР-даследаванні на каранавірус праводзяць шэсць лабараторый вобласці, калі будзе патрэбна, падключацца яшчэ дзве.
У час другой хвалі сітуацыя з забеспячэннем медустаноў усім неабходным значна лепшая. Так, напрыклад, зараз у стацыянарах вобласці маецца 1,7 тысячы кропак кіслароднай падтрымкі, што ўдвая больш, чым вясной. Якраз на гэтым тыдні названае абсталяванне ўстанаўліваецца ў інфекцыйным аддзяленні Ушацкай райбальніцы.
Як адзначыў старшыня аблвыканкама М.Шарснёў, нам ні ў якім разе нельга самазаспакойвацца. Калі перыяд першай хвалі дасягнуў лета і было зразумела, што ён неўзабаве аслабее, то зараз наперадзе халодны сезон і ніхто не ведае, наколькі зацягнецца другая хваля. У многім на сітуацыю паўплывае тое, як людзі будуць выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Пакуль 70 працэнтаў насельніцтва не перахварэе, не выпрацуецца ўстойлівы калектыўны імунітэт. Пакуль жа мы павінны навучыцца існаваць у гэтых умовах.
Па матэрыялах абласных СМІ.