Лесные поляны стали чище! Ушаччина присоединилась к республиканской акции «Чистый лес»

Общество

Амаль 4 тысячы кубаметраў смецця, больш за 2 тысячы ачышчаных участкаў і каля мільёна высаджаных дрэў. Такія вынікі рэспубліканскай акцыі Міністэрства лясной гаспадаркі “Чысты лес”, якая прайшла ў суботу. Да маштабнай уборкі падключыліся дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне, Ушаччына не стала выключэннем.

Традыцыйнай акцыі па навядзенні парадку ў лясным фондзе сёлета споўнілася 10 гадоў. Прыцягнуць увагу да неабходнасці беражлівых адносін да галоўнага прыроднага рэсурсу краіны – яе галоўная мэта. Як і летась, акцыя прысвячалася Году малой радзімы, а таму ўдзялялася ўвага не толькі добраўпарадкаванню ў лясах, а і месцам адпачынку, памятным аб’ектам.

“У нас кожны дзень “Чысты лес”! Ці можам мы прайсці міма, калі бачым смецце? Канечне не! Але ўсё роўна і падчас акцыі работа знойдзецца!” – адзначалі работнікі Ушацкага лясніцтва, якія прыступілі да ўборкі яшчэ напярэдадні, у пятніцу. Супрацоўнікі гэтага структурнага падраздзялення Ушацкага лясгаса як заўсёды прыбіралі не толькі лясныя паляны, а і дэндрапарк. Смецця тут практычна не было – парадак у аблюбаваным ушачанамі месцы падтрымліваецца пастаянна, таму ўдзельнікі ўбіралі сухія галіны з прылягаючай тэрыторыі, лісце, праполвалі альпійскія горкі. Не абмінулі ўвагай і зону адпачынку, якую ўшачане называюць “пянькамі”. Яна карыстаецца папулярнасцю, але, на жаль, не ўсе пакідаюць пасля сябе чысціню. Далучыліся да работнікаў лясніцтва тут і актывісты раённай арганізацыі БРСМ. Унеслі свой уклад у чысціню лесу і прадстаўнікі Ушацкага раёна газазабеспячэння, якія ліквідавалі на тэрыторыі прыгаданага лясніцтва несанкцыянаваную звалку.

– Лес – гэта багацце нашай краіны. Выхоўваць жа беражлівыя адносіны да прыроды трэба з дзяцінства. Лічу, калі грамадзяне ўдзельнічаюць у акцыі, яны бачаць, як няпроста наводзіць парадак у лесе, і разумеюць, як сябе паводзіць, каб такога не было. Згадзіцеся, што прыходзіць у чысты лес надзвычай прыемна, – адзначае галоўны ляснічы Ушацкага лясгаса А.М.Апёнак.

Кіпела работа ў суботу і ва ўсіх астатніх лясніцтвах. Напрыклад, у Вялікадолецкім і Касарскім ачышчалі ад захламленасці і смецця лясныя тэрыторыі, супрацоўнікі Плінскага і Глыбачанскага наводзілі парадак у месцах адпачынку на берагах Баравёнка і Крывога. На ўборцы ад смецця тэрыторыі ўздоўж аўтадарог рэспубліканскага значэння былі заняты прадстаўнікі Сарочынскага лясніцтва, а Кубліцкага – добраўпарадкоўвалі месца воінскага пахавання ў вёсцы Афераўшчына.

Ушацкі лясгас дзякуе ўсім, хто прыняў удзел у мерапрыемстве і ўнёс свой пасільны ўклад у добрую справу. Таксама работнікі лесу спадзяюцца, што ўсе, хто накіроўваецца ў зялёны масіў адпачываць, збіраць грыбы ці ягады, будзе пакідаць пасля сябе чыстыя паляны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *