Вопреки всем жизненным обстоятельствам. За два года семья Фамичёвых с Ушач сделала из старого дома и усадьбы настоящий рай!

Общество

“Я чалавек незайздросны, але калі бачу дагледжаныя сядзібы, прыходжу ў замілаванне, паўстае пачуццё павагі да чалавека, схіляюся перад залатымі рукамі ўмельцаў. Калі набылі дом, па Ушачах спецыяльна ездзіў, глядзеў, якія ў людзей сядзібы, агароджы. Каб нечаму павучыцца, пераняць”, – дзеліцца сваёй жыццёвай пазіцыяй Уладзімір Фамічоў. А сёння ў тупік завулка Заводскага таксама наўмысна заязджаюць аўтамабілі, каб пазычыць ідэю ў новага гаспадара старога дома.

Нам жа наведаць гэты адрас параіў, як не дзіўна, чалавек, які пражыў у ім дзяцінства. “Такую прыгажосць там навялі за два гады, гэта трэба пабачыць”, – зусім без зайздрасці паведаміла Таццяна Іванюта, якая і зараз калі-нікалі завітвае ў бацькоўскі дом. Яна як ніхто ведае, якія там адбыліся перамены. Ну а Алена Мікалаеўна і Уладзімір Станіслававіч і самі здзіўляюцца, як удалося за такі кароткі час столькі зрабіць. Тым больш што пабочных работнікаў практычна не наймалі.

“Калі б мне сказалі памяняць кватэру на дом зараз, адмовіўся б. Бо не ўяўляў, у што ўвязваюся, – жартам і ўсур’ёз гаворыць гаспадар і тлумачыць. – Я не будаўнік, да гэтага часу рабіў рамонт толькі ў кватэры, а гэта не параўнаць. За многае браўся ўпершыню. Дом добры: драўляны, абкладзены цэглай, аднак унутры мы перарабілі ўсё, ад ганка да пеўня на даху, якога спецыяльна заказвалі вырабіць кавалю. Я і сам бы, напэўна, змог, але не так прафесійна і хутка, як Генадзь Карэйша.

У гэтым Уладзімір Фамічоў прынцыповы: навошта губляць час, пытацца спрабаваць, не маючы спецыяльнага інструмента, калі ёсць прафесіяналы, якія толькі гэтым і займаюцца. Хаця гледзячы на “інкруставаны” мангал з газавага балона ці мастацкую скрыню для смецця, разумееш, што звяртаецца да вузкіх прафесіяналаў сапраўды толькі дзеля эканоміі часу. А заказ каваных элементаў, як і замена даху, – выключныя выпадкі, калі не абышоўся без пабочнай дапамогі. Усё астатняе рабіў сам. Рукі ва Уладзіміра залатыя, і справіцца ён з любым заданнем, бо, па-першае, яму цікава вучыцца, а па-другое, проста не ўмее рабіць дрэнна.

У кастрычніку прадалі кватэру, а ў лютым пераехалі. Толькі гравію на тачцы па крутым ганку пяць машын перацягаў, робячы высыпку, перапланіроўку. Падымалі столь, пашыралі вокны. Потым па адным пакоі рабілі рамонт, жылі ў “палявых” умовах. Затое зараз гэта жыллё з усімі выгодамі, ваннай і туалетам, прасторнай кухняй, усё з густам. Пераехала сюды і ўся дабротная мэбля, праўда, над гэтым таксама давялося папацець. “Ні за што на нуль не выведзеш”, – казаў Уладзіміру сябра-будаўнік: калі ён рабіў сцяну ў прыхожай – крэн быў у 15 сантыметраў. І таму вельмі здзівіўся, як раўнютка ўпісалася насуперак яго прадказанням камода. Проста Уладзімір мае “нязносны” характар, які патрабуе ідэальнага выканання, таму і мянушку сярод сяброў атрымаў “міліметроўшчык”. Ну а Алена адабрае любыя яго пачынанні. Муж здзіўляецца: ”Адкуль ты ведаеш, як гэта будзе”. Яна ж пераканана: усё, што ён ні зробіць, будзе выдатным.

Дарэчы, так жа адносіцца да тварэнняў жонкі і Уладзімір. “Паглядзіце, як архідэі цвітуць, а які погляд у рысі, як жывыя”, – спецыяльна прыцягваў увагу да вышывак Алены, праводзячы па пакоях. А наогул яны ўсё выбіраюць разам. Ці шпалеры, ці рамку для вышытых карцін набываюць, толькі калі спадабалася абаім.

Пачала займацца гэтым жанчына, калі столькі год не працавала, даглядаючы хворага сына. Ну а зараз ахвотна асвойвае ландшафтны дызайн. Перавернутыя карэнні елкі сталі ідэальным падножжам для дэкаратыўнай хаткі, праз нізіну няроўнага двара выгінае спіну драўляны масток, ну а форму клумбы Алена Мікалаеўна мяняла некалькі разоў, як і перасаджвала асобныя кветкі, каб падабраць кампазіцыю. А першым, што з’явілася ў іх двары, былі шпакоўні. Тут, у цішы, сярод кустоў і яраў, у маі проста рай, як, дарэчы, і зараз.

Перабраліся з кватэры ў дом яны дзеля сына. Як і наогул прысвяцілі жыццё таму, каб Дзяніс не застаўся ў інваліднай калясцы. Масажы, аперацыі, па тры-чатыры разы на год наведванне рэабілітацыйнага цэнтра ў Брэсце, выкананне абсалютна ўсіх парад урачоў. Кіламетраж іх асабістага аўтамабіля перасягнуў мільённую адзнаку, бо неаднойчы, адвёзшы родных у Тулу ці Брэст, Уладзімір адразу вяртаўся ва Ушачы. Працуючы на аўталаўцы, таксама прасіў даць зону абслугоўвання паболей, паколькі шмат гадоў быў адзіным кармільцам у сям’і. Толькі нядаўна Алена Мікалаеўна ўладкавалася на работу ў дзіцячы сад, чаму вельмі рада.

Многія сем’і распадаюцца, не вытрымаўшы такога выпрабавання. У брэсцкім цэнтры каля 40 працэнтаў жанчын з дзецьмі-інвалідамі – адзінокія. Фамічовых гора толькі аб’яднала, а сям’я для Уладзіміра Станіслававіча заўсёды заставалася на першым плане. Дзяніс не ведаў іншага віду транспарту, акрамя аўтамабіля. Нават спецыяльна ў Санкт-Пецярбург на кансультацыю яго вазілі на цягніку, а ў Брэсце каталі па горадзе на тралейбусе, каб пашыраў кругагляд. Зараз юнак самастойна наведвае трэнажорную залу фізкультурна-аздараўленчага комплексу, удзельнік розных мерапрыемстваў аддзялення для інвалідаў, ездзіць па гарпасёлку на трохколавым веласіпедзе, сустракаецца з сябрамі, якіх у яго нямала. І па доме дапамагае, Алена Мікалаеўна спецыяльна даручае яму лушчэнне фасолі ці пераборку ягад, што “працуе” на дробную маторыку рук. Корміць ён і свайго чатырохлапага сябра. І менавіта Дзяніс пільна сочыць за тым, каб сям’я не забылася выпісаць газету “Патрыёт”. Ведаючы, калі пенсіі ў суседзяў, спецыяльна падпільноўвае паштальёна.

Я не апісала і паловы тых цікавых элементаў, якія ёсць на сядзібе Фамічовых. Канечне, можна праехаць да дома нумар 16 і паглядзець. Ну а каб пераняць асноўнае – іх жыццёвыя прынцыпы, стойкасць, працавітасць, падтрымку адзін аднаго – нікуды ехаць не трэба. Калі вам падасца, што нешта не па сілах – проста прыгадайце гэтую дружную і мужную сям’ю, якой, дарэчы, ніхто не дапамагаў матэрыяльна. Можаце пазычыць і “ўстаноўку” Алены Мікалаеўны – прыкмеціла, што яна часта кажа: ”Я ведаю, што ўсё будзе добра”. Інакш тады проста і быць не можа.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *