Наводим порядок

Общество

Якая яна, і з чаго пачынаецца? Вядома ж пра яе не можа быць і гаворкі, калі яшчэ на падыходзе да вытворчага памяшкання не прыбрана. Менавіта парадак ля ферм і майстэрань гаспадарак стаў асноўнай тэмай нашага рэйду.

З шашы на Улу ферма Хадакова КУСГП “Дубраўка” прыгожая – пабеленая, праглядаецца нават агароджа. Але… Калі павярнулі да яе, то адразу ж першае ўражанне пачало пакідаць нас – некалі асфальтаваны пад’езд сёння нішто іншае, як паласа перашкод для вадзіцеляў. А далей і таго горш: ад агароджы засталося некалькі разбітых пралётаў, рэшткі мінулагодняга корму з сянажных траншэй, калі іх рыхтавалі для закладкі сёлетняга ўраджаю траў, так і засталіся вакол невялікімі кучамі. Вось прымерзнуць яны цяпер, затым пакрыюцца снегам і быццам бы ўсё ў парадку, а вясной адагрэюцца, загніюцца і ператворацца ў бруд. Усё гэта можна было адначасова падбуртаваць, ачысціць тэрыторыю і ад саломы, якая таксама неахайна раскідана паўсюды. Гэта з фасаду, а з тыльнага боку зараснікі баршчэўніку, іншага пустазелля, зламаная і пакінутая прычапная тэхніка.

Нягледзячы на невялікую клумбу з кветкамі, склалася ўражанне закінутасці і нейкай безнадзейнасці.

Дадае песімізму і воданапорная вежа, ёмістасць яе, пэўна, даўно прахудзілася і вада пастаянна цячэ па цаглянай кладцы, вакол утварылася сапраўднае балота, нават трыснёг вырас.

І такая ферма ў раёне не адзінкавая, усё што пабачылі ў Хадакове адно да аднаго паўтараецца ў Селішчах.

Асаблівая тэма – баршчэўнік, ён ля ферм стаў сапраўдным рассаднікам і, калі з ім не змагацца, то паступова ён забірае ўсё новыя і новыя плошчы. А між тым іменна ля ферм ліквідаваць яго прасцей, бо там пастаянна бывае тэхніка, больш-менш роўныя пляцоўкі, што дае магчымасць рэгулярна скошваць яго.

Менавіта так робяць у КУСГП “Арэхаўна”, там парадак ля ферм можна паставіць у прыклад многім іншым гаспадаркам. Цялятнікі ў Чарсцвядах і Сорочыне, малочнатаварная ферма ў Слабадзе сёлета рэгулярна абкошваліся, а калі так будзе і ў наступныя гады, то пазбавяцца там ад гэтага пустазелля абавязкова.

Не тое, што ў Капылоўшчыне КУСГП “Кублічы”, дзе і самой фермы хутка не будзе бачна з-за баршчэўніку. Гадамі не адвозіўся гной ад Матырынскай фермы, пакрыўся ён быльнікам і таксама стаў пераносчыкам пустазелля.

Усе названыя фермы дзеючыя, а што тады казаць аб пакінутых памяшканнях і тэрыторыях вакол іх. Возьмем для прыкладу ў Лагах, Пліне, Красным – там баршчэўнік хутка будзе вышэй дахаў.

Асабліва прыкра глядзець на былыя майстэрні ў былых цэнтрах гаспадарак. Мосар, Новае Жыцце, Касары – там раней кіпела жыццё, а цяпер суцэльная разруха, усё закінута і разбіта, нібыта гаспадаркам, да якіх іх далучылі, нічога гэтага не патрэбна. І зноў тэрыторыі зарастаюць, бо прырода не церпіць пустаты. Гледзячы на ўсё гэта, міжволі думаеш, няўжо нічаму не навучымся і такі лёс чакае майстэрню ў Старым Сяле – былым цэнтры СВК “Старасельскі”.

Шкада не толькі раней укладзеных грошай, а і таго, што не дадаюць такія будынкі прыгажосці, а толькі навяваюць сум, сведчаць аб безгаспадарчасці, няўменні або нежаданні знайсці ім карыснае.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *