Земля в частную собственность

Общество

Спрэчкі вакол таго, можна выкупіць зямлю ў прыватную уласнасць або не, можна пачуць і сёння, хоць права такое існуе ўжо даўно – з 1993 года для грамадзян (для абслугоўвання жылога дома, садаводства, дачнага будаўніцтва, вядзення асабістай гаспадаркі), з 1998 – і для юрыдычных асоб. З гэтага часу ў нас у раёне ім скарысталіся толькі 258 чалавек. Так, зямля, на якой знаходзіцца дом, перадаецца ў пажыццёвую спадчыну, таму і не спяшаюцца людзі мяняць форму ўласнасці. Аднак многія лічаць спакайнейшым, калі ўчастак усё ж выкуплены, толькі тады адчуваюць сябе гаспадаром. Пра тое, хто можа стаць прыватнікам на зямлі Беларусі і ці ўсе ўчасткі прадаюцца – наша размова.

Права выкупіць зямлю маюць не толькі грамадзяне Беларусі, але са студзеня 2008 года нават замежныя прыватныя юрыдычныя асобы, калі яны з’яўляюцца рэзідэнтамі. Недзяржаўныя юрыдычныя асобы могуць выкупіць зямлю толькі праз аўкцыён. Калі іншых прэтэндэнтаў на ўчастак няма, то зямля прадаецца па пачатковым кошце. З цягам часу зямлю можна прадаць па кошце, не ніжэй за кадастравы, гэта азначае, што ў любым выпадку бізнесмен нічога не губляе.Без правядзення аўкцыёну прадаецца зямля, калі юрыдычная асоба ўжо валодае маёмасцю, напрыклад, займаецца бізнесам, і жадае выкупіць зямлю, на якой яна знаходзіцца. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт, падаць заяўку, якая будзе разгледжана на працягу месяца. Зямля ў такім выпадку прадаецца на падставе кадастравага кошту. Дарэчы, кадастравы кошт зямлі пераглядаецца раз у пяць гадоў і, як правіла, у бок павелічэння. І самая прывабная цана на зямлю сёння ў такіх населеных пунктах, як наш, у дадатак ільготы, якія прадстаўляцца юрыдычным асобам для развіцця вытворчасці.

Аднак не ўся зямля прадаецца. Нельга выкупіць землі сельскагаспадарчага, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культурнага прызначэння, ляснога і воднага фонду, землі пад дарогамі і транспартнымі камунікацыямі, а таксама агульнага карыстання (гандаль, сэрвіс). Таксама не перадаюцца ў прыватную маёмасць зямельныя ўчасткі, на якіх знаходзяцца аб’екты нерухомасці толькі дзяржаўнай уласнасці, на тэрыторыях, якія падвергліся радыяцыйнаму забруджванню, на плошчах залягання зямельных выкапняў, а таксама там, дзе згодна з генеральным планам забудовы землі прадугледжаны для іншага прызначэння.

Калі ў чытачоў паўстануць пытанні, больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па нумары 2-15-35.

Л.АНДРЭЙЧЫК,

намеснік начальніка землеўпарадкавальнай службы Ушацкага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *