Хоць і адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч Малей сёлета 70-годдзе, пенсіянерам назваць яго не паварочваецца язык. Малады, ініцыятыўны, маючы мноства захапленняў, ён не сядзіць без справы, а ўсё, чым займаецца – сабе ў задавальненне. Жартуе: каб яшчэ жонка не ставіла ў прыклад П.Мажэйку, які з шасці раніцы нешта робіць… А дзячыць сёння за сваё бесклапотнае жыццё былому старшыні райвыканкама К.А.Пачэпку. Кажа, калі б у канцы дзевяностых яму выдзелілі ўчастак ля Ушачы пад фермерскую гаспадарку, і цяпер бы цягнуў гэты воз. Ну а зараз усё роўна займаецца любімым садаводствам, аднак у аматарскіх маштабах.
Міхаіл Уладзіміравіч перакананы, што “маё” і “наша” пасуецца дрэнна, таму і хацеў паралельна з гаспадаркай заняцца ўласнай справай. Саджанцы адна з фірм давала ў растэрміноўку, былі і аднадумцы, гатовыя чакаць дывідэндаў па выніках плоданашэння. Аднак аблюбаваную зямлю ўзяць у арэнду не атрымалася. Затое ўчастак пад будаўніцтва дома, а таксама і крэдыт аформіў, і вось ужо чвэрць века жыве ў гарпасёлку па вуліцы Кветкавай. “Калі на наваселле родных запрасіў, сустракаў іх ля гаргазу з гумавымі ботамі. Ну а зараз у нас усё цывільна”.
Таксама як і ля дома. Участак невялікі – 18 сотак, аднак умясцілася ўсё. Хлявы, саджалка на двух з суседам. Гараж, лазня, цяпліцы, агарод, сад. Дзіўна, аднак на гронках вісеў спелы ружовы вінаград і на яго не квапяцца птушкі. Грушы – заглядзенне – з кулак велікана, яблыні – абсыпаныя чырвонымі налітымі пладамі. Паводаль – міні-пітомнік. “У мяне толькі два сарты: “Заслаўскае” і “Спартак” – познія, сакавітыя. Іх і разводжу, зрэдку прадаю. Попыт слабы, аднак знаёмыя купляюць. Ведаюць, што калі не прыжывецца, я абавязкова замяню, хаця такога і не здаралася, ды і чысціню гатунку гарантую. Яшчэ бацька гэтым займаўся, жартаваў, што на бутэльку віна заўсёды будзе. У нас на Глыбоччыне садаводства і развядзенне саджанцаў шырока развіта”.
Многа спосабаў апрабаваў Міхаіл Уладзіміравіч, а спыніўся на прышчэпцы ў расшчэп. Дзічкі вырошчвае з семечак, высаджваць жа саджанцы раіць лепш восенню: зямля ўвільготненая, дрэўцу не трэба траціць сілы на рост, толькі на ўкараненне. І не прыкмеціў, як сад заняў амаль усе плошчы. І калі гэтым накірункам працягвае займацца, то вось падсобную гаспадарку ліквідаваў поўнасцю. “Зараз нават курэй трымаць нявыгадна, калі кармы купляць, а не вырошчваць. І двух быкоў гадаваў, траву штодня прывозіў, камбікорм набываў, ладных забілі, адразу здаецца, што капейчына, аднак калі падзяліў на дні догляду, атрымалася, што толькі на бохан хлеба ў дзень і зарабляў. Дык я ветурач, калі што здарыцца, сам выхаджу”.
На Ушаччыне М.У.Малей аказаўся па размеркаванні. Першым яго працоўным месцам быў калгас “Прагрэс”. Адтуль маладога спецыяліста ўзялі інструктарам райкама партыі, паралельна завочна скончыў інстытут, а ў трыццаць гадоў быў накіраваны ў саўгас імя Даватара. “Кузняй кадраў была наша дубраўская гаспадарка. Многія будучыя кіраўнікі там пачыналі: М.К.Ляшкевіч – галоўным аграномам, І.П.Дарошчанка – галоўным заатэхнікам, В.П.Цянюга – галоўным ветурачом. Землі там неўрадлівыя, да таго ж гліністыя ўзгоркі. Даводзілася эксперыментаваць. Першы сакратар райкама партыі Н.Гірса, памятаю, патрабуе выраўняць зямлю, абавязкова прайсціся баронамі. Я быў супраць: зямля моцна ўбівалася. І на адным участку зрабілі, як ён казаў, на другім – па-свойму: АКШ ды сеялку. “Вось бачыш, кажа ў жніўні, паказваючы на маё поле, якое жыта вырасла”. Многа залішняга, дробязнага кантролю было. Кармоў на статкі не хапала. І ў Казахстан ездзілі, і лугавіны касілі, і на востраў быкоў на лета на лодках адпраўлялі. Адтуль ледзь цягнулі за рогі, ды праўда, не ўсіх. Дзічэлі, не падысці. Ды і ваўкі аблюбавалі лёгкую здабычу, галоў пяць не далічваліся, так што хутка адмовіліся ад “дармавых” прываг. Калі пакідаў гаспадарку ў 1996 годзе, у нас было 600 гектараў чыстай канюшыны, не лічачы цімафееўкі. І мая задача была толькі пракантраляваць, каб сянаж ляжаў уволю, не ленаваліся падкладваць. А таму, што ў 1,5-2 разы павялічылі норму высеву. У нас праблемы з кадрамі існавалі і тады. На камбайны талковыя механізатары ісці не хацелі, бо клопату больш, а заробіш менш, чым на трактары. Я ж на змену старым “Нівам” прыгнаў адразу 4 “Доны”, а пасадзіць няма каго. Расцэнкі падымаць не давалі. Меркавалі мы з эканамістам і знайшлі варыянт стымулявання: за кожную намалочаную тону – 10 кілаграмаў камбайнеру. З таго дня нікога не кантраляваў. Наадварот, у людзей зацікаўленасць з’явілася. Калі зламаліся, самі рамонт арганізуюць, у іншую гаспадарку да знаёмых на асабістым транспарце з’ездзяць, пазычаць запчастку, калі ў нас няма, ноччу паставяць, каб раніцай за штурвалам быць. Ля Казейшчыны нагледзелі выспеўшы ячмень, папрасілі дазволіць пры святле фар убіраць – і малацілі. Н.Гірса з нарады з Віцебска ехаў, у прыклад іншым на наступны дзень ставіў. І кожны па 800 тон сабраў, ішлі роўна. Так што ўсё залежыць ад людзей, і вытворчасць, лічу, трэба падстройваць пад тых сумленных, што ёсць. Мне прыемна, што за 16 год майго кіравання саўгасам мы змаглі правесці водаправод ва ўсе населеныя пункты з колькасцю больш 10 чалавек, заасфальтаваць дарогі. Хаця многае зараз у вытворчасці рабіў бы па-іншаму”.
Міхаіл Уладзіміравіч жартуе, што добрым гаспадаром ён быў тады, у Дубраўцы. З цёмным выходзіў, з цёмным вяртаўся: нічога не бачыў – значыць усё ў парадку. Жывучы сярод азёр, на рыбалцы разы чатыры быў. А гэта яго любімае хобі, як і раней паляванне. Затое зараз ля дома пастаянна ёсць занятак. Напэўна, дрэнным гаспадаром стаў.
Вольга КАРАЛЕНКА.