Некалькі год таму, каб пад’ехаць улетку да Краснай Горкі, даводзілася пераадольваць сапраўдны тунэль, які ўтвараў баршчэўнік, шчыльна абступаўшы дарогу. Зараз сітуацыя змянілася. Як расказаў старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Віктаравіч Шаршнёў, нямала ў барацьбе з гэтым пустазеллем зроблена ў мінулым годзе, ды і сёлета хімічным спосабам, скошваннем яго знішчалі ў многіх населеных пунктах сельсавета – Рацькаве, Ляхаве, Загаваліне, Асінаўцы, Кавалеўшчыне, Двор Усвеі, Бярозаве, Красным і Краснай Горцы. Уносяць свой пасільны ўклад у годную справу і неабыякавыя грамадзяне, у прыватнасці, старэйшыны вёсак. Напрыклад, В.І.Дубоўскі, які 2 дні кіраваў работай касілкі ў Краснай Горцы.
– Я дакладна не скажу, колькі год на “пасадзе”, – усміхаецца Васіль Іванавіч, якога сустрэлі за справамі ля сядзібы. – Яшчэ пры Людміле Валянцінаўне Храмцовай мяне абралі. Грамадскі абавязак не ў цяжар – практычна пастаянна знаходжуся тут, на месцы. Разумею, што ў старшыні сельвыканкама хапае клопатаў, таму калі Віктар Віктаравіч патэлефанаваў і папрасіў пакамандаваць камунгасаўскай касілкай, ахвотна згадзіўся – зарастае кругом. Раней вяскоўцы маладзейшыя былі, гадавалі жывёлу, дык усё навокал выкошвалася. А зараз ужо колькі год кароўка толькі ў мяне.
Гаспадарку Васіль Іванавіч трымаў з самой маладосці. Пасля службы ў арміі ў Мінску год папрацаваў ў беларускай сталіцы на прадпрыемстве абарончага профілю. Успамінае, што зарплату на тыя часы атрымліваў вельмі годную, але цягнула на радзіму, ды і вытворчасць была шкодная. І ён вярнуўся ў Красную Горку, купіў дом непадалёку ад бацькоўскага. Працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве і зваршчыкам, і механізатарам, быў таксама конюхам, цялятнікам – няма, напэўна, такой сялянскай справы, якой бы Васіль Іванавіч не займаўся. Зараз жа ён аформлены па доглядзе за маці-інвалідам, жывы яшчэ і тата, які таксама цяжка хварэў. А набыты з гадамі вопыт і жыццёвую мудрасць прымяняе на ўласных падворку і сотках – калі пытаўся ў вяскоўцаў, як праехаць да В.І.Дубоўскага, пачуў у адказ: “Дом ладны, вялікі і многа ўсяго набудавана – адрыны, парнікі, тэхніка ў двары стаіць – не прамінеце!”
– Каня сёлета прадаў – цяжкавата ўжо на яго і карову сена рыхтаваць, – кажа старэйшына. – Тым больш што трактарок сам калісьці сабраў, матаблок набыў, гароды ёсць чым апрацоўваць. Свіней ужо няма, а вось курэй трымаю. А яшчэ пяць катоў і тры сабакі: люблю жыўнасць – хапае і нам з жонкай, і ім.
Маюцца ў гаспадарцы і некалькі сямей пчол, вялікі сад, дзе таксама трэба прыкладаць рукі. Увагу прыцягнула адна з яблынь, палова пладоў якой ужо абсыпалася, а на другой частцы налівалася сокам позняя антонаўка. “Я і трэці сорт на ствол прышчапіў, – расказвае Васіль Іванавіч. – Каранёвая сістэма ў вялікага дрэва моцная, таму ўжо на другі год на прышчэпе яблыкі былі, добра прыжыўся. Старыя сукі з часам можна будзе спілаваць, а дрэва застанецца з маладымі галінамі”.
Гаспадарскі падыход бачны ўсюды. У канцы гарода сёлета выкапана саджалка. Прычым, па прыкладзе старэйшыны зрабілі гэта і суседзі-дачнікі, якія ўвесь цёплы сезон праводзяць у Краснай Горцы. “Карасёў запусціў, хаця не дзеля рыбалкі капалі вадаёмы, бо возера паблізу, – тлумачыць В.І.Дубоўскі. – Проста вады ў студнях мала, на ўсе патрэбы не хапала. Зараз жа калодзежную выкарыстоўваем для прыгатавання ежы, пратапіць баню, а на паліў агародаў і жывёле – з саджалкі. Так і вырашылі праблему”.
З дачнікамі Васіль Іванавіч ладзіць і выкарыстоўвае іх магчымасці на агульную карысць. Напрыклад, непадалёк ад сядзібы старэйшыны выбоіны на ўчастку вясковай вуліцы засыпаны шчэбенем. “Гэта сусед-палачанін прывёз, ён на чыгунцы працуе”, – кажа В.І.Дубоўскі, які за станам дарогі сочыць, дзесьці і сам падсыпае, а на сур’ёзны рамонт накіроўвае заяўкі ў адпаведныя службы праз сельвыканкам. Вёска сваю назву атрымала не проста так – стаіць сапраўды на ўзвышшы, на горцы, вось ручаі і размываюць грунт. А слова “красны” ў нашых продкаў азначала “прыгожы” – мясціны навокал проста казачныя, а цішыня ў восеньскім паветры аж звініць. А яшчэ падумалася, што “красная” вёска і такімі гаспадарамі, як В.І.Дубоўскі, якія моцна пусцілі карані на роднай зямлі і трывала на ёй трымаюцца.
Дзмітрый Раманоўскі.