Калі ў работнікаў філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” ці былога ветсанутыльзавода спытаць, хто на прадпрыемстве самы вопытны работнік, кожны, ні на секунду не задумваючыся, адкажа: канечне Уладзімір Францавіч Байко. І адразу ж дадасць яшчэ шмат станоўчых слоў пра гэтага чалавека. Хоць і працуе ён тут вадзіцелем, аднак пра любы накірунак работы арганізацыі і працэс вытворчасці ведае без перабольшвання абсалютна ўсё.
Сёлета ў працоўнай біяграфіі мужчыны юбілейная дата – 35 гадоў на прадпрыемстве, а агульны вадзіцельскі стаж яго наогул ужо налічвае больш чатырох дзясяткаў гадоў!
А ў маладосці ўраджэнец Мінскай вобласці пра такі ўшацкі населены пункт нават і не ведаў. Атрымаўшы ў Свірскім вучылішчы правы вадзіцеля і трактарыста, адправіўся служыць у армію, там і напрацоўваў першыя навыкі кіравання аўто. А вярнуўшыся з войска, пайшоў працаваць на Мядзельскую птушкафабрыку. Тут У.Ф.Байко сустрэў сваю другую палавінку. Работа маладой сям’і падабалася, аднак востра стаяла жыллёвае пытанне. Таму было прынята рашэнне пераехаць на малую радзіму жонкі.
– У 1982 годзе ў Старым Сяле быў запушчаны ветсанутыльзавод. Менавіта сюды мы ўдваіх і ўладкаваліся. Вытворчасць набірала абароты, патрэбны былі работнікі, якім выдзялялі жыллё. У вёсцы якраз была пабудавана цэлая вуліца, якой далі назву Заводская. Адзін з катэджаў з усімі выгодамі мы і атрымалі, – прыгадвае У.Ф.Байко.
З першых дзён работы Уладзіміру Францавічу даверылі грузавы аўтамабіль, на якім ён дастаўляў на завод сыравіну – адыходы ад забою жывёлы. Паколькі гэта было адзінае такога кшталту прадпрыемства на Віцебшчыне, то практычна штодня даводзілася калясіць па ўсіх гарадах і раёнах вобласці. У 90-х ён перасеў на легкавое аўто і гэтак жа сумленна выконваў сваю работу.
У пачатку 2000-х гадоў ветсанутыльзавод пачаў прыходзіць у заняпад, і многія працаўнікі звальняліся, шукалі сабе больш прыбытковыя месцы работы. У.Ф.Байко заставаўся верны свайму прадпрыемству, нават калі яно ўжо перастала выпускаць прадукцыю і заставалася ўсяго некалькі чалавек.
Калі завод пасля нядоўгага перапынку набыў новага гаспадара – ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, мужчына быў у першых радах тых, хто аднаўляў яго дзейнасць.
У цяперашні час ён з’яўляецца вадзіцелем легкавога аўтамабіля, але пры неабходнасці замяняе і вадзіцеляў грузавікоў, якія дастаўляюць сыравіну з прадпрыемстваў холдынгу “Славянскі Вялес”. Сёння геаграфія паездак таксама даволі шырокая – Мінск, Віцебск, Полацк, Шуміліна і іншыя гарады.
Нельга не адзначыць, што замацаваная за Уладзімірам Францавічам тэхніка заўсёды ў ідэальным стане. Калі і здараюцца рэдкія паломкі, то з імі ён спраўляецца лёгка. “Сакрэт просты – не чакаць, калі штосьці выйдзе са строю, а пастаянна сачыць за спраўнасцю дэталяў, вузлоў і прадухіляць паломкі, – адзначае мужчына. – Некаторыя знаёмыя аўтамабілісты кажуць: едзе – і добра, як зламаецца – тады і стану на рамонт, радыё грамчэй зрабі і не слухай, дзе што гудзе і грукоча. Аднак такі падыход, канечне, не для мяне!”
Ён не толькі старанны работнік, а і выдатны гаспадар, клапатлівы муж, бацька і дзядуля. Ці то рамонт у доме, ці то справы на прысядзібным участку ён заўсёды робіць сам. А яшчэ мужчына вельмі добразычлівы чалавек, душа любой кампаніі. Дарэчы, са сваёй жонкай Таццянай Іванаўнай яны і зараз працуюць разам на заводзе.
Не злічыць, колькі за сваю працоўную дзейнасць ён праехаў кіламетраў, за плячыма – сотні тысяч дарог. І з упэўненасцю можна сказаць, што ў сённяшніх выніках філіяла “Ушацкі”, які з’яўляецца моцным прамысловым прадпрыемствам Ушаччыны, безумоўна, ёсць важкі ўклад гэтага стараннага чалавека.
Вольга КАМАРКОВА.